Тэрыторыя была разбіта расліннасцю і дарожнай сеткай у правільным парадку на некалькі соцень участкаў – такім чынам планіроўка была падрыхтаваная да ўзвядзення наземнай інфраструктуры.
Па абодва бакі ад уезду на плато ўжо ўзвышаліся аднаўзроўневыя прыемныя домікі-катэджы, падобныя адзін да аднаго сваёй планіроўкай і аздабленнем. Яны размяшчаліся на дастатковай адлегласці, падзеленыя сімвалічнымі дэкаратыўнымі платамі. Уздоўж асфальтавага пакрыцця побач з домікамі нават былі пракладзены тратуарныя і веласіпедныя дарожкі. Гор павярнуў направа і паехаў уздоўж будынкаў. Каля крайняга ён спыніўся.
– Гэта ваш, Якуб. Мы падумалі, што вам будзе тут утульна. Зрэшты, калі захочаце, вы заўсёды зможаце памяняць яго на любы з пустуючых катэджаў ці нават на пакой у жылой частцы бункера, хоць я асабіста не разумею, навошта лезці пад зямлю, калі наверсе такая прыгажосць.
Я адчыніў дзверы машыны і выйшаў вонкі. Перада мной быў нізенькі плот і адносна высокая арка разьбяных варот, падобных да тых, якія я прывык бачыць у вестэрнах на ўваходзе ў карчму. На ўзроўні вачэй размяшчалася бронзавая таблічка, на якой былі выгравіраваны словы:
«Доктар Якуб Глінскі»
Я штурхнуў створкі і прайшоў унутр. Перад маімі вачыма паўстаў прастакутны па плане катэдж белага колеру, крыты незнаёмым мне матэрыялам складанай, але аптымальнай для водаадвядзення канфігурацыі.
Унутр вялі шкляныя дзверы з ледзь прыкметным рыгельным замком, размешчаным усярэдзіне акуратнай пластыкавай ручкі. Уздоўж фасада размяшчаліся тры вялікія вокны, вадасцёкі над імі былі вельмі шырокія, яны ўпіваліся ў зямлю, мабыць, сілкуючы спецыфічную ліўнёўку ніжэй ўзроўня фундамента.
Ад плота да дома цягнулася выбрукаваная светлым каменем роўная дарожка, яна ж апярэзвала дом па перыметры і разыходзілася ад яго радыяльнымі прамянямі ў бакі, падзяляючы ўчастак на сектары. То тут, то там размяшчаліся драўляныя лаўкі і столікі, была нават змантаваная качалка, на якую можна было прылегчы і адпачываць, схаваўшыся ад сонца пад шырокім тэнтам. Па абодва бакі ад яе раслі дзве ўсюдыісныя какосавыя пальмы, яшчэ некалькі штук было пасаджана (ці пакінута пры высечцы?) у іншых месцах.
– У доме ёсць усё для камфортнага пражывання, – ззаду прагучаў голас Гора. – Ад набору неабходных прадуктаў у лядоўні да некалькіх камплектаў адзення. Зойдзеце?
– У нас ёсць час на гэта?
– Так, мы можам дазволіць сабе правесці паўгадзіны тут.
Я штурхнуў дзверы. Яны мякка адчыніліся, і я прайшоў у дом.
– Катэджы невялікія. Яны ўмоўна падзелены на некалькі пакояў: спальня, кухня-студыя, сумешчаная з гасцінай, рабочы кабінет, гардэробная і санвузел. З пярэдняга пакоя вы можаце патрапіць у любую частку дома. Акрамя таго, усе пакоі спалучаюцца праходамі. Планіроўка такая, што са спальні, гасцінай і кабінета вашы вокны будуць выходзіць на акіян. Мне здаецца, гэта вельмі прыгожае відовішча. У кабінеце ўсталяваны кампутар, за якім вы можаце не толькі працаваць, але і кіраваць домам і сваімі заказамі для абслуговага персаналу. Дадаткова ў кожным пакоі знаходзіцца па планшэце, якія дазваляюць таксама працаваць з заказамі, кіраваць асвятленнем і кандыцыянаваннем паветра. Вы можаце ўладкаваць дом на свой густ ці перапланаваць яго як вам захочацца.
Я прайшоў у крайняе правае ад пярэдняга пакою памяшканне. Там была прасторная спальня з шырокім ложкам і празрыстай сцяной. Я падышоў да яе.
Звонку размяшчалася невялікая тэраса, высцеленая шахматнай пліткай і агароджаная кованымі кратамі. На тэрасе стаялі плецены стол і два крэслы.
За агароджай унізе шумеў акіян. Дзякуючы вузкай палосцы пяску хвалі не разбіваліся аб скалы, а мякка накочваліся на бераг, каб праз секунду адступіць.
Сонца ішло на захад.
Я пастаяў хвіліну, гледзячы ўніз. Затым зрабіў крок назад і адчыніў дзверы, якая вялі ў кабінет. Тут быў шырокі пісьмовы стол з чырвонага дрэва, а на ім – манаблок ад Apple, пісьмовы прыбор і тэлефонны камутатар. Сцяна насупраць была ўпрыгожана шырокафарматнай плазменнай панэллю. За сталом стаяла скураное крэсла – яно нагадвала тое знакамітае, якім карыстаўся Чэрчыль. У кабінеце таксама стаялі некалькі стэлажоў для кніг і расстаўленыя ў няправільным парадку крэслы для наведвальнікаў.
Я штурхнуў наступныя дзверы і трапіў у гасціную. Тут я ўбачыў доўгую канапу, абабітую белай скурай, перад ёй была ўсталяваная яшчэ адна «плазма». Адсюль на тэрасу вялі такія ж шкляныя дзверы, ледзь прыкметныя ў празрыстай сцяне, кухня была аддзеленая ад гасцінай барнай стойкай. Цэнтральнае месца ў гасцінай займаў доўгі белы стол з простымі, але вельмі зручнымі крэсламі-качалкамі.
Читать дальше