– Што за тымі дзвярыма? – спытаў я.
– Зала Асамблеі, пра якую я казаў вам, – адазваўся Гор.
– Дазволіце зірнуць на яе?
– Трохі пазней, Якуб. Зараз я хацеў бы правесці вас па ўсім комплексе, а экскурсію мы скончым менавіта там. Давайце пройдзем па адным з гэтых калідораў. Яны утвараюць замкнёную канструкцыю. Там размешчаны рабочыя і адміністрацыйныя памяшканні, залы для нарад і адпачынку.
Мы прайшлі ў левы калідор.
– Тамім, а дзе ўсе? Я не бачыў людзей з таго часу, як мы прыбылі на Роса – ні ў вёсцы, ні тут. Бо тут ужо зараз, па вашых словах, працуе шмат народу.
– Усе яны на аб’ектах – у лабараторыях, на станцыі ачысткі вады, на рэактары і ў залах кіравання сістэмамі. Вы будзеце паступова знаёміцца з імі. Акрамя таго, я хачу, каб вы разумелі, што ў нас тут няма такой з’явы, як «працоўны дзень»: людзі дамаўляюцца ўнутры сваёй каманды аб тым, калі яны будуць працаваць разам на аб’екце, а калі аддалена – з вёскі на паверхні альбо ўвогуле з іншай кропкі зямнога шара. Безумоўна, ёсць аб’екты, прысутнасць на якіх неабходная пастаянна (як, напрыклад, наш рэактар), але гэта не значыць, што ўся каманда не павінна вылазіць за дзверы лабараторыі.
Мы выйшлі ў калідор, і я ў чарговы раз абамлеў.
Асвятленне тут было на сценах, насупраць незлічоных дзвярэй у працоўныя кабінеты, а вось столь… яе фактычна не было: замест яе быў змантаваны велізарны акварыум, уладкаваны так, што чалавек унізе не бачыў ні яго сценак, ні верху, быццам знаходзіўся на дне акіяна. Зверху акварыум мякка падсвятляўся, нібы праз тоўшчу вады прабіваліся сонечныя прамяні, а ў вадзе жылі сваім жыццём прадстаўнікі мясцовага падводнага свету – рыбы самых неверагодных колераў і адценняў, медузы і, вядома, марскія чарапахі.
– Ну ні халеры ж сабе! – выдыхнуў я.
Гор задаволена ўсміхнуўся.
– Вам падабаецца? Па вялікім рахунку, гэта свайго роду метад рэлаксацыі. Колькі б мы ні стараліся палепшыць атмасферу і самаадчуванне людзей тут за кошт лямп дзённага святла, рэкуперацыі паветра і іншых даброт тэхнікі, гэта ўсё-ткі нара пад зямлёй і доўгае знаходжанне ў ёй прыгнятае. Улічваючы тое, што мы не можам прасекчы натуральны доступ на паверхню, мы прынялі іншае рашэнне, значна больш цікавае: мы змайстравалі тут сапраўдны акіянарыум. Тут прадстаўлена большасць відаў, якія жывуць у мясцовых водах, за выключэннем, зразумела, самых буйных, хоць тут жыве нават некалькі асобін карлікавых акул. Акрамя таго тут высаджаны цэлыя калоніі каралаў, якія ствараюць сапраўды неверагодную карціну.
– Акварыум размешчаны выключна над калідорам?
– Не, што вы. Па-першае, гэта было б непрактычна, а па-другое, мы проста загубілі б яго насельнікаў, даўшы ім так мала жыццёвай прасторы. Такая ж столь размешчана ва ўсіх памяшканнях па перыметры за гэтымі самымі дзвярыма. Гэта зручна, і, галоўнае, у такім інтэр’еры вельмі прыемна і камфортна працаваць людзям. Шкада толькі, што мы не можам сканструяваць такую столь на ўсіх узроўнях, хоць, забягаючы наперад, мы пастараліся прыдумаць яшчэ шмат такіх хітрыкаў, якія дазвалялі б людзям не адчуваць сябе нібы ў падземнай турме.
Гор штурхнуў першыя дзверы ад сябе. За імі аказалася нешта накшталт пультавой з размешчанымі там кампутарамі, велізарнай інтэрактыўнай панэллю на ўсю сцяну, на якую была выведзена маніторынгавая схема электразабеспячэння комплексу, нейкімі незразумелымі мне прыладамі і прыстасаваннямі. Што тычыцца столі, яна, як і сказаў Гор, была працягам акварыума. Мяркуючы па ўсім, акварыум быў суцэльны і перагародак, якія падзяляюць памяшканні пад ім, там не было.
– Гэта наш цэнтр кіравання энергазабеспячэннем архіпелага. Зараз ён працуе ў тэставым рэжыме і проста адсочвае памылкі і няспраўнасці сістэмы, аднак калі мы запусцім рэактар… Марка! Марка!
У далёкім куце памяшкання з-за перагародкі, якая хавала працоўнае месца спецыяліста, выглянула кучаравая галава. Секунду на нас глядзелі з непаразуменнем, а затым раптам рукі паспешліва сарвалі з галавы навушнікі, і на ногі ускочыў малады цемнаскуры хлопец.
Ён хуткім крокам падышоў да нас.
– Тамім, гэта вы? Навошта вы палохаеце мяне?
Гор зарагатаў.
– Вы што, заснулі, Марка?
– Скажаце яшчэ. Я вырашыў перакусіць і крыху адпачыць. Для мяне работы пакуль усё роўна няшмат.
– Пачакайце, хутка ў вас яе будзе больш чым дастаткова. Гэта доктар Глінскі, дазвольце вам яго афіцыйна прадставіць.
– Вы Якуб Глінскі? Вы нават не можаце сабе ўявіць, як я рады вас бачыць. Гор прагудзеў нам усе вушы пра вас!
Читать дальше