Кажуць, што ў іншых месцах, напрыклад у Віцебску, былі арганізаваныя адмысловыя публічныя дамы для салдатаў, куды без разбору зьмяшчалі маладых расейскіх жанчын, нават бязь іхнае згоды. Ведаючы нацыянал-сацыялістычныя погляды на іншыя народы, гэта не выклікае вялікага зьдзіўленьня. Але ў Полацку нічога такога не было.
Вэнэрычных захворваньняў сярод нямецкіх салдат назіралася вельмі няшмат. Жанчынаў, якія перадавалі заразу немцам, пасьля пільнай праверкі ў бактэрыялягічнай лябараторыі мясцовага вайсковага шпіталю расстрэльвалі. Мне давялося пачуць пра адзін такі выпадак.
4
Адміністрацыйная структура кіраваньня. Установы і прадпрыемствы
Найвышэйшым адміністрацыйным органам у горадзе Полацку, як і ўва ўсякім іншым больш-менш буйным населеным пункце акупаванай тэрыторыі з вайсковым кіраваньнем, была ортскамэндатура. Галоўным прызначэньнем гэтай установы было ўсебаковае забесьпячэньне вайсковых частак, як тых, што толькі праходзілі праз Полацак, гэтак і тых, што знаходзіліся тут стала. Аднак пад кантролем ортскамэндатуры былі ня толькі вайсковыя часткі, але ў некаторай ступені і ўсе гаспадарчыя нямецкія ўстановы, а таксама цывільнае насельніцтва і мясцовая прамысловасьць. Ортскамэндатура мусіла быць добрым гаспадаром для немцаў і мець фактычна неабмежаваную ўладу што да ўсяго мясцовага.
Расейскімі ўстановамі, празь якія ортскамэндатура ды некаторыя іншыя ўстановы ажыцьцяўлялі кіраваньне цывільным насельніцтвам, а таксама часткова й мясцовай прамысловасьцю, зьяўляліся: гарадзкая ўправа (магістрат), раённая ўправа і банк. Гэта былі адносна немалыя ўстановы. У гарадзкой і раённай управах налічваліся дзясяткі службоўцаў. Шмат хто лічыць, што расейскія ўстановы пры немцах ня мелі нейкай самастойнасьці і павінны былі выконваць зусім нязначную ролю. Магчыма, пагардлівыя заваёўнікі жадалі, каб так было. Але на самай справе ўсё было зусім інакш.
На самай справе немцы толькі дыктавалі самыя асноўныя мерапрыемствы, дый тое, галоўным чынам, у іх прынцыповай частцы; займацца тэхнічнымі дэталямі яны ня мелі часу дый ахвоты. Між тым, з боку інтарэсаў мясцовага насельніцтва менавіта гэтыя самыя тэхнічныя дэталі і былі найбольш важкімі і патрэбнымі. Я ўжо не кажу пра тое, што горад і раён мелі шмат дробных, сваіх уласных турботаў, якімі немцы ўвогуле ніколі не займаліся і ня думалі імі займацца. Штат ортскамэндатуры звычайна быў невялікі — усяго 3–4 чалавекі. Сам камэндант, ягоны ад’ютант ды перакладчык былі гэтак перагружаныя вайсковымі абавязкамі, што для цывільных справаў яны выдзялялі ня больш за трыццаць — сорак хвілінаў у дзень. Хіба ж магчыма ў такіх умовах яшчэ й дэталямі цікавіцца!
Большая ці меншая залежнасьць расейскіх установаў ад нямецкіх вайсковых частак магла надзвычай шырока вагацца і ў залежнасьці ад асабістых дачыненьняў паміж расейскай ды нямецкай адміністрацыяй. А асабістыя дачыненьні часьцяком залежалі ад хабару ды падарункаў. Сутнасьць гэтага можна выказаць наступным выразам: чым больш падарункаў дае расейскі кіраўнік нямецкаму кіраўніку, тым менш нямецкі кіраўнік цікавіцца справамі расейскага кіраўніка. Альбо: чым больш атрымлівае асабіста для сябе нямецкі кіраўнік ад падначаленага яму расейскага кіраўніка, тым менш атрымлівае ад іх абодвух Нямеччына ды нямецкае войска. Калі пры гэтым узяць пад увагу, што немцы былі амаль усе хабарнікамі, то можна лёгка ўявіць, якія вялікія наступствы ўсё гэта мела на практыцы.
Дзеля таго каб абмаляваць гарадзкую карціну цалкам, неабходна яшчэ адмыслова спыніцца на такіх важных з грамадзкага гледзішча абсягах, як прамысловасьць, харчаваньне, народная адукацыя, мэдычна-санітарная частка ды царкоўная справа. Разгледзім іх па парадку.
а) Нягледзячы на велізарныя страты, нанесеныя пажарам, у горадзе налічваўся цэлы шэраг прадпрыемстваў. Гэта былі: пякарня, маслабойня, бровар, разьніцы, млын, мылаварня, ганчарня ды бандарня, грамадзкая сталоўка, цырульня, лазьні, швейныя майстэрні ды майстэрні рамонту абутку, электрастанцыя, вадапомпавая станцыя, тэатар, прыгарадная гаспадарка (былы саўгас) са станцыяй племянных кароў, сьвінафэрмай ды садова-гароднінная гаспадарка. Усё гэта было, так бы мовіць, «дзяржаўнае» і працавала галоўным чынам на немцаў, але ўсё ж такі не на адных немцаў. Вырабы мясцовай прамысловасьці адпускаліся і мясцоваму насельніцтву, пераважна рабочым і службоўцам, па вельмі нізкіх і цьвёрдых цэнах у строга рэглямэнтаванай колькасьці. Але пры дапамозе хабару ці падарункаў — курэй, масла ці яек — кожны мог атрымаць усё што хацеў, і ў дастатковай колькасьці. Асобы, якія працавалі на прадпрыемствах мясцовай прамысловасьці — а такіх у горадзе налічвалася большасьць, — мелі магчымасьць нелегальна ці напаўлегальна атрымаць нешта зь іншага прадпрыемства, у парадку гэтак званага «абмену». Любое кіраўніцтва пазірала на гэта скрозь пальцы. Немцы, у сваю чаргу, валаклі ды прадавалі (асабліва ахвотна — за золата) усё, што падпадала пад іхнае ведама. Нават бэнзын, за продаж якога, калі верыць абвесткам, расклееным па ўсім горадзе, падлягалі расстрэлу абодва бакі: і пакупнік, і прадавец. Такім чынам, да канца акупацыі ў немцаў, а калі казаць больш дакладна, у тых замежнікаў, што служылі ў нямецкім войску, можна было купіць нават такія рэчы, як ручныя гранаты, кулямёты ды лёгкія супрацьтанкавыя гарматы. Менавіта такім шляхам атрымлівалі зброю некаторыя партызанскія атрады, разьмешчаныя каля Полацку, Дзісны (Луначарску) ды Дрысы, а магчыма, і ў іншых месцах. Вінтовак ды аўтаматаў партызаны купляць не хацелі, бо мелі іх у дастатковай колькасьці.
Читать дальше