Са свайго вербнага схову яны выйшлі ўжо на світанні. У парку з’явіліся першыя раварысты, вясёлыя пенсіянеры з кійкамі і ранішнія бегуны. Якуб і не думаў, што людзей, якія добраахвотна крыўдзяць сябе, устаючы так рана, – аж столькі. Калі праз некалькі дзён яны вярнуліся пад вярбу, ён заўважыў на кары няроўныя драпіны, пакінутыя Надзінымі пазногцямі. Сёння ён крадком зірнуў на дрэва – і яны ўсё яшчэ былі там, хоць прайшло два месяцы. Не такія глыбокія і не такія выразныя, але былі.
Надзя дастала з заплечніка кнігу, легла на траву, паклаўшы галаву Якубу на ногі, і пачала ўголас чытаць пра Грузію.
Гэта яна прыдумала туды паехаць. З палаткай, заплечнікамі, кацялком, без канкрэтнага плана, абмінаючы ўсе турыстычныя месцы моднай апошнім часам Грузіі. Адзінае што – яны хацелі ўсё ж з’ездзіць у Горы, дзе нарадзіўся Сталін, і даведацца, як грузіны, што ўзносяць свабоду (асабліва маладыя, з іх пакалення), ставяцца да гэтага варвара цяпер. Акрамя таго, яны збіраліся ўпівацца мясцовым віном, гутарыць з грузінамі, гаварыць бясконца доўгія тосты, танцаваць да світання і без згрызот сумлення таўсцець ад чурчхелы, пра смак якой хадзілі легенды.
Натхнілі іх на гэта вядомы журналіст з жонкаю, якія так палюбілі Грузію, што ўзялі там шлюб і адгулялі вяселле. Яны захапляльна апісвалі краіну, але, што яшчэ важней, раскрывалі яе інакшасць, адрознасць, менталітэт жыхароў, не спрашчаючы пакручастай гісторыі.
Калі яны вырашылі ехаць, Надзя проста-такі захварэла на Грузію – купляла толькі грузінскае віно, шукала ў сеціве рэцэпты грузінскіх страў, вучыла па ютубаўскіх роліках грузінскую і катавала Якуба песнямі Кэці Мелуа, якая там нарадзілася і толькі ў 90-я, падчас вайны, з’ехала з бацькамі ў Белфаст. Урывак пра дзевяць мільёнаў ровараў у Пекіне і каханне да магілы Якуб ведаў на памяць.
У яго з’явілася ўражанне, што кнігі пра Грузію Надзі зусім не патрэбныя і што калі яна іх і чытае, то толькі праз яго. І яшчэ каб мець нагоду пачаць уласны аповед.
Калі ў 1940 годзе, праз некалькі месяцаў пасля высылкі пад Краснаярск, памерлі ад тыфу бацькі бабулі Цэцыліі, асірацелую дзяўчынку забралі грузінскія сваякі, таксама ссыльныя. Цэцыліі тады было трынаццаць, Марыям, дачцэ сваякоў, – амаль на год болей. Яны зрабіліся найлепшымі сяброўкамі: зімой абняўшыся спалі на печы, летам збягалі са школы, ратуючыся ад гарачыні купаннем у Енісеі, а восенню разам капалі бульбу на ўчастачку перад гумном, якое было іх домам. Ва ўспамінах бабулі Цэцыліі Сібір зусім не была замёрзлым пеклам, якім уяўляла яе большасць палякаў. Калі ў 1947 годзе паўналетняя ўжо Цэцылія атрымала дазвол на рэпатрыяцыю і вырашыла вярнуцца ў Польшчу, мацней за ўсё яна сумавала па Марыям. Прайшло больш за дзесяць гадоў, перш чым ім удалося аднавіць кантакт. Марыям тады ўжо жыла ў Батумі на Чорным моры. Гэта з яе лістоў бабуля Цэцылія ведала, што робіцца ў Грузіі, і расказвала пра ўсё Надзі. У канцы жыцця бабуля пачала слепнуць ад глаўкомы, і ўнучка чытала ёй сяброўчыны лісты. Таму – у сілу абставін – Надзя ведала пра Грузію вельмі шмат. Якуб ніколі не пытаў, як яна дзіцем магла чытаць лісты ад грузінкі, а пра тое, што Надзя бегла размаўляе па-руску, даведаўся зусім выпадкова аднаго суботняга вечара ў канцы сакавіка. У філармоніі.
Білет ляжаў у канверце з лістом. Надзя пісала, што гэты канцэрт – падзея выключная, а ў прыпісцы, як заўжды, дадала: «Я б хацела быць там з табой. Вельмі». Канцэрты ў філармоніі былі для яе чымсьці асаблівым і ўрачыстым, яна выбірала самае элегантнае адзенне, купляла самыя дарагія білеты, цудоўна ведала, хто будзе дырыжорам, хто – салістам, а таксама чаму менавіта гэты, а не якісьці іншы, аркестр сыграе найлепш.
У тую суботу маскоўскім аркестрам дырыжыраваў малады геній з Украіны, а за фартэпіяна сядзела чарнаскурая амерыканка. Надыходзілі ўгодкі смерці Рахманінава, і канцэрт быў прысвечаны яго памяці. Калі падчас антракту яны пілі віно ў фае і Надзя захоплена пераказвала Якубу пакручастую біяграфію кампазітара, да іх падышла маладая дзяўчына з мікрафонам у руцэ. Праз хвіліну паказаўся аператар у абтрапанай скураной куртцы з чырвонай зоркай на грудзях, а за ім – хлопец з невялікім пражэктарам. Дзяўчына ветліва спытала ў Якуба па-англійску, ці не хоча ён пракаментаваць выступ расійскага аркестра для… партала расійскай газеты. Калі ён пацікавіўся назвай газеты і даведаўся, што гэта «Комсомольская правда», то без вагання адмовіўся. Бацька яму расказваў, што ў свой час гэта была «найжаўцейшая дрындушка і рупар савецкай прапаганды». Калі ж дзяўчына звярнулася да Надзі, адбылося нечаканае: Надзя выйшла з-за высокага століка і прыязна загаварыла з журналісткай па-руску. Тая падняла руку і падсунула да Надзі мікрафон, хлопец уключыў пражэктар, а аператар пачаў запіс.
Читать дальше