– У мяне толькі адно пытанне, прафесар.
– З задавальненнем адкажу на яго.
– Вы ўвесь час кажаце пра тое, што гэтыя рэактары надзейныя і бяспечныя, але што будзе ў выпадку аварыі? Іншымі словамі, ці не стане такая машына прыладай Суднага дня?
Клаўс усміхнуўся зноў, але ўсмешка была ўжо іншая.
– Скажам так, я спадзяюся на гэта, Якуб.
– Вы спадзяецеся? Мяркую, гэта была іронія?
– Я хачу, каб вы зразумелі адну рэч. Вынаходніцтва кола пацягнула за сабой велізарную колькасць смярцей у выніку аўтамабільных аварый. Калі такая простая штука ўгробіла сотні людзей, хаця закліканая была дапамагаць ім, што ж адбудзецца ў выпадку аварыі на самым складаным у тэхналагічным плане рэактары свету? Атамная станцыя Фукусімы была надзвычай перадавой для свайго часу, і, тым не менш, аварыя на ёй стала страшнай катастрофай. Усе мы людзі, а чалавеку ўласціва памыляцца. Я магу сказаць адно: на сённяшні дзень ні адна распрацоўка ў свеце не забяспечвае нам настолькі чыстую, танную і пры гэтым надзейную энергію. Гэта я гарантую. Як і тое, што я і мая каманда зможам давесці яе да дасканаласці. Я не хачу браць на сябе функцыі Госпада Бога і ручацца за ўсё на свеце (і ні адзін чалавек на зямлі не мае права гэтага рабіць), але я магу з упэўненасцю сказаць, што лепш чалавецтва пакуль не прыдумала. Думаю, у будучыні мы зможам вынайсці нешта надзейнае на сто адсоткаў, аднак гэтага ніколі не адбудзецца, калі не прайсці ўсе прыступкі навуковай эвалюцыі, і вось гэты самы рэактар і з’яўляецца такой прыступкай, прычым адной з самых важных і блізкіх да мэты. Спадзяюся, я змог максімальна адкрыта адказаць на ваша пытанне.
– Цалкам, прафесар, – я з задавальненнем паціснуў руку старога.
– Цяпер мы заканчваем выпрабаванні. Мы прайшлі ўсе стадыі ад працы з плазмай гелію, да раўнаважкага ўтрымання плазмы вадароду на працягу гадзіны. Гэта значыць, што да моманту, калі свет пачне імкліва змяняцца, засталося не больш за паўгода, хоць большасць лабараторый і вучоных свету разлічваюць зрабіць гэта толькі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Хочаце, я правяду для вас невялікую экскурсію, і распавяду падрабязней пра нашу устаноўку?
– З задавальненнем прымаю вашу прапанову, прафесар.
– Прабачце мне, – умяшаўся Гор, які да гэтага стаяў моўчкі. – Вам давядзецца адкласці экскурсію, прафесар.
– Чаму ж?
Араб прадэманстраваў Клаўсу нешта на экране планшэта.
– Доктар Глінскі мусіць прайсці ў залу Асамблеі.
Я здзіўлена паглядзеў на Гора.
– Даніял просіць вас правесці сустрэчу з ім зараз.
– Вы ж казалі, што ў нас будзе час аглядзець увесь бункер?
– Якуб, каб агледзець увесь бункер у вас могуць сысці тыдні. Я казаў толькі пра самыя важныя вузлы. Аднак я паднявольны чалавек, і мне даручана перадаць вам гэтую просьбу. Заўважце, гэта менавіта просьба. Я не магу ведаць матываў майго гаспадара, якімі ён кіраваўся, калі вырашыў наблізіць момант вашай з ім размовы, я толькі перадаю вам яго пажаданне.
– Добра, Тамім. Пойдзем. Калі ласка, прабачце мне, прафесар. Я абяцаю, што вярнуся да вас як толькі змагу.
Клаўс выглядаў засмучаным.
– Што ж, я спадзяюся, у нас будзе шмат часу, каб я змог вам падрабязней распавесці пра наш рэактар. Прашу вас, Якуб, вы можаце зазірнуць да мяне ў госці ў любы час, гэта тычыцца не толькі лабараторыі, але і майго жытла. Наколькі я ведаю, Тамім прапанаваў вам катэдж побач з маім. Я ўжо паспеў злёгку абжыцца і цяпер з радасцю гатовы прымаць гасцей.
Абавязкова зайду да вас.
Я паціснуў руку Клаўсу і развітаўся з яго калегамі, з якімі так і не паспеў нават павітацца. Мы з Горам вярнуліся ў шахту ліфта.
Араб скамандаваў: «Хол», – і шкло зноў страціла празрыстасць.
– Прабачце мяне, Якуб, за сумбурнасць нашай праграмы. Паверце, я хацеў бы, каб усё было значна больш упарадкавана. У вас, зрэшты, будзе дастаткова часу, каб аглядзець увесь бункер цалкам і азнаёміцца з некаторымі ўжо запушчанымі праектамі. Верагодна, у майго гаспадара былі важкія падставы для падобнай просьбы, інакш ён не стаў бы адрываць вас.
– Кіньце, Тамім, не трэба апраўданняў. Нічога страшнага не здарылася. Мне будзе надзвычай цікава пагаварыць з вашым гаспадаром і выслухаць усё, што ён хоча мне сказаць.
– Рады гэта чуць. Прашу вас, – Гор прапусціў мяне наперад, і я выйшаў з платформы на светлы мармур хола, адкуль пачынаў знаёмства з «бункерам суднага дня».
Гор накіраваўся наўпрост да шырокіх дзвярэй у далёкай сцяне, пра якія я пытаўся ў яго дзве гадзіны таму.
Читать дальше