З таго люд смяецца.
ЗАСЛОНА
* Персанажы старажытнай казкі, запісанай ад дзеда А. Наўчанковай (г. Клецк)
Жартоўная сцэнка для дарослых
Дзейныя асобы:
ТОТА, воўк
ПАНУРА, авечка
ЛЯПА, гаспадар
ХЛОПЦЫ-КАЛЯДОЎШЧЫКІ
Зіма. Вясковы падворак. Т о т а грукае ў вароты, стараецца быць ветлівым.
ТОТА.
Гэй! Прашу вас адчыніць!
Я не есці і не піць –
Справу маю, не жабрак.
(Чакае.) Хтосьці грукнуў. Добры знак.
Паблізу гаўкае, аж заліваецца сабака.
Маўчаў бы, псіна, покуль жыў.
Я недарэмна зуб тачыў.
Адчыніце! Лепей будзе!
Дык ці ёсць у хаце людзі?!
Вароты адчыняе Л я п а ў кажусе.
ЛЯПА.
Што за шум, а дракі нету?
Не пускаем без білета.
ТОТА.
Тут жа, дзядзька, не кіно.
ЛЯПА.
Панімаю. Знаю. Но…
ТОТА.
Кінем жарцікі, стары.
ЛЯПА (змяняе тон).
Што за справа? Гавары.
ТОТА.
Час калядны, шуры-муры…
Карацей – я да Пануры.
ЛЯПА.
У цябе губа не дура…
Дзеўка відная – Панура. (Прыглядаецца.)
Станька, брат, у поўны рост…
Ды ў цябе з-пад курткі – хвост!
ТОТА (запраўляючы хвост у штаны).
Кожны фішку сваю мае.
Ён мне, хвост, не замінае.
ЛЯПА.
А Панура легла спаць.
Позні час…
ТОТА. Павіншаваць
Я прыйшоў авечку вашу.
ЛЯПА. Ты ёй хто?
(Убок.) І што ён скажа?
ТОТА.
Я зямляк ёй, не маню.
Добра знаў яе радню.
Праўда, з ёй мы рознай веры…
Адчыняй вароты, дзверы,
Бо Каляды ёсць Каляды…
ЛЯПА.
Што ж, калі ўжо гэтак нада…
(Накіроўваецца ў глыб двара, убок.)
Чым пускаць яго ў двор,
Лепш яе паклікаць. Мор
І патоп на вас, нахабаў…
Падурнелі, мабыць, бабы,
Калі з гэтакім – амуры…
Ну й авечка ты, Панура!
Выходзіць П а н у р а ў ладненькім паўшубку.
ПАНУРА.
Добры вечар. Гэта ты?
ТОТА.
Пэўна ж, я, не дух святы.
Вось, прыйшоў, мая красуня.
Можа, мы бліжэй да пуні?
(Спрабуе абняць.)
ПАНУРА.
Лепей шчупальцы прыняць.
Я паненка, а не…
ТОТА.
Выбачай, што я ў кар'ер…
ПАНУРА (дабрадушна).
Атрымаеш у каўнер,
Папярэджваю. Вось так.
ТОТА (убок).
Не злуецца. Добры знак.
(Авечцы.)
Я здалёку, цяпнуў гора.
А цябе пабачыў – змору
Як рукой уміг зняло.
ПАНУРА.
Пойдзем лепей на сяло.
Чуеш, песня як звініць?
(Даносіцца каладная песня.)
ТОТА.
Ты ж паспела сон прысніць.
Пра каго, дарэчы, сон?
ПАНУРА (у тон).
Сніла: ў вёску едзе ё н –
У прыкідзе, на аўто…
ТОТА (іранічна).
Можа, з норкавым манто?
ПАНУРА. Ай, маўчы, бо сон нязбытны…
ТОТА (у залу).
О, наіў парнакапытны!
Ім дарункі падавай,
Потым – ЗАГС і каравай.
Вузка мысліш ты, Панура.
Паглядзела б з верхатуры
На жыццё. Які прагрэс!
Будзе ў нас свая АЭС.
Ажыве й куток глухі,
З падворкаў знікнуць лапухі,
І гаспадаркай «Светлы пуць»
Мясціну нашу назавуць.
Мы здзівім свет!
ПАНУРА.
Ужо здзівілі.
ТОТА (мяняе тэму).
Мы, выпадкам, не прастылі?
Гэткі вецер. (Паказвае на пуню.)
Там зацішней.
ПАНУРА (убок).
Ухажор такі увішны –
На хаду падковы рве… (Ваўку.)
Шчас як дам па галаве!
Між тым гаспадар з-за вугла падслухоўвае.
ТОТА.
Во дзявочая удзячнасць!
Не пачуцці – толькі бачнасць,
Толькі выгада, разлік…
ПАНУРА.
Мо здалося? Бачу клык.
ТОТА.
Меркантыльнасць – во бяда!
А паглядзіш – галата.
Рушнічок адзін ад мамкі,
А туды ж – адразу ў дамкі.
ПАНУРА.
Ой, звяліся кавалеры…
Дзе сур'ёзныя намеры?
Дзе шляхетнасць? Божа мой!
Песня чуецца бліжэй.
ТОТА.
Калядоўшчыкі з казой!
Пачакай хвілінак пяць.
Я хутка. (Выбягае з двара.)
ЛЯПА (набліжаецца).
Раю не чакаць.
Тут, дзеўка, воўчыя клыкі…
ПАНУРА.
А сам ты з жонкаю які?
Ні ёй увагі, ні пяшчоты,
Адна – гары яна – работа.
Як зазлуеш, раскрыеш зяпу…
ТОТА (вярнуўшыся).
Можа, сватам будзеш, Ляпа?
Цябе я усур'ёз прашу.
(Убок.) Інакш я некім закушу.
(Паказвае клунак.)
Глядзіце: маем пачастунак.
Смакоцця колькі! (Прыкідвае вагу.)
Важкі клунак…
ЛЯПА.
У калядоўшчыкаў забраў!
ТОТА (з пагрозай).
Табе ў пасцельку не пара?
(Авечцы.) Лічу, нам час перакусіць.
Без падмацунку не пражыць.
ЛЯПА.
Дык я таго… Пайду скарэй…
Как гаварыцца, дзень мудрэй…
ТОТА.
Чакай, пакуль ты не пайшоў –
Здымі-ка, браце, кажушок.
Ён нам спатрэбіцца… Пазней… Бо халадае…
(Дастае з клунка пляшку.)
Ляпа пакорна аддаў кажух і падаўся ў хату.
Читать дальше