1995- 19 жніўня, забастоўка работнікаў менскага метрапалітэна супраць парушэнняў кіраўніцтвам працоўнага заканадаўства, памяншэння і затрымкі заробкаў. Улада жорстка расправілася з рабочымі. 68 чалавек былі звольненыя і на працягу гадоў не маглі ўладкавацца на працу. На цягніках метро яны былі замененыя запрошанымі з Масквы штрэйбрэхерамі і малавопытнымі машыністамі з беларускай чугункі.
1996- 24 сакавіка, масавыя акцыі святкавання ўгодкаў БНР. У Менску ў шэсьці ўдзельнічалі каля 30 тысяч чалавек. Супраць удзельнікаў свята быў кінуты спецназ, было арыштавана болей за 30 чалавек. На пр. Скарыны міліцыя, амап, спецназ ўчынілі пабоішча, збівалі жанчын, білі людзей дубінкамі па галаве, без суда трымалі людзей у зняволенні.
1996- 2 красавіка, масавыя акцыі пратэсту супроць падпісання Лукашэнкам дамовы з Масквой пра ўтварэнне так званай «Супольнасці Расеі і Беларусі». У шэсьці пратэсту ўдзельнічалі 30 тысяч чалавек.
1996- 5 красавіка, арышт органамі КДБ паэта Славаміра Адамовіча за апублікаваны ў газеце «Выбар» верш «Убей президента», які ўлада прачытала як заклік да тэракту. Правёў у вязніцы КДБ 9 месяцаў, трымаў сухую галадоўку.
1996- 26 красавіка, болей за 50 тысяч чалавек адзначылі шэсьцем у Менску 10-я ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы. Улады кінулі на падаўленне «Чарнобыльскага шляху» спецназ, армейскія падраздзяленні, запрошаныя расейскія аддзелы амапу. Адбыліся жорсткія сутычкі, шмат людзей параненыя. Арыштавана болей за 200 чалавек.
1996- 28 красавіка, арыштаваныя дзеячы апазіцыі, лідэры БНФ Ю.Хадыка і Ў.Сіўчык пачалі ў турме галадоўку пратэсту супраць беззаконня. Галадоўка працягвалася 20 дзён.
1996- 30 траўня, у Менску на пр. Скарыны ў пікеты салідарнасці з палітвязнямі выйшла каля 5 тысяч чалавек. На пікетчыкаў абрынулі міліцэйскі спецназ. Схоплена болей за 100 чалавек. Мноства людзей жорстка збітыя і асуджаныя. Намеснік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч асуджаны на 10 сутак зняволення. У турэмнай камеры трымаў галадоўку пратэсту.
1996- 14 чэрвеня, ноччу міліцыянты з аховы прэзідэнта абстралялі машыну дэпутата ВС Віктара Ганчара. Была цяжка параненая сакратарка дэпутата.
1996- верасень, закрыццё ўладамі ўплывовай і папулярнай сярод моладзі апазіцыйнай радыёстанцыі «101,2» напярэдадні ініцыянаванага А.Лукашэнкам рэферэндума аб змене Канстытуцыі.
1996- 21 лістапада, 90 дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь паставілі подпісы пад Зваротам аб імпічменце прэзідэнту Лукашэнку. Зварот перададзены ў Канстытуцыйны Суд. Лёс прэзідэнцтва А.Лукашэнкі завіс на валаску. У Менск ратаваць Лукашэнку прыбылі самалётам з Масквы прэм'ер Чарнамырдзін і старшыні абедзьвух палатаў расейскага парламента Строеў і Селязнёў. Перамовы з імі вёў старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі. Ранкам 22 лістапада ён здаўся і падпісаў такое пагадненне, якое развязала рукі Лукашэнку. Усе намаганні пра імпічмент пайшлі дымам. Здрада Шарэцкага адгукнулася імклівым станаўленнем дыктатуры А.Лукашэнкі.
1996- 24 лістапада, прыняцце на рэферэндуме паправак да Канстытуцыі Беларусі. Абапіраючыся на змены ў Канстытуцыі, прэзідэнт А.Лукашэнка без правядзення выбараў ці спецыяльнага пытання на рэферэндуме ўзурпаваў прэзідэнцкія паўнамоцтвы на 2 гады ў дадатак да 5-гадовага афіцыйнага тэрміну.
1996- 24 снежня, пасля 12 сутак галадоўкі ў камеры турмы быў вызвалены старшыня Сацыял-Дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Мікола Статкевіч, асуджаны за арганізацыю шэсьця.
1997- 14 студзеня, арышт і 10-месячнае зняволенне ва ўнутраным следчым ізалятары КДБ старшыні Нацыянальнага банка Беларусі Тамары Віннікавай. 7 лістапада па стану здароўя пераведзена пад дамашні арышт пры знаходжанні ў кватэры супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай аховы. Знаходзілася пад няспынным даглядам спецслужбы да 8 красавіка 1999 года, калі здолела таямніча знікнуць з тэрыторыі Беларусі. Атрымала статус палітычнага ўцекача ў Ангельшчыне.
1997- 4 жніўня, дэпутат Вярхоўнага Савета Ўладзімір Кудзінаў асуджаны Барысаўскім судом на 7 гадоў пазбаўлення волі па крымінальным абвінавачванні. На справе - за тое, што паставіў подпіс пад Зваротам аб імпічменце прэзідэнту Лукашэнку.
1997- 24 верасня, дэпутат ВС, праваабаронца Валеры Шчукін пакараны штрафам за праабарончую дзейнасць на 1092 долара. За тры гады ўлады наклалі на праваабаронцу 3725 долараў штрафу, плануючы зламаць волю галечай. Шчукін адбыў за кратамі 135 сутак, а летам 2001 года быў кінуты ў Жодзінскі СІЗА на тры месяцы.
Читать дальше