Калі я пазнаёміўся зь ім, ён ужо ня толькі служыў у маленькай старой царкве, але паціху чыкільгаў па вуліцах, абапіраючыся на кіёчак.
У пакойчыку гэтага зусім хворага і нямоглага, але надзвычай моцнага духам чалавека паступова сталі зьбірацца ды аб’ядноўвацца найлепшыя прадстаўнікі расейскіх людзей, якія, з аднаго боку, ненавідзелі бальшавікоў ды савецкую ўладу, а з другога — не хацелі быць усяго толькі паслухмянай зброяй у руках заваёўнікаў. Сярод іх быў і Міхаіл Яўсеевіч Зуеў — ён стане пасьля вядомым кіраўніком сялянскай самааховы, — які, нягледзячы на сваю стараабраднасьць, вельмі любіў ды паважаў праваслаўнага сьвятара айца Іаана. Група, што зьбіралася ў сьвятара, спачатку налічвала 8–10 чалавек самага рознага сацыяльнага паходжаньня.
Група мела магчымасьць зьбіраць самую розную інфармацыю пра падзеі ў горадзе. На той час, калі я да яе далучыўся, яна вызначала ды ацэньвала стан у горадзе наступным чынам:
а) найлепшы варыянт заканчэньня вайны палягае ў тым, каб немцы пасьпелі канчаткова разграміць Сталіна раней, чым саюзьнікі перамогуць Нямеччыну. З гэтага пункту гледжаньня пажадана было, каб падзеі на Захадзе адбываліся павольна, а на Усходзе — хутка;
б) адзінае надзейнае месца прыстанку для расейскага народу — Праваслаўная Царква. Царкоўныя асобы не былі заражаныя камунізмам. Немцы ставяцца да Царквы нядрэнна і без падазрэньняў. Мясцовыя бальшавікі пакуль што не зьвяртаюць на Царкву ніякай увагі. Таму вакол Царквы можна арганізаваць нацыянальную працу, знайсьці патрэбных людзей, падтрымліваць адзін аднаго ў выпадку неабходнасьці, супольнымі высілкамі змагацца супраць супольнага ворага.
Усё гэта, а таксама шмат што іншае было ўважліва абмеркавана ў Групе. Патрэбна было скласьці нейкі плян дзеяньняў: сядзець склаўшы рукі ды чакаць нечага невядомага больш не хацелася.
Пры разьмеркаваньні абавязкаў мне, у прыватнасьці, было даручана кіраваць будучай царкоўнай установай, а таксама наладзіць ды падтрымліваць сувязі зь немцамі. М. Зуеву ды яшчэ дзьвюм асобам — арганізаваць сялянскую самаахову, трое сяброў Групы займаліся зборам грошай на рамонт цэркваў, айцец Іаан, які аб’ядноўваў ды накіроўваў дзейнасьць усёй Групы, павінен быў таксама пайсьці ў лягер да ваеннапалонных.
Немцы разам з бальшавікамі падчас барацьбы між сабой не на жыцьцё, а на сьмерць руйнавалі гарады, нацыі і ледзь ня цэлыя часткі сьвету. У параўнаньні зь імі тая маленечкая група бяспраўных расейскіх людзей пад кіраўніцтвам старога, нядужага сьвятара падавалася сьмешнай і ні да чога ня здатнай. Якой непераадольнай падавалася тая мэта, да якой імкнуліся сябры Групы!
Аднак Група была арганізаваная не дзеля яе самой. За тым, што цікавіла Групу і што яна намагалася ажыцьцявіць, стаялі мільёны аднадумцаў ды сяброў, якія ўсе разам складалі адну незалежную, нацыянальна сьвядомую гэтак званую «трэцюю сілу». Гэты назоў узяты з папулярнай на той час формулы «Ня немцы, не бальшавікі, а трэцяя сіла». Ідэя трэцяй сілы лунала ў паветры. Яна была сынонімам дзеяньня ды барацьбы. Пасьля паседжаньня Групы айцец Іаан адслужыў малебен «Перад пачаткам усялякай справы»…
Ні немцы, ні тыя бальшавікі, што хаваліся за іхнымі сьпінамі, пакуль што не былі супраць стварэньня царкоўнага аддзелу пры гаруправе. Грашовых сродкаў на гэтую справу ў горадзе, натуральна, не знайшлося, але парафіі ахвотна ўзялі на сябе ўсе выдаткі, тым больш што такім чынам аддзел трапляў у больш-менш самастойны стан і ня гэтак залежаў ад расейскай цывільнай адміністрацыі.
Амаль адразу пасьля стварэньня царкоўнага аддзелу пачаўся збор сродкаў на рамонт цэркваў. У сувязі з гэтым трое сяброў нашай Групы атрымалі пропускі, якія дазвалялі ім бесьперашкодна езьдзіць па ўсёй тэрыторыі Полацкага раёну, што на той час было вялікай рэдкасьцю.
Пачалося таксама й складаньне лістоў да немцаў на ўсе вышэй азначаныя тэмы. Хутка некалькі лістоў былі падрыхтаваныя. Іх прачыталі сябрам Групы, і тыя цалкам ухвалілі напісанае. Але пытаньне, куды іх дасылаць, заставалася пакуль што адкрытым.
Яшчэ цяжэй было з наладжваньнем высокіх сувязяў. Спачатку пазнаёміліся з тымі афіцэрамі, што жылі паблізу. Але гэта былі ня надта высокія кіраўнікі ў нямецкім войску. Карысьці ад іх было няшмат. Але, як заўсёды, нам дапамог выпадак. Аднойчы мы разам з айцом Іаанам выправіліся ў ортскамэндатуру хадайнічаць за аднаго арыштаванага мясцовага жыхара. Расейская паліцыя мела да гэтага чалавека асаблівыя рахункі. Адразу пасьля прыходу немцаў гэты чалавек сам пайшоў на працу ў паліцыю, але, убачыўшы, што там дзеецца, хутка звольніўся. Відавочна, ягоныя паводзіны не засталіся незаўважанымі ды выклікалі з боку былых камуністаў выразны недавер. Дык вось, як высьветлілася, у доме гэтага чалавека нядаўна быў праведзены ператрус, у час якога паліцыя падкінула яму стос савецкіх улётак. Пасьля налётаў савецкай авіяцыі паліцыя зьбірала такія ўлёткі ды мела іх у сваім распараджэньні вельмі шмат. Улёткі сталіся той падставай, якая дазволіла арыштаваць гэтага чалавека ды абвінаваціць яго ў шпіянажы на карысьць Саветаў. Нявіннаму чалавеку пагражала сьмяротнае пакараньне. Мы сабралі некалькі дзясяткаў подпісаў ды выправіліся ў ортскамэндатуру, каб высьветліць, якім чынам можна дапамагчы няшчаснаму. Нашая місія непасрэднага посьпеху ня мела. Да самога камэнданта нас не дапусьцілі. Усёмагутны перакладчык прагнаў нас прэч ды папярэдзіў, каб мы больш ніколі ня сунулі свой нос у справы, якія нас не датычаць. Аднак падчас сваркі зь перакладчыкам, якая прымала ўсё больш рэзкі характар, той нечакана прамовіў словы, якія нас надзвычай зацікавілі. Ён сказаў: «Калі вам не падабаюцца нашыя дзеяньні, зьвяртайцеся ў фэльдскамэндатуру, да арміі ці хоць да самога Гітлера». Вечарам таго самага дня я падрабязна даведаўся пра тое, што такое фэльдкамэндатура. Армія — гэта значыць штаб арміі фронту. Пра Гітлера мы ўжо мелі сякое-такое ўяўленьне. Самае галоўнае, што мне ўдалося дазнацца, дык гэта тое, што фэльдкамэндатура нашай ваеннай акругі разьмяшчалася зусім недалёка, гэта значыць у самім горадзе Полацку. Гэтая фэльдкамэндатура была цалкам вайсковай установай штабнога тыпу, налічвала некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў і ў той самы час ня мела ніякай непасрэднай сувязі ні зь мясцовым насельніцтвам, ні з расейскім цывільным кіраўніцтвам. Фэльдкамэндатура займала вялікае памяшканьне былой школы на супрацьлеглым ад манастыра ўскрайку гораду. Жыла сваім, даволі ізаляваным жыцьцём, таму пра яе мала хто зь мясцовых жыхароў ведаў. Сапраўды, хто мог ведаць, што там дзеецца ў немцаў за зачыненымі дзьвярыма фэльдкамэндатуры! Гэта магло прынесьці нам посьпех. Мы выправіліся ў фэльдкамэндатуру на наступны дзень, захапіўшы з сабою, на ўсялякі выпадак, і адзін з падрыхтаваных намі лістоў пра тое, што калгасы трэба зараз жа распусьціць.
Читать дальше