8. Вярнуўшыся ў сярэдзіне лета 1942 году на радзіму, адзін мясцовы жыхар, які ў свой час быў высланы бальшавікамі з Полацку за палітычную нядобранадзейнасьць, сустрэўся на вуліцы нос у нос з былым сьледчым НКВД, які некалькі гадоў таму вёў ягоную справу і на допыце ўласнаручна выбіў яму ўсе пярэднія зубы. Бязьмежна зьдзіўлены і ўсхваляваны чалавек рушыў сьледам за сваім былым сьледчым, тым больш што той яго не заўважыў. Такім чынам яны дайшлі да дзьвярэй гарадзкой управы: былы энкавэдыст займаў там пасаду загадчыка фінансавага аддзелу. Тут пацярпелы ўрэшце выказаў сваё незадавальненьне ды падняў такі лямант, што зьбегліся ўсе супрацоўнікі. З дапамогай дзяжурнага паліцыянта яго доўга спрабавалі супакоіць і ўрэшце выгналі сілком. Вечарам гэтага ж дня ён быў арыштаваны. Ізноў фэльдкамэндант мусіў заняцца выратаваньнем чалавека. Яго выратавалі, але былы сьледчы НКВД так і застаўся на сваёй фінансавай пасадзе ў гаруправе. Ён, як высьветлілася, прадугледзеў усё і акрамя ўправы ўладкаваўся яшчэ і ў Гестапа. Фэльдкамэндатура ня мела рэальнай улады над гэтай асаблівай установай.
9. Дзякуючы сабранай шляхам добраахвотных ахвяраваньняў даволі вялікай суме грошай ужо вясной пачалі энэргічна рамантаваць старыя царкоўныя будынкі. Айцец Іаан сам жыў больш чым сьціпла, на хлебе ды на вадзе — у простым, а не пераносным сэнсе гэтага слова. Усе свае ўласныя, вельмі вялікія сродкі ён аддаваў на адраджэньне манастыра, дзе за лета сабралася больш за 35 манашак.
Для новых цэркваў патрэбныя былі сьвятары. Вернікі пачалі вылучаць кандыдатаў з свайго асяродку. Іх можна было тады ўжо пасылаць ці ў Смаленск да япіскапа Стафана, ці ў Менск да япіскапа Філафея на высьвячэньне. Але вось аднойчы, на вялікае зьдзіўленьне, дзеючы праз галовы царкоўнай грамады, прапанаваў сваю кандыдатуру адзін стары гарадзкі пэдагог, паводле спэцыяльнасьці настаўнік прыродных навук, якога мясцовая моладзь добра ведала як добраахвотнага антырэлігійнага прапагандыста пры бальшавіках. Ён ніколі ня быў у партыі, але ў сваім шчыраваньні заўсёды намагаўся быць лепшым нават за партыйных таварышаў. Калі царкоўны аддзел катэгарычна адмовіў яму, загадчыку аддзелу быў прапанаваны буйны хабар. Даводзілася толькі зьдзіўляцца, адкуль у сьціплага чалавека моіуць узяцца такія вялікія грошы. Але й гэта яму не дапамагло: рашэньнем Рады парафіяў кандыдату было канчаткова адмоўлена.
Якім жа вялікім было агульнае зьдзіўленьне, калі празь некаторы час мы даведаліся, што вышэйназваная асоба, атрымаўшы цудоўную рэкамэндацыю ад бургамістра гораду ды праязныя дакумэнты ад ортскамэндатуры, выправілася праз галаву царкоўнага аддзелу ў Менск на высьвячэньне. Давялося тэрмінова прымаць неабходныя захады. Цяпер выканаць гэта было ўжо няцяжка. За адзін дзень пад заяваю пратэсту былі сабраныя сотні подпісаў. Папера была дасланая япіскапу, і ў апошні момант высьвячэньня не адбылося. Дзеля гэтай гісторыі я меў вялікія непрыемнасьці з ортскамэндантам. Яму гэтую справу паказалі ў няправільным выглядзе, і ён надзвычай злаваў і на мяне, і на раду.
Выпадак гэты паказаў нам, што актыўная царкоўная праца нарэшце зьвярнула на сябе чыюсьці зусім ня добразычлівую ўвагу. Даводзілася быць асьцярожным. Да слова, самазванец — кандыдат у сьвятары значна пазьней быў злоўлены ў дачыннасьці да актыўнай камуністычнай арганізацыі гораду.
10. У казармах расейскай паліцыі з дазволу гестапаўскага кіраўніцтва быў зьдзейсьнены самасуд. Паліцэйскія цэлую ноч запар зьдзекаваліся з свайго таварыша «за здраду». Дзікія, нечалавечыя воклічы былі чуваць позна пасьля поўначы, наводзячы жах ды зьдзіўленьне на ўсіх суседзяў. Пакутніка ніхто ня ведаў зь сяброў нашай Групы, гэтаксама як ніхто яго ня ведаў з старых парафіянаў нашых цэркваў. Што сталася сапраўднай прычынай ягонага жудаснага лёсу, гэтак і засталося нявысьветленым. Але ўсім было зразумела, што пад тонкай плеўкай уяўнага спакою ў горадзе нешта віруе ды булькоча. Падземныя штуршкі былі чуваць адзін за адным.
11. Якасьць хлеба, які выдавалі ў горадзе па картках ды выпісвалі ў гарадзкой пякарні, бесьперапынна пагаршалася цягам вясны, а ўлетку «казённы» хлеб не маглі ўжо есьці ня толькі людзі, але й свойская жывёла. Мы паказалі кавалак карткавага хлеба фэльдкамэнданту — ён доўга, зь вялікім зьдзіўленьнем яго разглядаў, пасьля пажаваў, выплюнуў і ўрэшце загадаў даслаць яго ў Бэрлін, каб зь ім пазнаёміліся ўладары гэтага сьвету. Самым цікавым было тое, што зімою, вясною і летам на выпечку хлеба адпускалася адна і тая ж мука, больш ці менш здавальняльнай якасьці; а якасьць хлеба ўсё горшала. Ніякія скаргі ды дазнаньні не дапамагалі. Агульная незадаволенасьць дайшла да крайніх межаў. Самыя цярплівыя — і тыя пачыналі вар’яцець ад злосьці. Для ўцекачоў гэта было проста немагчыма. У гаруправе паціскалі плячыма, разводзілі рукамі ды зусім недвухсэнсоўна намякалі, што калі немцы адпускаюць цывільнаму насельніцтву мякіну напалову з саломаю заместа мукі, то не існуе такога пекара, які б здолеў зрабіць з такой мукі добры хлеб. Гэта быў выразна несправядлівы намёк, хоць асобныя немцы маглі браць удзел у гэтай акцыі.
Читать дальше