Пасьля атрыманьня сьпісаў агульны малюнак ды ўсе дэталі сталі больш зразумелыя для немцаў, чым для нас. Большасьць арыштаваных былі службоўцы. Рабочых налічвалася надзвычай мала, слабадзкіх сялянаў не было зусім. Сярод царкоўных асобаў усіх веравызнаньняў ня быў арыштаваны ніхто.
Сьледзтва па справе цягнулася ня менш за месяц, а магчыма, і значна больш: мы гэтак і не даведаліся дакладна, калі яно скончылася. Яго вынікі, на жаль, таксама засталіся амаль невядомымі. У горад зьвесткі не праточваліся зусім; а наш фэльдкамэндант нават найбольш добра знаёмым сябрам Групы не паведаміў нічога, акрамя колькіх агульных выразаў накшталт «Вы мелі рацыю ўва ўсім» ці «Вы ня можаце сабе ўявіць, што яны тут нарабілі!». І гэта была ўся інфармацыя. Кіраваў арганізацыяй пасьля арышту ды расстрэлу кіраўніка банку, відавочна, перакладчык ортскамэндатуры.
Празь некалькі дзён многіх арыштаваных пачалі выпускаць за невінаватасьцю; аднак, адначасна з гэтым, настала хваля новых арыштаў. У выніку, паводле нашых падлікаў, якія мы выканалі ўжо ў 1943 годзе, з турмы не вярнулася ад 125 да 130 чалавек.
Ёсьць падставы думаць, што асобы, якія былі прызнаныя вінаватымі, патрапілі ў тры розныя асноўныя катэгорыі: адны былі расстраляныя тут, у Полацку, другіх выправілі ў Нямеччыну, а трэція адбывалі прымусовую працу недзе пад Смаленскам. Апошнія час ад часу ліставаліся з сваякамі ў Полацку, хоць цывільная пошта тады не працавала. Частка зь ліку гэтых апошніх да вясны 1944 году нават вярнулася дамоў, у Полацак, на сталае жыхарства. Яны атрымалі звычайны на той час для ўсіх астатніх расейска-нямецкі дазвол на жыхарства і пераважна былі прапісаныя ў сваіх старых кватэрах.
Немцы, якія прыйшлі ў Расею нібы з завязанымі вачыма, за год акупацыі шмат чаму навучыліся. Вырашальным фактарам акупацыйнай эвалюцыі да лепшага былі ваенныя няўдачы немцаў. Але й досьвед арганізацыі цывільнага жыцьця на занятай тэрыторыі ды непасрэднае сутыкненьне з расейскімі людзьмі павінны былі абавязкова мець нейкую сваю, значную ролю. Зрэшты, пра горад Полацак ды навакольныя раёны можна было сьмела казаць, што пасьля арышту камуністаў там настала нібы новая эра акупацыі.
Расейскае цывільнае кіраваньне было цалкам абезгалоўлена пасьля арыштаў. Фэльдскамэндант запрасіў да сябе некалькі чалавек з нашай Групы, у тым ліку й мяне, каб параіцца пра тое, якім чынам лепш за ўсё замяніць вызваленыя пасады. Мы былі да гэтага гатовыя: у нас быў сьпіс галоўных кандыдатаў; але мы мелі намер надаць зьмене ўлады ў вачох немцаў як мага больш грамадзкі характар. Мы настойвалі на тым, што толькі кругавая парука можа гарантаваць сталы спакой у горадзе, падтрымку новых расейскіх уладаў, а значыць, і немцаў з боку цывільнага насельніцтва ды прадухіліць магчымасьць усялякіх небясьпечных нечаканасьцяў. Вельмі баяўся фэльдкамэндант нават прывіду «адказнага міністэрства», але пасьля дзьвюх з паловай гадзінаў ажыўленай размовы саступіў. Паміж намі была заключаная канфідэнцыйная дамова «аб дружбе ды ўзаемнай падтрымцы ў меру магчымасьці», якую, дарэчы, стары нямецкі джэнтэльмэн ніводнага разу пасьля не парушыў.
Згодна з гэтай дамоўленасьцю мы, хоць і «неафіцыйна», сабралі ў памяшканьні фэльдкамэндатуры ня толькі ўсю Групу цалкам, але й некаторых прыхаджанаў, старых жыхароў гораду. Паседжаньне доўжылася не адну гадзіну. Вылучаныя на ім людзі, якіх усе ведалі ды паважалі, перакананыя ворагі савецкай улады, былі зацьверджаныя фэльдкамэндатурай без усялякіх выняткаў і зараз жа ўзяліся за працу. Да 75 % незанятых да гэтага часу сяброў Групы былі прызначаныя на адказныя пасады ў гарадзкой ды раённай управах. Айцец Іаан дзеля свайго сану й фізычнай слабасьці не атрымаў ніякага новага прызначэньня, хоць на гэтым настойвалі як немцы, гэтак і сябры імправізаванай рады; я па-ранейшаму застаўся на чале царкоўнага аддзелу.
Адзінай галіной, дзе ні нам, ні справядліваму фэльдкамэнданту не ўдалося дасягнуць ніякіх паляпшэньняў, была паліцыя. Пагадзіцца на тое, каб замяніць сваімі людзьмі арыштаванае чынавенства з паліцыі, азначала пасадзіць добрасумленных людзей у асінае гняздо. Патрэбная была не частковая, а поўная зьмена ўсяго асабістага складу паліцыі; але Гестапа не жадала пра гэта нават слухаць. Улада фэльдкамэндатуры не пашыралася на Гестапа. Таму мы вырашылі, што гэтым разам, магчыма, будзе лепш, калі мы адмовімся пасылаць сваіх людзей у паліцыю. Пры тых акалічнасьцях, што склаліся, нам было зручней ды бясьпечней, замест таго каб праслойваць добрымі людзьмі дрэнную ўстанову, стварыць у супрацьвагу гестапаўскай паліцыі сваю ўласную ўзброеную сілу. Пачаткам такой сілы ўжо зьяўляліся нашыя аддзелы сялянскай самааховы.
Читать дальше