Да восені партызаны нагэтулькі актывізаваліся, што больш ці менш асталяваліся ў некаторых аддаленых раёнах, выбіраючы для гэтага галоўным чынам лясныя ды моцна забалочаныя мясцовасьці. Праезд па астатніх дарогах хоць і быў не зусім бясьпечным, але ўсё ж у большасьці кірункаў мог быць прызнаны вольным да глыбокай восені 1942 году. І немцы на аўтамабілях, а гарадзкія ды раённыя службоўцы на конях увесь час езьдзілі з Полацку ў Віцебск, у Дрысу, у Улу ды іншыя месцы. Толькі некаторыя кірункі, як, напрыклад, на Расоны ці на Дрэтунь, лічыліся надзвычай небясьпечнымі. Паблізу былой чыгуначнай станцыі «Палата» адбываліся нават сутычкі з партызанамі.
Вялікі, відаць, зборны партызанскі атрад, гэтак удала зьнішчаны Зуевым увосень 1942 году пры нападзе на вёску Гендзікі, мяркуючы з забраных у забітых дакумэнтаў, на тры чвэрці складаўся не зь беларускіх сялянаў, а з парашутыстаў ды былых ваеннапалонных. Гэта было па-свойму паказальна, але ўжо не характэрна для таго часу, бо тады ў склад большасьці атрадаў уваходзіла ня менш, а больш за 50 % гвалтоўна мабілізаваных сялянаў. Да восені 1942 году ўва ўсіх атрадах стаў адзначацца рэзкі «клясавы» падзел на «паноў» і «рабоў». Парашутысты, мясцовыя буйныя камуністы, а калі-нікалі і хтосьці з былых ваеннапалонных былі «панамі», мясцовыя жыхары — «рабамі». Мірнае цывільнае насельніцтва адзначала велізарную розьніцу паміж тымі ды іншымі.
Зімою 1942/43 году ў адным з аддаленых раёнаў, недзе за Расонамі, адбыўся партызанскі бунт: занадта шматлікія ў адсоткавым судачыненьні гвалтоўна мабілізаваныя сяляне пастралялі ўсіх парашутыстаў ды камуністаў і абвясьцілі сябе вольнымі і незалежнымі — «бязь немцаў і без бальшавікоў». Дыскі з адпаведнымі абвесткамі былі прыбітыя на многіх скрыжаваньнях дарог. Немцы даведаліся пра гэта зь вялікім спазьненьнем, ужо тады, калі бальшавікі пасьпелі высадзіць там нейкую групу з самалёта, якая спачатку паспрабавала ўгаварыць людзей, а пасьля, скарыстаўшы зь іх неарганізаванасьці, перастраляла ледзь не палову і такім чынам ліквідавала паўстаньне.
Росту партызанскага руху надзвычайна спрыялі дзеяньні спэцыяльных карных аддзелаў, якія знаходзіліся на службе ў немцаў. Хто, дзе, калі і паводле якога прынцыпу фармаваў гэтыя аддзелы, я, па праўдзе, ня ведаю, як ня ведаю, адкуль яны зьяўляліся і куды зьнікалі, выканаўшы сваю брудную справу. Гэтыя людзі, калі іх увогуле можна назваць людзьмі, не маглі дый не хацелі разьбірацца ў праўдзівай сытуацыі. Між тым, яны дзейнічалі даволі самастойна, часьцяком толькі згодна з сваімі меркаваньнямі, ад якіх шмат што залежала, дзейнічалі без разбору, хутка і з жахлівай жорсткасьцю. Калі яны часам і забівалі сапраўдных партызанаў, то сваімі жудаснымі паводзінамі на месца кожнага забітага зараз жа заганялі ў партызанскія атрады дзясяткі ды сотні новых. У большасьці выпадкаў яны каралі ні ў чым не вінаватае перад немцамі мясцовае насельніцтва, рабуючы, забіваючы, зьдзекуючыся ды палячы людзей жыўцом. Рабаўніцтва было іх галоўным стымулам, забойства ды зьдзекі — неад’емнай неабходнасьцю. Мы ведалі пра іх больш з чутак: у Полацкім раёне яны ніколі не зьяўляліся. Пра «геройствы» двух такіх аддзелаў на мяжы з Заходняй Беларусьсю — адзін нібыта латыскі, а другі нібыта эстонскі — я чуў ува ўсіх падрабязнасьцях ад людзей, якім пашчасьціла выпадкова выратавацца, у тым ліку ад праваслаўнага сьвятара. У апошняга партызаны забралі сына і згвалтавалі дачку. А на другі дзень прыйшоў карны аддзел, які спаліў ягоны дом, забіў тую самую няшчасную дачку ды моцна параніў самога сьвятара. Толькі выпадкова сьвятар здолеў застацца жывым.
Параза немцаў пад Сталінградам і наступны пасьля гэтага адыход па ўсёй лініі фронту спрыялі цягам лета 1943 году надзвычай шырокаму разьвіцьцю партызанскага руху. Цяпер ужо многія сяляне без прымусу, цалкам добраахвотна ішлі ў атрады. Яны адчулі, што хутка давядзецца трымаць адказ перад органамі НКВД за свае дзеяньні падчас акупацыі, і дзеля таго каб выратаваць сябе і свае сем’і, сьпяшаліся рэабілітаваць сябе — хай сабе й позьнім — уступленьнем у партызанскія атрады. Мне аднойчы давялося сустрэцца з групай сялянаў, што кіраваліся да партызан; шмат хто зь іх, дарослыя і яшчэ не старыя людзі, плакалі пры гэтым. Відаць, нават добраахвотнае ўступленьне ў партызаны не было для іх мёдам.
Зімою 1943/44 году немцы кантралявалі ўжо толькі галоўныя шляхі зносінаў паміж гарадамі ды іншымі больш-менш буйнымі населенымі пунктамі. Незвычайнымі выключэньнямі былі толькі акругі сялянскай самааховы. Яны, нягледзячы на выразнае набліжэньне паразы Нямеччыны, ня толькі не схіляліся перад напорам партызанскага мора, што іх атачала з усіх бакоў, але наадварот, увесь час працягвалі пашырацца, хоць і памалу.
Читать дальше