Наўе нічым не адрозніваецца ад мноства такіх жа маленькіх мястэчак Заходняй Беларусі. На цэнтральным пляцы па-ранейшаму па нядзелях і святах збіраецца кірмаш, вядома, не такі багаты, як некалі. Прадаецца цудоўная мясцовая кераміка, хаця сёння гэты промысел, якому не адна сотня гадоў, амаль знік. На керамічнай фабрыцы адключылі электрычнасць за даўгі, і рэшта майстроў абпальвае свае збаны і місы ў дзедаўскіх печках. Не шныраюць між кірмашнымі радамі шкаляры з мясцовай семінарыі, згаладалыя і гарэзныя… Даўно няма ні тае семінарыі, ні касцёла — толькі рэшткі сцен засталіся… Няма і царквы, што, як і належала, стаяла па другі бок пляца ад касцёла і гэтак сама была панішчаная на пачатку шасцідзесятых. На ўскраіне дзейнічае маленькая драўляная цэркаўка Святой Параскевы, а на другой ускраіне вернікі аднавілі касцёл Святога Станіслава. Затое цэнтр, вызвалены ад культавых будынкаў, прыўкрашае двухпавярховае збудаванне мясцовай адміністрацыі — прыемны афіцыйнаму воку прастакутнік з шэрай цэглы, са сцягам на даху і надпісам: «Слава трудовому народу» на фасадзе. Цікава, чым палічылі б гэты будынак былыя ўладары мястэчка, князі Палецкія? Стайняй? Памяшканнем для прыслугі?
Але мой шлях быў менавіта ў гэты будынак, да цяперашніх уладароў Наўя. Старшыня сельсавета, мажны мужчына, падобны да Фальстафа, ацэньваюча агледзеў маю постаць, захутаную па самы нос у футра. Да таго ж я абвязалася пуховай хусткай, а паўзверх нацягнула скураны капялюш з шырокімі брыламі… Плюс эцюднік ды сумка з выявамі пірамід і Неферціці, некалі прывезеная Радзікам з Егіпта. «Фальстаф» яшчэ раз зірнуў у мае паперы і, відаць, вызначыў мой ранг як досыць высокі для мясцовага маштаба — замітусіўся, запрапанаваў крэсла і гарбату і пачаў кудысьці назвоньваць, каб падрыхтаваліся да прыёму важнай госці.
Наўеўскі краязнаўчы музей, куды мяне адвезлі на старшынёвай белай «Волзе», месціўся ў былым панскім доме, сярод заснежанага поля наводшыбе ад Наўя. Бліжэйшы да яго будынак — царква Святой Параскевы. У Наўі ніколі не было ні палаца, ні замка, адзін гэты княжацкі паляўнічы домік, альбо летняя рэзідэнцыя, — не ведаю, як правільна называць. Лясы навокал багатыя, а трыста гадоў таму, мусіць, зубры ды сарны проста пад вокны падыходзілі. Наколькі я памятала па малюнку ў энцыклапедыі, дом невялікі, двухпавярховы, але жывапісны — мініяцюрная крэпасць са стылізаванымі абарончымі вежамі па кутах і вострым чарапічным дахам. Рэальнасць, вядома ж, аказалася куды больш сумнай. Княскі дом нагадваў арыстакрата, перавыхаванага рэвалюцыйным народам. Урачысты ганак з калонамі знік. Замест дахоўкі — звычайная бляха. Плінфа, з якой былі выкладзеныя сцены, хавалася пад слоем шэрай тынкоўкі. Вокны другога паверха забітыя дошкамі. Але была ў гэтым скалечаным доме і сумная ўрачыстасць даўніны, якую нельга знішчыць, як нельга высветліць да першапачатковай выразнасці фарбы на старой карціне.
Мы зайшлі ў будынак. Драўляная, даўно не фарбаваная падлога, зялёныя сцены ў цёмных рагах, лесвічны праём насупраць увахода таксама забіты дошкамі… Нядаўна тут была школка, дырэктарам якой і працаваў памерлы Нічыпар Цудко, — на дзвярах яшчэ захаваліся цьмяныя шыльдачкі: «4 клас», «Настаўніцкая»… Цяпер, як патлумачылі мае праважатыя, старшыня ды нейкая цётка, здаецца, культарганізатар местачковага маштабу, школу перавялі ў новы будынак, а гэты чакае рамонту — дах праваліўся.
Альберцік дарэмна турбаваўся — наплыву жадаючых прыўлашчыць прыхаваныя ў музеі багацці не назіралася. На дзвярах наўеўскай скарбніцы вісеў новенькі замок, ключа ад якога ні ў старшыні, ні ў цётачкі не аказалася.
— Зараз Вінцука знойдзем, вартаўніка, ён нам адчыніць… Вінцук, Вінцук!
Голас старшыні чамусьці гучаў няўпэўнена, а цётачка незадаволена зморшчылася. Каго можна клікаць у гэтым пустым, як разбіты збан, памяшканні? Успомніліся гісторыі наконт прывідаў у закінутых дамах… У паўцемры калідора нешта зашаргатала, дзверы з надпісам «Кабінет хіміі і біялогіі»раптоўна расчыніліся, і ў светлым праёме вымалявалася дзіўная постаць у ватніку і галёшах на вяровачках. Высокі нязграбны чалавек — ці прывід? — меў гадоў пад сорак. У цёмных доўгіх валасах і барадзе не заўважалася сівізны. Твар худы, а вочы ненатуральна светлыя і глядзяць спадылба, праз нерасчэсаныя пасмы… Проста ваўкалак нейкі, пярэварацень. Чалавек моўчкі, не павітаўшыся, глядзеў на нас.
Старшыня надаў голасу важнасці:
Читать дальше