Людміла Рублеўская
Сэрца мармуровага анёла
Люблю вандраваць.
Часам гэтая схільнасць ублытвае мяне ў авантурныя падзеі, якія не да твару такой самавітай асобе, як я, з навуковай ступенню кніжкамі і працай у сталічным музеі… Ды не, гэта я перабольшваю наконт маёй самавітасці. Па-ранейшаму не паважаю сур'ёзных паседжанняў і павучальных размоў, увогуле цярпець не магу тое, што называецца «ўпарадкаванасцю». Акуратныя стосікі аркушаў і кніг на пісьмовым стале выклікаюць у мяне адно жаданне — зараз жа раскідаць іх. Утульна я адчуваю сябе толькі ў мастакоўскіх майстэрнях — там, дзе састаўленыя ўздоўж сцен кераміка і палотны, дзе на паліцах аскепкі невядомых пасудзін і дзівосныя букеты з сухіх кветак і птушыных пёраў… Дзе можна знайсці зусім нечаканыя прадметы — ад чалавечага чэрапа да ліхтара, з якім у мінулым стагоддзі абходчык чыгункі сустракаў цягнік… Дзе ў паветры, прапахлым алейнымі фарбамі, нібыта празрыстыя мятлушкі, лунаюць душы ненапісаных карцін. У антыкварныя філіжанкі нальецца кава, і пойдзе размова — пра Мастацтва…
Я — з тых, хто пры мастацтве… Як я хацела быць у ім! Але калі зразумела, што не магу быць сярод лепшых мастакоў, перавялася з мастацкага на мастацтвазнаўчае аддзяленне. Не ведаю, можа, і ўчыніла глупства… Але і на сваёй цяперашняй дзялянцы спрабую нешта зрабіць. «Жанчына з неўладкаваным лёсам» — так, здаецца, гавораць пра такіх, як я? Бліжэйшая сяброўка Нюта сцвярджае, што мой характар і вобраз жыцця проста не выцерпіць ніводзін нармальны мужчына. Цікава, хто, на яе думку, «нармальны мужчына»? Я — не ведаю.
Мае першае і самае моцнае каханне — Альберт Свянткоўскі, мастак. Пазнаёміліся мы з ім на першым курсе. Таленавіты быў вельмі. За талент яму ўсё прабачалі — і пропускі заняткаў, і дробныя хуліганскія ўчынкі кшталту намазанага фосфарам чэрапа ў лабаранцкай. Альберт і сказаў мне наконт маіх перспектыў у мастацтве. Гэта ў яго стылі — гаварыць, што думае, і рабіць, што хоча. Я не была настолькі амбіцыйнай, каб пакрыўдзіцца, тым больш ён зусім не хацеў мяне крыўдзіць. Каханне наша трывала да пятага курса. Да гэтага часу Свянткоўскі паспеў усвядоміць, што я абсалютна непрыдатная для таго, каб грэць яму пантофлі, падаваць каву ў ложак і прабачаць лёгкія флірты дзеля натхнення. Мая «незямная» прыгажосць засталася занатаваная на яго палотнах, а ў мяне застаўся ягоны стары эцюднік, якім я часам карыстаюся. Развіталіся па-сяброўску, ён нават зрэдку тэлефануе мне — па справах, зразумела. Адгадаваў бараду, дабіўся вядомасці, два разы развёўся і тры разы жаніўся… Але Бог з ім, з Альберцікам… Мы былі занадта маладыя, каб грунтоўна псаваць адно аднаму жыццё. А вось наступнае — і апошняе — каханне, Радаслаў Дудкоўскі, ледзь не пахіснуў маё аптымістычнае светаўспрыманне. Пасля таго як Свянткоўскі апошні раз выпіў у маім пакоі філіжанку кавы і дэманстратыўна памыў яе на развітанне — працэдура, якая ніколі дагэтуль не адбывалася без майго напамінку, — я падрыхтавалася да пажыццёвай самоты. Але Радаслаў, Радзік, быў поўнай супрацьлегласцю абцяжаранаму ўласнай геніяльнасцю Альберціку. Ён таксама мастак, і нават някепскі. У адрозненне ад шматколернага Альбертавага буйства Радзік успрымаў свет ахраматычна. Яго гравюры па-свойму стыльныя — акадэмічна правільныя і ў той жа час з нейкай дзівінкай, няўлоўнай няправільнасцю, ад якой звычайныя відарысы ператвараюцца ў снабачанні. Радзік пераканаўча давёў мне, што я — ідэал жанчыны ўвогуле і ягоны ідэал у прыватнасці. Ён прыходзіў у маю аднапакаёвую «хрушчоўку», якая засталася мне ад бабулі, з букетамі ружаў. Варыў украінскі боршч на пліце, якую я ўключала толькі дзеля таго, каб згатаваць гарбату. Заварваў зёлкі, калі я хварэла… Ну і, зразумела, занатоўваў для вечнасці маё аблічча ў чорна-белым варыянце. Карацей, усе сяброўкі і сваякі адзінадушна вынеслі вердыкт, што дурная буду, калі такога мужыка адпрэчу. З Радзікам мы дайшлі нават да загса… І тут пачалося. Высветлілася, што акрамя гаспадарчых здольнасцей, у майго мужа хапае комплексаў і неўрозаў, і я мушу штодзень падтрымліваць яго ў бязлітаснай і няўдзячнай барацьбе — «Радзік — супраць усяго свету». Таму што навокал усе былі зайздроснікі, паклёпнікі, хітруны, ілгуны, спрытныя бездары і кар'ерысты. Над імі ўзвышаўся, кшталту антычнай статуі Немезіды, бездакорны Радзік. Кожны дзень я мусіла выслухоўваць скаргі і жахлівыя падрабязнасці гэтай барацьбы.
Читать дальше