Выхад з бухты быў вузейшы, чым сама бухта, аднак, нягледзячы на гэта, у яго мог увайсці нават супертанкер. Мы прайшлі яго прыкладна праз дзве хвіліны пасля старту. Перад намі раптам разаслаўся акіян. Гор заклаў рэзкі паварот і накіраваў катэр уздоўж правага берага Кармэн. Яшчэ праз дзве хвіліны я ўбачыў на гарызонце вялікі востраў, які выступаў над акіянам на некалькі дзясяткаў метраў. Па вялікім рахунку, гэта было значных памераў плато з практычна стромымі сценамі.
– Глядзіце, Якуб, вунь ён, востраў Роса. А там, справа зараз адкрыецца від на Провідэнс, – Гор амаль крычаў мне, каб я пачуў яго за шумам вінтоў.
Сапраўды, мы абышлі Кармэн і на адлегласці, якая трохі перавышала адлегласць да Роса, я ўбачыў яшчэ адзін востраў, куды менш высокі. Ён узвышаўся, у лепшым выпадку, на некалькі метраў над узроўнем акіяна, і быў не такім пагорысты, як Кармэн. Нават адсюль я мог разглядзець шматлікія будынкі, якія пакрывалі ўзбярэжжа, нібы грыбы пасля дажджу.
Накіроўваліся мы, аднак, не да яго, а ў процілеглы бок, таму паступова Провідэнс памяншаўся, у той час як Роса, наадварот, станавіўся ўсё вышэй і шырэй.
– Дзе ж мы прыстанем да берага? Там толькі вузкая палоска берагавой лініі і нічога акрамя скал!
– Мы абыдзем востраў з іншага боку – там, калі вы памятаеце, знаходзіцца бухта, амаль такая ж, як на Кармэн. Адваротны бок выспы куды менш стромкі, чым той, які вы бачыце, і ён цалкам прыдатны нават для пешага пераходу. Усяго трыццаць метраў наверх – і мы будзем ужо ў вёсцы. Дарэчы, Роса – вельмі ўдалае месца для арганізацыі абароны, бо, па сутнасці, абараняць з вады трэба толькі адзін бок, які выходзіць да бухты.
Метрах у ста ад узбярэжжа Гор заклаў яшчэ адзін віраж і павёў катэр па шырокай дузе вакол выспы. Неўзабаве я заўважыў, што вышыня скал памяншаецца, і разглядзеў уваход у бухту Роса. Яна сапраўды таксама паўтарала форму паўмесяца, аднак не была акружана такімі высокімі пагоркамі, як на Кармэн. Скала плаўна апускалася амаль у самы акіян, а ўнутры бухты размяшчаўся шырокі серп пясчанага пляжу. Ад берага таксама адыходзіў швартовачны пірс, аднак прыстані для абслугоўвання вялікіх караблёў тут не было. Практычна ля самай лініі берага размясціліся некалькі невялікіх будынкаў і два ангары, што нагадвалі той, з якога мы пачалі падарожжа па архіпелагу, аднак істотна менш за яго. Проста ад ангараў ішла наверх шырокая асфальтавая дарога, якая ўтварала сапраўдны праспект, высечаны ў зарасніках. Гор не схлусіў, пад’ём быў плаўны, верхняй кропкі востраў дасягаў не менш чым праз кіламетр ад берага, што дазваляла без цяжкасцей шпацыраваць пешшу ўверх і ўніз.
На малых абаротах Гор падышоў да пірса, ля якога стаялі толькі тры маторныя лодкі, куды меншыя, чым наша. Знізіўшы хуткасць, ён прымусіў катэр ледзь адчувальна дзяўбнуць носам у пірс, пасля чаго выключыў рухавік і імкліва выскачыў праз бак на драўляны насціл. Затым араб зачапіў карабін швартовачнага троса за спецыяльнае мацаванне на пірсе і падаў мне руку.
– Сардэчна запрашаем у наш закінуты свет, Якуб.
– Спадзяюся, у вас тут не водзяцца дыназаўры і іншая нечысць, – прамармытаў я сабе пад нос. Гор, аднак, пачуў.
– Не, мой сябар, у нас тут водзіцца толькі чалавек разумны ў самым поўным сэнсе гэтага слова. Не бойцеся яго, гэта вельмі выхаваны і інтэлігентны від, вас не ўкусяць.
Мы сышлі з пірса на бераг, пасля чаго Гор накіраваўся да ангара, а я застаўся стаяць на белым пяску. Я глыбока і з асалодай удыхаў трапічнае паветра, такое нязвыклае для жыхара паўночнага паўшар’я. Праз хвіліну я нахіліўся і зняў абутак са шкарпэткамі, тут жа закапаўшыся ступнямі ў пясок па шчыкалатку. Гэта было дзіўнае адчуванне, і я стаяў, у чарговы раз злавіўшы сябе на думцы, што ўсё гэта не больш чым прыемны сон.
– Якуб, калі хочаце, вы зможаце атрымаць асалоду ад прыроды заўтра. Вымушаны вам нагадаць, што мы абмежаваныя ў часе!
Я расплюшчыў вочы. Гор усміхаўся мне з адкрытага вакна дакладна такога ж красовера, на якім мы перасоўваліся па Кармэн. Я са шкадаваннем падабраў абутак і пайшоў у кірунку машыны. Адкрыўшы дзверы, я пачаў быў атрэпваць пясок з ног, але араб спыніў мяне.
– Не трэба. Гэта ўсяго толькі рабочая машына. Іх чысцяць і вымываюць раз у некалькі дзён, таму не турбуйцеся пра пясок у салоне.
Мы крануліся з месца, і, з’ехаўшы з пяску на асфальт, Гор націснуў педаль. Красовер жвава пабег па ідэальным палатне ўгару.
Ужо праз хвіліну мы былі на вяршыні плато. Тут усё было зусім не так, як унізе. Велізарная плошча была ачышчана ад расліннасці, і трава (а гэта было менавіта натуральнае травяное покрыва) была коратка падтрыжаная. Толькі рэдкія какосавыя пальмы і кусты раслі ў правільным парадку, нібы над тэрыторыяй выспы папрацавала армія ландшафтных дызайнераў, прыгатаваўшы яе пад будаўніцтва цэлага турыстычнага горада, пры гэтым паклапаціўшыся напачатку не аб будаўніцтве, а аб добраўпарадкаванні. Перапад вышынь на плато быў мінімальны, таму ўся плошча ў некалькі квадратных кіламетраў была як на далоні.
Читать дальше