Зубоў цывільнаму насельніцтву лячыць не было дзе. Праз адсутнасьць мэдычных сродкаў іх не лячылі зусім, а толькі рвалі. І, безумоўна, без какаіну.
г) Да рэвалюцыі ў Полацку налічвалася 12 ці 14 розных храмаў. Да пачатку вайны ўсе храмы былі зачыненыя бальшавікамі. Старажытныя будынкі, часьцяком пабудаваныя ў надзвычай высокамастацкай архітэктуры, выкарыстоўваліся ў якасьці складоў ці былі напаўразбураныя. У велізарным саборы за Дзьвіною месьцілася турма НКВД.
Стаўленьне нямецкіх акупацыйных уладаў да рэлігіі прасьцей за ўсё вызначыць як «прыязны нэўтралітэт». Толькі юдаізм ды каталіцызм знаходзіліся ў іншым, значна горшым стане. Першы — з расавых прычынаў, другі — з антынацыянальных польскіх. Да ўсіх іншых канфэсіяў стаўленьне было больш-менш добразычлівым. Як ні дрэнна разумеў нямецкі нацыянал-сацыялізм ня толькі духоўную сутнасьць рэлігіі, але і яе палітычнае значэньне, ён усё ж такі спрабаваў выкарыстаць дзеля сваіх уласных інтарэсаў усе папярэднія «несправядлівасьці» ды цкаваньні бальшавікоў у дачыненьні Царквы. Заваяваны Усход мусіў адчуць розьніцу паміж бальшавікамі і немцамі хоць у нечым. І ён яе адчуў: немцы далі свабоду рэлігіі. І спачатку гэта было ня гэтак ужо і дрэнна. Вольнае ды незалежнае становішча — гэта было якраз тое, пра што марылі вернікі, і гэта быў якраз той момант, калі бальшавікі неяк не зьвярталі ўвагі на рэлігійнае жыцьцё ў акупаванай немцамі зоне. Такім чынам, магчыма, упершыню за ўвесь час існаваньня ўсёй расейскай гісторыі рэлігійныя пачуцьці народу не былі пад кантролем. Гэта быў надзвычай цікавы досьвед.
Неўзабаве пасьля прыходу немцаў у горадзе адчыніліся два праваслаўныя храмы, адна каталіцкая, адна стараабрадная і адна баптысцкая парафія. Народ пайшоў у праваслаўныя цэрквы хмарай. Каталікоў у горадзе налічвалася каля 1000, баптыстаў — меней за 100 чалавек. Вёска была цалкам праваслаўная. Дзяцей рознага веку хрысьцілі тысячамі. Царкоўныя шлюбы, часьцяком запозьненыя, налічваліся сотнямі. Сьвятароў не хапала, і яны працавалі звыш сваіх магчымасьцяў. Пакуль не было партызанаў, гэта значыць амаль да лета 1942 году, сьвятары, якія ў сьвяты служылі ў горадзе, увесь тыдзень наведвалі вёскі. У нядзелю паблізу гарадзкіх храмаў стаялі сотні вясковых вазоў.
Рэлігійны ўздым быў надзвычайны. Цэрквы багацелі, бо немцы не абкладалі іх падаткамі. Такім чынам, зьявілася магчымасьць рамантаваць царкоўныя будынкі, як тыя, што ўжо працавалі, гэтак і астатнія. Да 1944 году ў горадзе адчынілася ўжо 8 храмаў, без уліку баптысцкай малельні. Таксама ўзнавіў сваю дзейнасьць і жаночы Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр. На хросны ход з асаблівых нагодаў, як, напрыклад, перанясеньне мошчаў, ці ў вялікія сьвяты зьбіраліся тысячы людзей з гораду і зь вёсак. Яны цалкам запаўнялі вуліцы і спынялі рух вайсковых аўтамабіляў. Немцы, хоць і без асаблівай ахвоты, але вымушаныя былі мірыцца з гэтым. Царкоўны перазвон, цалкам забаронены бальшавікамі яшчэ ў 1925 ці 1926 годзе, ізноў загучаў над горадам. Праўда, добрых званоў узяць не было дзе.
У студзені 1942 году немцы арыштавалі каталіцкага сьвятара, і ні ён, ні які-небудзь іншы каталіцкі сьвятар ня быў больш дапушчаны ў горад на сталае жыхарства. У касьцёле час ад часу служыў ксёндз-паляк, які прыяжджаў з Заходняй Беларусі. Зрэдку, калі меў вольны час, ладзіў службу нямецкі вайсковы патэр.
5
Расейская нацыянальная грамадзкасьць
На самым ускрайку Полацку, у слабадзе, некалі даўно пабудаванай вакол знакамітага Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра, у занядбанай хацінцы жыў маленькі, кволы сямідзесяцігадовы сьвятар — айцец Іаан. Гісторыя ягоная простая і можа быць распаведзена ў некалькіх словах. Селянін паходжаньнем, вельмі разумны ды адораны ад прыроды, але безь вялікай адукацыі, ён, адпрацаваўшы больш за 50 год у якасьці вясковага фэльчара, у 1937-м жудасным годзе, у самы разгар яжоўшчыны, прыняў сьвятарства. Непасрэдным штуршком да ягонага высьвячэньня стаўся арышт апошняга ў Полацку сьвятара, якому, як спадзяваліся ўлады, ня знойдзецца больш наступніка. Івана Канстанцінавіча Сакольскага ведала ды паважала ўсё навакольле. Вёска — асабліва. Ен быў чальцом таемнай «катакомбнай» царквы і, магчыма, пайшоў на геройства не дзеля сваёй асабістай ахвоты, а праз паслушэнства. Працягласьць службы ў царкве айца Іаана падчас савецкай улады налічвала толькі некалькі тыдняў. Яго, гэтаксама як і ягонага папярэдніка, разам з жонкаю неўзабаве забралі ў НКВД ды пратрымалі там ажно да прыходу немцаў. Немаладыя муж ды жонка сядзелі ў турме ў Полацку ды вымушаныя былі вытрываць на сабе ўсе віды «маральнага» ўзьдзеяньня. Бальшавікі намагаліся дабіцца, каб вядомы ў горадзе сьвятар адмовіўся ад сану. У «яжовых рукавіцах» матушка хутка памерла, а бацюшку мучылі голадам ды працягвалі час ад часу моцна зьбіваць. Так працягвалася некалькі гадоў. Паводле сьведчаньняў тых, хто сядзеў разам зь ім — айцец Іаан ніколі сам пра сябе не апавядаў, — ён меў звычку пасьля кожнага ўдару казаць «Барані Божа!», што прыводзіла ягоных катаў у неймаверную лютасьць. Калі прыйшлі немцы, старога сьвятара, напаўмёртвага, зь пераламанымі рэбрамі, выбітымі зубамі ды з рэштай вырваных вусоў ды барады, вынесьлі на руках іншыя вызваленыя зьняволеныя.
Читать дальше