1. Рассяленне этнасаў у Эўропе і іхнае развіццё ў перыяд да стварэння нацый (першабытны, рабаўладальніцкі і феадальны перыяды).
2. Паняцці этнасу, рэгіёна, нацыі.
3. Наяўнасць «палітычных нацый» у Эўропе да стварэння сучасных нацый.
4. Сувязі фармавання нацый з капіталістычнымі рэвалюцыямі і пераўтварэннямі. Асаблівасці фармавання нацый у Заходняй Эўропе, Цэнтральнай Эўропе і Ўсходняй Эўропе. Галоўныя фактары ўтварэння нацый, ягоныя вядучыя сілы, асіміляцыя і яе механізм. Асаблівасці фармавання нацый у памежных землях і сярод «выспавых» этнасаў.
5. Уплыў Асветніцтва, асвечанага абсалютызму і рамантызму на фармаванне нацый. Тры фазы фармавання нацый (моўна-этнічнай сувязі, асэнсаванне агульнага гістарычнага паходжання, самаасэнсаванне і самаакрэсленне нацый), розная іх паслядоўнасць на Захадзе і ў Цэнтральна-Усходняй Эўропе. Праблемы ўзаемадачыненняў між панавальнымі, дамінавальнымі і залежнымі этнасамі. Ірацыянальнае і эмацыянальнае ў асэнсаванні прыналежнасці да нацыі.
6. Сутнасць нацыяналізму, асаблівасці нацыяналізму бальшыняў і мяншыняў, сувязь між пачуццямі рэлігійнай і этнічнай прыналежнасці, роля інтэлігенцыі, школаў і адукацыі, мовазнаўства і гісторыі, арганізацыі нацыянальнага жыцця ў фармаванні нацый.
7. Арганізацыя нацыянальнага жыцця пасля Першай сусветнай вайны (з акцэнтам на становішча ва Ўсходняй Эўропе).
Вяртаючыся да пытання пра ўніверсалістычнасць гістарычнага мыслення, хочацца падкрэсліць, што гісторыя пашырае кругагляд моладзі, дазваляе ёй убачыць свет ва ўсёй ягонай геаграфічнай разлегласці, разнароднасці, вучыць заўважаць сувязі і ўзаемадачыненні між этнасамі і дзяржавамі, схіляе да параўнаўчага, рэалістычнага погляду на сваю краіну, яе праблемы і патрэбы, магчымасці і ўмовы для далейшага развіцця. Усё гэта мае важнае значэнне для падрыхтоўкі моладзі да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці і паспяховага развязання яе праблем.
Варта засяродзіцца, улічваючы названыя спосабы гістарычнага навуковага мыслення, на пытаннях месца гісторыі ў фармаванні чалавечых вартасцяў, такіх, як навука, праца, свабода, грамадская справядлівасць, незалежнасць і г. д.
МЕСЦА ГІСТОРЫІ Ў ФАРМАВАННІ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ СВЕДАМАСЦІ
Каму невядома, што свая мова і свая гісторыя займаюць асноўнае месца ў фармаванні нацыянальнай сведамасці? Чалавек, які валодае роднай мовай і ведае гістарычныя карані свайго народа, мацней адчувае сваю залежнасць да яго. Гэтым фундаментам нацыянальнай сведамасці ён адрозніваецца ад тых, хто страціў і першую, і другую, пра якіх паэт, звяртаючыся да Радзімы, сказаў, што яны «забылі цябе, адракліся, прадалі і аддалі ў палон».
Такога чалавека цяжка адарваць ад ягонай чалавечай сутнасці, ад адстойвання сваёй годнасці, ад права вырашаць свой лёс.
Этнічнае (нацыянальнае) асэнсаванне — гэта неадлучная частка асобы. Адыход ад яго — гэта адыход ад адчування свайго асабістага месца ў жыцці грамадства, ад свайго «я» ў плыні прымусовага калектывізму, які навязваўся нам дзесяцігоддзямі.
Здаецца, можна гаварыць пра два генератары нацыянальнага ў вобразе жыцця. Першы — гэта сацыялізацыя: калі ўсё этнічнае прыходзіць з выхаваннем, перадаецца ад бацькоў з традыцыяй і натуральна ўпісваецца ў сістэму паводзін.
Другі — гэта нацыянальная самасведамасць, калі на пэўным этапе культурнага развіцця асобы, з назапашваннем жыццёвага досведу адбываецца асэнсаванне каштоўнасці нацыянальнай культуры і імкненне да яе захавання і адраджэння страчанага, ужо, як правіла, у сімвалічных формах.
Зараз мы з'яўляемся сведкамі ўздыму нацыянальнай самасведамасці ў Беларусі. Пры асэнсаванні каштоўнасцяў сваёй культуры беларусам даводзіцца абапірацца перадусім на родную мову і родную гісторыю.
Мову нашу, здаецца, лягчэй выратаваць ад заняпаду і знішчэння, нягледзячы на тое, што варожыя да беларушчыны сілы рэзка абмяжоўвалі сферу яе ўжывання, каб звесці яе на нішто. Мова перадаецца з вуснаў у вусны, ёй заўсёды застаецца месца, хай сабе нават у хатнім побыце. Нават той з беларусаў, хто раней саромеўся ўжываць яе на прадпрыемстве, ва ўстанове, на транспарце, у краме, на вуліцы, сёння ў спрыяльных умовах і асяроддзі могуць успомніць і ўзнавіць яе ўжыванне. Нават калі мова не зафіксаваная на паперы ці магнітнай стужцы, яна замацавана ў чалавечай памяці і можа «праявіцца» пры пэўных абставінах.
Хоць і са значнымі перашкодамі, але, дзякуй Богу, адраджэнне роднае мовы ў нашым краі ідзе, і ідзе яно лягчэй за адраджэнне гістарычных ведаў. Гэтаму спрыяе і дзейнасць Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, і выданне беларускамоўнай перыядычнай прэсы. Як бы ні бэсцілі нашу мову, як бы ні выкаранялі яе са школаў, як бы ні спрыяла гэтаму фактычнае выгнанне яе з вышэйшых навучальных установаў Беларусі (што і прымушала шматлікіх бацькоў не даваць дзецям магчымасці вучыць яе, бо гэта памяншала магчымасць трапіць у ВНУ), канчаткова расправіцца з мовай яе ворагам не ўдалося. Хай сабе дзеля прадстаўнічасці, але Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка была патрэбная кіраўнікам камуністычнай партыі.
Читать дальше