Я працягнуў руку.
– Слова гонару, я таксама рады нарэшце бачыць жывую душу. Я ўжо пачаў думаць, быццам гэта ўсё закінутыя дэкарацыі нейкага дзіўнага фільма, дзе няма нікога. Вы першы чалавек, якога я сустрэў на Роса.
Хлопец адказаў на поціск рукі з вялікім энтузіязмам.
– Мяне завуць Марка Карас, я адказваю за маніторынг усіх сістэм электразабеспячэння комплексу. Вы не сустрэлі тут пакуль людзей проста таму, што іх яшчэ вельмі мала. Аднак мы ўсе спадзяемся, што з вашай дапамогай нас стане значна больш.
Гор перапыніў яго.
– Марка, скажыце, як ідуць работы на рэактары?
– Стэларатар ужо гатовы да фінальных выпрабаванняў, Тамім. Хутка мы яго запусцім і прымусім прапрацаваць ў тэставым рэжыме чатыры гадзiны.
– Калі?
– Прафесар Клаўс разлічвае зрабіць гэта праз два тыдні.
– Пры паспяховых выпрабаваннях калі мы зможам запусціць рэактар на поўную магутнасць?
– Думаю, для гэтага спатрэбіцца яшчэ чатыры месяцы. Хоць лепш вам пагаварыць пра гэта з прафесарам Клаўсам. Хочаце, я пазваню, каб ён падняўся да нас?
– Не, не варта яго адрываць. Крыху пазней мы самі спусцімся да яго.
Я падняў рукі.
– Пачакайце-пачакайце, вы сказалі стэларатар? Я правільна пачуў?
– Хіба Тамім не расказаў вам?
– Не, ён усяго толькі згадаў, што на выспе пабудавана станцыя, здольная генерыраваць чыстую энергію ў велізарных маштабах – і ўсё. Ён спаслаўся на тое, што хоча ўсё расказаць мне потым.
Гор скрывіўся.
– Ну вось хто вас цягнуў за язык, Марка? Праз гадзіну Клаўс сам раскрыў бы ўсе карты.
Марка ўсім сваім выглядам выказваў шкадаванне.
– Прабачце, Тамім. Шчыра кажучы, я не разлічваў, што доктар Глінскі – выбачайце, Якуб, што сумняваўся ў вас – будучы спецыялістам выключна гуманітарнага профілю, ведае значэнне тэрміна «стэларатар».
– Я стараюся цікавіцца тым, што адбываецца ў свеце, Марка, – я ветліва нахіліў галаву.
– Так, сапраўды, мы распрацавалі унікальную ўстаноўку кіраванага тэрмаядзернага сінтэзу, якая працуе на вадародным паліве. Гэта маленькае сонца, якое дапаможа выпрацоўваць велізарную колькасць энергіі пры мінімальных выдатках і нулявым уздзеянні на атмасферу.
– І вы вырашылі пытанне з устойлівасцю ядра?!
– Так, доктар Глінскі. Аднак, каб не наклікаць на сябе далейшы гнеў Таміма, я хацеў бы, каб усю астатнюю інфармацыю вам паведаміў прафесар Клаўс.
– Хадзем ад гэтага балбатуна, Якуб, – Гор узяў мяне пад руку і пацягнуў да выхаду.
Марка застаўся стаяць з засмучаным тварам.
– Не, праўда, Тамім, вы стварылі ўстойлівы стэларатар? Але як? Наколькі я памятаю, самыя ўдалыя эксперыменты абмяжоўваліся падтрыманнем раўнаважкага стану плазмы не больш за чвэрць секунды!
– Гэта ўсё заслуга прафесара Клаўса. Ён працаваў на нямецкім рэактары ў Грайфсвальдзе і там распрацаваў метад, які дазволіў стабілізаваць плазму як заўгодна доўга. Мы своечасова перавабілі яго да нас, і цяпер першы такі рэактар, які дае практычныя вынікі, запрацуе ў нас.
– Але…
– Якуб, вы задасце свае пытанні Клаўсу, ён зможа больш кампетэнтна адказаць вам. Я ж не спецыяліст і ведаю пра гэтыя рэактары толькі крыху больш, чым вы. Давайце лепш пройдзем далей.
Я змоўк і пайшоў за Горам, які адкрываў новыя і новыя памяшканні, даючы мне зазіраць у іх. Дзесьці працавалі людзі, якіх араб прадстаўляў мне, аднак я быў нібы ў тумане, пераварваючы інфармацыю аб рэактары. Я ветліва ківаў галавой і паціскаў рукі, не запамінаючы імёнаў, і мы ішлі далей.
Прыкладна на сярэдзіне калідора Тамім спыніўся і сказаў мне:
– Тут размешчаны ваш кабінет, Якуб, – ён адчыніў дзверы і прапусціў мяне наперад.
Я зазірнуў унутр.
Памяшканне было невялікае, што цалкам адпавядала маім уяўленням пра аптымальную працоўную прастору. Тут размяшчалася зручнае скураное крэсла, стандартны стол з манаблокам на ім – і больш нічога.
– У дальняй сцяне ёсць патайныя дзверы, якія вядуць у пакой для адпачынку. Там вы можаце прылегчы і задрамаць ці проста папрацаваць лежачы. Акрамя таго, за гэтымі дзвярыма размяшчаюцца прыбіральня і душ. У тропіках гэта проста неабходна, нават калі вы працуеце ў памяшканнях, дзе паветра ачышчаецца і кандыцыянуецца. У пакоі адпачынку ёсць планшэт, які сінхранізаваны з вашым кампутарам у кабінеце і ў доме на паверхні. Акрамя гэтага, вы, як і кожны ўдзельнік праекта, атрымаеце яшчэ адзін, з якім я раю не расставацца, каб увесь час быць на сувязі і атрымліваць самую свежую інфармацыю. Адкрыццё патаемных дзвярэй адбываецца пасля счытвання адбіткаў пальцаў на вось гэтай сэнсарнай панэлі. Вам дастаткова прыкласці руку, вось так – і дзверы адчыняцца. Па такім жа прынцыпе ўладкаваныя яшчэ некалькі патаемных памяшканняў на тэрыторыі комплекса, у асноўным гэта дата-цэнтры, дзе захоўваецца найбольш важная інфармацыя. Акрамя таго, мы рэалізавалі яшчэ адну ідэю, якая, як мне здаецца, спадабаецца вам, Якуб.
Читать дальше