Вайсковец маўчаў, і святар працягваў:
– Я чуў гісторыю, якую ўчора расказалі Мэлаў: як Марн з разбітым сэрцам аддаліўся ад свету пасля смерці таго, хто быў яму бліжэйшы за брата. Я ўпэўнены, што гэта не ўсё. Я прыйшоў спытаць вас, ці вядома вам што-небудзь яшчэ.
– Не, – каротка сказаў генерал. – Больш я вам расказаць не магу.
– Генерал, – сказаў айцец Браўн з шырокай усмешкай, – калі б я паспрабаваў адказаць гэтак двухсэнсоўна, вы б назвалі мяне езуітам.
Ваяка хрыпла засмяяўся, а пасля рыкнуў нашмат больш варожа:
– Што ж, тады проста не раскажу. Што вы скажаце на гэта?
– Скажу, – мякка адказаў святар, – што ў такім разе мне давядзецца расказаць вам.
Карыя вочы ўтаропіліся ў яго, але цяпер у іх не было агеньчыка. Айцец Браўн працягваў:
– Вы прымушаеце мяне тлумачыць – бадай не так спагадліва, як маглі б, – чаму ў мяне няма сумневаў, што за гэтай гісторыяй хаваецца нешта яшчэ. Я цалкам упэўнены, што ў маркіза ёсць больш значная прычына паглыбіцца ў сябе і схавацца ад людзей, чым проста страта старога сябра. І я сумняюся, што святары маюць да яе дачыненне. Я не ведаю нават, навярнуўся ён у каталіцызм або проста суцяшае сумленне міласцінай, але я пэўны, што гэта не проста жалоба. Паколькі вы настойваеце, я назаву вам некалькі прычын, што прымушаюць мяне так думаць. Па-першае, сцвярджалася, што Джэймс Мэйр быў заручаны, але чамусь разышоўся з нявестай пасля смерці Морыса Мэйра. Нашто прыстойнаму чалавеку разрываць заручыны, калі ён проста смуткуе пра смерць некага іншага? Значна больш натуральна было б звярнуцца па суцяшэнне да нявесты, але ў любым разе правілы прыстойнасці абавязвалі яго прайсці праз усё з годнасцю.
Генерал кусаў свае чорныя вусы, яго карыя вочы глядзелі вельмі засяроджана і нават трывожна, але ён не адказваў.
– Па-другое, – казаў айцец Браўн, пахмура гледзячы на стол. – Джэймс Мэйр заўсёды прасіў прыяцельку пацвердзіць, што яго кузін Морыс – проста цуд і што жанчыны ад яго будуць у захапленні. Не ведаю, ці прыходзіла лэдзі думка, што такія пытанні могуць мець і іншую прычыну.
Генерал падняўся на ногі і пачаў хадзіць, тупаючы, па пакоі.
– Халера яго бяры, – сказаў ён, але зусім без варожасці.
– Па-трэцяе, – працягваў айцец Браўн, – цікавая ў Джэймса Мэйра манера сумаваць – знішчаць усе рэліквіі, усе партрэты і гэтак далей. Прызнаю, часам такое здараецца. Гэта можа быць знакам цяжкай страты дарагога чалавека. Але можа значыць і нешта іншае.
– Чорт бы вас узяў, – сказаў ягоны суразмоўца. – Калі вы ўжо скончыце?
– Чацвертая і пятая прычыны даволі пераканаўчыя, – спакойна адказаў святар, – асабліва калі зірнуць на іх разам. З аднаго боку, у Морыса Мэйра фактычна не было хаўтураў, і гэта пры тым, што ён быў малодшым сынам у вядомай сям’і. Яго, мусіць, пахавалі спехам, магчыма, таемна. І апошняя прычына – тое, што Джэймс Мэйр адразу ж знік у замежжы, па сутнасці, збег на край зямлі. Дык вось, – працягваў ён тым жа мяккім голасам, – калі вы пачняце чарніць маю рэлігію, каб прыхарашыць гісторыю чыстай і бездакорнай любові двух братоў, то мне здаецца…
– Досыць! – крык Аўтрэма прагучаў як пісталетны стрэл. – Я мушу расказаць вам рэшту, або вы надумаеце яшчэ горшае. Пачнем з таго, што я вам скажу адну рэч. Гэта быў сумленны бой.
– Ах, – вымавіў айцец Браўн і быццам гучна выдыхнуў.
– Гэта быў двубой, – сказаў генерал. – Мабыць, апошні двубой у Англіі, і мінула ўжо шмат часу.
– Гэта ўжо лепш, – сказаў айцец Браўн. – Дзякуй Богу, гэта значна лепш.
– Лепш за тыя брыдоты, што вы сабе надумалі, я так разумею? – хрыпла спытаў генерал. – Ну, ад вас гэтага можна было чакаць – здзекуецеся з чыстых і бездакорных пачуццяў, але ўсё так і было. Джэймс Мэйр сапраўды быў адданы стрыечнаму брату, які гадаваўся разам з ім як родны. Старэйшыя браты і сёстры часам і праўда аддаюцца вось так дзіцяці, асабліва калі тое настолькі незвычайнае. Але Джэймс Мэйр быў адной з тых чыстых натураў, у якіх нават нянавісць па-свойму бескарыслівая. Я хачу сказаць, што нават калі пяшчота ў ім ператвараецца ў лютасць, то і яна застаецца аб’ектыўнай, скіраванай вонкі, ён не памятае пра сябе. Гаротны ж Морыс Мэйр быў поўнай супрацьлегласцю. Ён быў значна больш прыязны, і яго любілі, але праз гэты поспех ён жыў у доме з люстэркаў. Ніхто не мог зраўняцца з ім у спорце, мастацтве і іншых дасягненнях, ён амаль заўжды перамагаў і вельмі чароўна радаваўся перамозе. Але варта было яму хоць выпадкова прайграць, на яго наплываў не такі ўжо і чароўны цень: ён трохі зайздросціў. Няма патрэбы расказваць вам усю трагічную гісторыю таго, як ён трохі зайздросціў братавым заручынам, як не мог утрымацца ад бясконцых і мітуслівых спробаў умяшацца. Дастаткова сказаць, што адна з нямногіх рэчаў, у якіх Джэймс Мэйр значна яго пераўзыходзіў, было валоданне пісталетам. Так трагедыя і скончылася.
Читать дальше