Паседжаньні Групы пры новым раскладзе рэчаў праходзілі штотыдня. Насельніцтва пра іх па-ранейшаму нічога ня ведала, бо яны, як і раней, ладзіліся неафіцыйна ў розных месцах, а часьцей за ўсё — у памяшканьні пашыранага цяпер царкоўнага аддзелу, які атрымаў у сваё распараджэньне невялікі дамок. За ўсе свае дзеяньні гарадзкія службоўцы — сябры Групы, у тым ліку абодва бургамістры, гарадзкі ды раённы, несьлі адказнасьць найперш перад Групай. Усе найважнейшыя мерапрыемствы абмяркоўваліся ды вырашаліся толькі супольна.
У Групе быў старанна распрацаваны плян дзеяньняў на даволі працяглы кавалак часу. Пра яго можна скласьці некаторае ўяўленьне, калі пералічыць асноўныя акцыі, зьдзейсьненыя цягам зімы 1942/43 году.
A. Зьмена палітычнага ды агульнага курсу ў працы расейскіх установаў.
Б. Барацьба з хабарніцтвам складала адзін з найпершых нашых клопатаў.
B. Разьмеркаваньне зямлі пад агароды. Зямля, як ужо было неаднаразова паказана, зьяўлялася ці не галоўным сродкам дабрабыту падчас акупацыі. Вельмі шмат увагі надавалася справядліваму разьмеркаваньню зямлі яшчэ пачынаючы зь зімы. Назіраць за разьмеркаваньнем павінен быў кіраўнік кватэрнага аддзелу, а само разьмеркаваньне было даручана камісіі ў складзе трох вольных ад службовых абавязкаў сяброў Групы, у тым ліку М. Зуеву, што жыў па-за межамі гораду. На Зуева ў гэтай справе мы ўскладалі асаблівую адказнасьць.
Здаецца, мы задаволілі зямлёю ўсіх, тым больш што пуставала яе ў горадзе шмат. Зрэшты, цягам двух гадоў непаразуменьняў ды скаргаў на дрэннае разьмеркаваньне амаль не было, калі не лічыць некалькіх сур’ёзных сутычак з паліцыянтамі, якія прызвычаіліся ўжо хапаць усё, што ім падабалася. Але, маючы за сабой чыстае сумленьне, спрыяньне з боку фэльдкамэндатуры і, галоўнае, вінтоўкі Зуева, камісія магла зусім не лічыцца зь незаконнымі патрабаваньнямі паліцыянтаў.
Г. Рэарганізацыя школы была адной з самых цяжкіх ды тэрміновых справаў. Наверсе — немцы, якія маюць намер скарачаць праграмы, выкідаць асобныя прадметы ды ўводзіць беларускую мову. Зьнізу — настаўнікі-камсамольцы, малаадукаваныя ды поўныя савецкага імпэту.
Пасьля нялёгкай барацьбы зь немцамі да вясны 1943 году ўдалося дабіцца таго, каб былі залічаныя ў школьную праграму Закон Божы ды геаграфія Расеі. Што тычыцца гісторыі, у тым ліку расейскай, то сыстэматычныя лекцыі па гэтым прадмеце для моладзі, і тое па-за сьценамі школы, удалося распачаць толькі ўвосень 1943 году.
З пэдагагічным пэрсаналам было яшчэ цяжэй. Частка найбольш актыўных настаўнікаў-бальшавікоў апынулася пад арыштамі; другія пасьля крызысу пайшлі ў партызаны; трэціх давялося перавесьці на іншую, менш адказную працу. Зь вялікай цяжкасьцю ўдалося вярнуць да пэдагагічнай дзейнасьці частку былых выкладчыкаў вышэйшых навучальных установаў ды тэхнікумаў, якія пры немцах у большасьці працавалі ў нямецкіх гаспадарчых установах. Зь ліку апошніх былі прызначаныя й дырэктары школ. Нейкі аддалены добры ўплыў на іншыя школы зрабіла новая, створаная ўлетку 1943 году, навучальная ўстанова — пастырскія курсы. Апошнія падпарадкоўваліся нават не царкоўнаму аддзелу (г. зн. не гаруправе), а адноўленай Епархіяльнай управе і ня мусілі трымацца ніякіх нямецкіх інструкцыяў у сэнсе праграмы. Рэктарам курсаў быў сьвятар, сябра Нацыянальна-працоўнага саюзу, настаяцель Сафійскага сабору. Выкладчыкамі — розныя асобы, пераважна непрафэсіяналы зь ліку гарадзкой каляцаркоўнай інтэлігенцыі. Слухачамі — моладзь зь мясцовых школ і з раёнаў. Без аніякага староньняга ўмяшальніцтва мы зьбіралі ды разьвівалі на пастырскіх курсах сваіх маладых сяброў. Зусім ня кожны зь іх зьбіраўся прысьвяціць сябе духоўнай працы. Мы нікому не адмаўлялі. Праз гэтую моладзь мы ўсталёўвалі свой дадатковы ідэйны ўплыў на астатнія школы.
Новыя падручнікі для школ, замест савецкіх, нам удалося нарэшце выпісаць з Рыгі праз фэльдкамэндатуру. Гэта былі падручнікі на расейскай мове, што чыста мэханічным шляхам вырашыла пытаньне пра беларусізацыю школ. Пасьля атрыманьня падручнікаў немцы перасталі настойваць на абавязковым выкладаньні ўсіх прадметаў па-беларуску.
Д. Умацаваньне рэлігійнага жыцьця ў выніку бесьперапыннай карпатлівай працы працягвалася сваім чарадом. Рамонт храмаў ішоў поўнай хадой; ужо да пачатку лета 1943 году мы пасьпелі адчыніць два новыя храмы. Да гэтага часу канчаткова аформіўся арганізацыйна ды быў прызнаны юрыдычна жаночы манастыр, у якім налічвалася 35–40 манашак. Да восені ў манастыр удалося зь вялікімі ўшанаваньнямі перавесьці зь Віцебску парэшткі заснавальніцы гэтага самага манастыра Сьвятой Эўфрасіньні, князёўны Полацкай, якія раней перахоўваліся ў бальшавікоў у антырэлігійным музэі.
Читать дальше