Мой апанент распрастаў спіну, вочы яго свяціліся непадробным інтэлектам…
— Хто вы такі? — вырвалася ў мяне.
Вінцук адразу змяніўся, нібыта надзеў выпадкова згубленую маску.
— Вартаўнік я.
І адвярнуўся, пачаў старанна ўхутваць скульптуры радном. Але позна — цяпер я была ўпэўненая, што парадак у гэтым скляпенні быў невыпадковы і дрэва было адрэстаўрыраванае менавіта ім. Але паколькі ён не жадаў заводзіць са мной размовы на гэтую тэму, я мудра замаўчала і ўзяла са стэлажоў яшчэ некалькі папак. Вінцук адышоўся ў цемру далёкага кута, паваждаўся там і прынёс мне яшчэ нейкія паперы.
— І гэта пачытайце, вам цікава будзе.
Я выйшла за Вінцуком наверх, яшчэ раз падзівіўшыся фундаментальным дзвярам і адмысловаму набору замкоў.
А наверсе нас ужо чакалі. Фальстафаўская фізіяномія старшыні яшчэ больш ільснілася і расплывалася ва ўсмешцы. Мусіць, таму, што на гэты раз усміхаўся не толькі мне, але і іншым важным гасцям — найперш прыгожай жанчыне ў пясцовым футры. Калі я была ў вёсцы экзотыкай, дык гэтая кабета мусіла здавацца прыхаднем з іншага свету — не таго, адкуль прывіды, а таго, дзе ездзяць у студзені загараць на Гаваі, а ў ліпені адпачываюць на горналыжных швейцарскіх курортах… Жанчына нецярпліва пастуквала аб драўляную абдрапаную падлогу дасканалым боцікам з казачнай срэбнай скуры на высокім абцасе. Светлыя валасы гэтак жа дасканала закручваліся ў локаны, вялізныя шэрыя вочы раўнадушна-ўпэўнена пазіралі на свет. Твар з вытанчанымі рысамі здаваўся лялечным. Аднак угадвалася за гэтай лялечнай красою ўнутраная сіла, ці, хутчэй, уладарнасць. Таму я не адразу разгледзела двух спадарожнікаў прыгажуні, хаця яны таксама заслугоўвалі ўвагі,— бамбіза ў кажуху, не раўнуючы целаахоўнік, і дзядзечка ў доўгім чорным паліто з каракулевым каўняром і ў каракулевай шапцы. «Прынцэса» і яе світа… Старшыня мітусіўся:
— Вінцук, Вінцук, адчыняй хутчэй скляпенне! Вера Сцяпанаўна жадае паглядзець. Ну, хутчэй жа! Давай ключ, я сам адчыню, а то цябе не дачакаешся.
Я паглядзела на свайго нядаўняга экскурсавода і здзівілася. Ён стаяў ля сценкі, засунуўшы рукі ў кішэні ватоўкі, і такі каменны зрабіўся ягоны твар, нібыта ён сам быў часткай нейкага надмагільнага барэльефа.
— Не адчыню.
Мне падалося, што «Фальстаф» зараз лопне ад гневу.
— Ды ты ведаеш, каму адмаўляеш?
— У тым і справа, што ведаю.
«Прынцэса» толькі холадна ўсміхнулася. Бамбіза, відаць, сапраўды целаахоўнік, няспешна падышоў да вартаўніка і працягнуў далонь.
— Давай ключы. Сам дай, а то… Старшыня аж клекатаў:
— Цудко, няхай зямля яму пухам, нікога не пускаў… Цяпер гэты… Там жа адно ламачча, нікому не патрэбнае!
— Гэта не вам меркаваць.
Вінцук стаяў, як каменны рыцар. Бамбіза ўзяўся за яго ватоўку.
Не першы раз даводзілася назіраць такія сцэны… Праўда, звычайна «новыя беларусы» не сустракаюць супраціву — дый тут з боку мясцовых улад, відаць, не сустракаюць. Сунуць сто баксаў — і забіраюць бясцэнныя рэчы. А мы пасля разглядаем фотаздымкі ў каталогах замежных аўкцыёнаў, каб дапоўніць чарговы раздзел айчыннай гісторыі мастацтва. Ці яшчэ горш — забяруць старажытную скульптуру дзеля прыкрасы лецішча, скалечаць па сваім гусце, расфарбуюць, пагаблююць, не спадабаецца — знішчаць. У паціры, у якім прычасце выносілі, кактэйлі змешваюць. Спыніць іх не ў маёй уладзе, але на адкрыты скандал яны не пойдуць, дакладна. Я прадставілася, пералічыла ўсе свае рэгаліі і высокіх асоб, што мяне сюды накіравалі, і запэўніла, што пакуль не зраблю вопіс экспанатаў, якія ўяўляюць цікавасць для майго музея, пакуль не будзе складзены адпаведны акт аб перадачы азначаных рэчаў, ніякіх экскурсій не можа быць. Яшчэ што знікне, а мне пасля адказвай перад гісторыяй.
— Гісторыя перажыве, — прыгажуня працэджвала словы скрозь зубы. — Гісторыя не тое перажывала.
— Вельмі рады пазнаёміцца з вамі, калега, — гэта вылез наперад дзядзечка ў паліто. — Я таксама мастацтвазнаўца, эксперт сталічнага антыкварнага салона. Так што, думаю, мне…
— Абяцаю, калі адбудзецца інвентарызацыя, запрашу вас на агледзіны. А пакуль, выбачайце, я прадстаўляю інтарэсы дзяржавы.
Бамбіза рваўся ў бойку, але «прынцэса», відаць, перадумала, павярнулася на сваіх высокіх абцасіках і пайшла. На развітанне яна кінула доўгі позірк на Вінцука, які, аднак, аніяк не адрэагаваў.
«Фальстаф» пабег услед за гасцямі, пасля вярнуўся. Паколькі з двух аўтарытэтаў засталася толькі я, усё жаданне дагадзіць было скіравана ў адзін бок.
Читать дальше