Палкоўнік забраў усе матэрыяльныя доказы для дакладу ў штаб арміі. Затым ён разьвітаўся з сваімі гасьцямі, выклікаў да сябе старэйшага лекара з гарнізону ды паехаў паглядзець на труп. Калі ўвечары таго ж дня я, айцец Іаан ды М. Зуеў пасьля тэрміновага выкліку ўваходзілі ў кабінэт да фэльдкамэнданта, ён — было відавочна — ужо прыняў нейкае рашэньне. Ён паведаміў нам сутнасьць справы, якую ведаў ад ортскамэнданта, ды задаў нам колькі кароткіх пытаньняў. Адчувалася, што ён разьюшаны бязьмежна. Нашыя ўрокі, відавочна, не прайшлі дарэмна: палкоўнік разумеў, што гэта — грубая фальшыўка, разьлічаная на ня вельмі выкшталцоны нямецкі густ. Агляд цела толькі пацьвердзіў гэтую імавернасьць: труп быў нясьвежы, а нямецкі вайсковы мундзір, завялікі ды зашырокі, быў апрануты на яго значна пазьней пасьля сьмерці. Шмат што паказвала на тое, што нябожчык увогуле ня немец. Палкоўнік цягам гэтага нашага візыту быў незвычайна стрыманы. Ён нічога не казаў нам пра свае пляны і, здаецца, упершыню за ўвесь час нашага знаёмства разьвітаўся з намі неяк няўважліва. Мы ня ведалі, калі сыходзілі, чаго цяпер трэба чакаць.
Дом, у якім я тады жыў у Полацку, знаходзіўся якраз насупраць двара, у глыбіні якога была кватэра кіраўніка расейскай паліцыі. На наступны дзень раніцою, калі я завязваў гальштук перад адыходам на працу, я ўбачыў у акне невялікую групу нямецкіх салдат з зброяй, якія на чале з унтэр-афіцэрам хутка накіраваліся праз браму ў двор. Яны мелі нейкі незвычайны, надта ўсклапочаны выгляд. За кубкам гарбаты я ўсё паглядаў ды паглядаў у акно, але група не вярталася. Гэтак і не дачакаўшыся яе, я пайшоў на працу. Чым далей я ішоў, тым больш на маім шляху траплялася ўзброеных салдат. У цэнтры гораду яны стаялі ўжо правільнымі, хоць і ня надта шчыльнымі шэрагамі з абодвух бакоў вуліцы, куды толькі сягала вока. Было цалкам зразумела, што ў горадзе знаходзіцца нейкае новае вялікае вайсковае злучэньне. Людзі былі ў пыле, яны прыйшлі здалёк. Мінакі стаялі групкамі, няўцямна пазіралі адзін на аднаго ды перашэптваліся між сабою. Якраз у той самы момант, калі я пераступіў парог гарадзкой управы, увесь пешы рух быў спынены: кожны павінен быў спыніцца там, дзе яго захапіла гэтая апэрацыя. Пачалася пагалоўная праверка дакумэнтаў. Тыя, што правяралі, мелі велізарныя сьпісы, у якія яны ўвесь час зазіралі. Некалькі чалавек зь ліку супрацоўнікаў магістрату былі арыштаваныя на працы. Затым да дзьвярэй будынку прыставілі ахову ды пайшлі. Час у чаканьні ды невядомасьці цягнуўся паволі. Нехта сеў за працу. Але раптам, гадзіны празь дзьве, каля акна паведамілі, што салдаты сыходзяць. Яны зьніклі з гораду гэтак жа хутка, як і зьявіліся. Варта каля дзьвярэй таксама была зьнятая. Большасьць службоўцаў зараз жа пайшлі дахаты.
Без усялякай папярэдняй дамоўленасьці ўся Група ўвечары таго самага дня сабралася ў кельлі айца Іаана. Толькі цяпер зьявілася нейкая магчымасьць прааналізаваць усё тое, што здарылася. Вось дык палкоўнік! Усім было зразумела, што гэта справа ягоных рук. Пра колькасьць арыштаваных яшчэ не было вядома ў горадзе, але яна вымяралася сотнямі. Перакладчык ортскамэндатуры, бургамістар гораду, кіраўнік паліцыі, усе загадчыкі аддзелаў гаруправы ды шматлікія перакладчыкі пры нямецкіх установах апынуліся пад арыштам. Ператрусы ў іх працягваліся амаль усю ноч: уздымалі падлоіу, раскідвалі печы, ламалі столі, пераварочвалі гарышчы ды хлявы. Тады ж ці трохі пазьней мы даведаліся пра вынікі некаторых ператрусаў. Напрыклад, пры ператрусе ў перакладчыка ортскамэндатуры знайшлі пад падлогаю сьпісы ўсіх камуністычных арганізацыяў гораду, плян дыспазыцыі нямецкіх войскаў, пералік вайсковых злучэньняў ды частак, а таксама вайсковых грузаў, якія праходзілі праз горад цягам апошняга месяца. Акрамя таго, у яго, гэтаксама як і ў бургамістра гораду, былі знойдзеныя сьвежыя савецкія інструкцыі ды прадпісаньні, партызанскія яўкі, шыфры, усялякія дакумэнты, нямецкія блянкі, штампы ды пячаткі. Сярод іншых цікавых рэчаў у перакладчыка знайшлі ягонае ўласнае савецкае пасьведчаньне асобы, якое было выдадзена Ленінградзкім акруговым аддзяленьнем НКВД. Пры першых арыштах немцы кіраваліся, галоўным чынам, сьпісамі гарадзкой арганізацыі УКП(б) часоў 1941 году, якія, дзякуючы акружэньню, цалкам трапілі ў іхныя рукі. З тых часоў шмат што зьмянілася. Цэлы шэраг галоўных мясцовых камуністаў да восені 1942 году ўжо патрапілі ў партызаны; і наадварот, многія новыя, невядомыя да таго часу асобы ў горадзе, як, напрыклад, кіраўнік банку ці сам перакладчык ортскамэндатуры, прыбылі невядома адкуль. Таму сьпісы, знойдзеныя ў перакладчыка, уяўлялі асаблівую важнасьць і пры наступных арыштах, і асабліва цягам сьледзтва.
Читать дальше