Людміла Рублеўская
Янук, рыцар Мятлушкі
П’еса-казка ў 3-х дзеях
Мятлушка.
Янук Шукайла-Залескі.
Князёўна Даратэя.
Кадук.
Лесавічок.
Жытнічак.
Начніцы.
Страхі.
Ясная летняя ноч. На галінах дрэў гушкаюцца Мятлушка— танклявая дзяўчына ў лёгкай шэрай сукенцы, з пушыстымі попельнымі валасамі і празрыстымі крыламі за спіной, і яе сябры — Лесавічокі Жытнічак.
Мятлушка. Як хораша сёння ў лесе! Як ласкава свеціць Маці-Поўня!
Лесавічок. А на ялінах ужо выраслі зялёныя свечкі-пупышкі, духмяныя-духмяныя!
Жытнічак. І жыта ўжо зарунела… Калі яно вырасце вышэй за мяне, пойдзем зноў гуляць у хованкі!
Мятлушка (мройна). Як мне хочацца, каб здарылася нешта незвычайнае! Можа, збегаем да русалак, паслухаем іх песні?
Лесавічок. Не, лепей падыдзем да Чорнага балота, паглядзім, як з дрыгвы ўсплываюць срэбныя лілеі!
Жытнічак. Ціха, сябры, нехта ідзе!
Мятлушка. Гэта чалавек!
Лесавічок. Давайце павесялімся!
Жытнічак. Ён зусім малады — і адзін! Зараз настрашым!
Хаваюцца за ствалы дрэў. На паляну выходзіць малады хлапец у шляхецкай, але вельмі падранай вопратцы, з рыцарскім мячом. Гэта Янук .
Янук( спявае ).
Высакародны рыцар
Нікога не баіцца.
Ён па зямлі вандруе,
Каб ратаваць люзей.
Апалая ігліца
Пад месяцам іскрыцца,
І рыцар, што вандруе,
На сцежцы не ўпадзе.
З трох бакоў на Янука кідаюцца з жахлівымі крыкамі Мятлушка, Лесавічок і Жытнічак, стараюцца напалохаць. Янук выхоплівае меч.
Янук. Ах вы, подлыя нападнікі! Я — высакародны шляхціц і ніколі не адступаю! Вось я вас!..
Янук ганяецца за жартаўнікамі, але дзе дагоніш гарэзлівых юных духаў!Нарэшце ўсе стамляюцца.
Мятлушка( крычыць). Перастаньце! (З добрай усмешкай падыходзіць да Янука ). Глядзіце, ён зусім не спалохаўся!
Янук. Вы хто такія?
Мятлушка. Я — Мятлушка, дачка Поўні.
Лесавічок. Я — Лесавічок, сын лесу.
Жытнічак. А я — іх сябрук, Жытнічак. Мая маці — русалка, а дом — жытнёвае поле. А як завуць цябе?
Янук (кланяецца з вялікай годнасцю, урачыста адказвае). Пан Янук Шукайла-Залескі!
Лесавічок. Чаму ж такі высакародны пан — ды без каня?
Янук (не паднімаючы вачэй, паўтарае завучаную байку ). Дарогай здарылася са мною страшнае няшчасце. Быў у мяне цудоўны конь з каралеўскае стайні. Але яго з’елі ваўкі…
Мятлушка. Ваўкі?! У нашым лесе?
Янук (збянтэжыўшыся) . Ваўкі…
Жытнічак. А чаму такі высакародны рыцар ходзіць без капелюша?
Янук( ужо без ранейшай упэўненасці ). Дарогай здарылася са мною страшнае няшчасце. На маім цудоўным капелюшы быў вялікі дыямент з каралеўскага куфэрка. Але магутны арол…
Мятлушка падыходзіць да юнака і дакорліва глядзіць яму ў вочы, але той усё-ткі працягвае аповед.
…прываблены бляскам, кінуўся на гэты дыямент і знёс… разам з капелюшом…
Мятлушка. Ну на што ты маніш? Вось дзіўныя вы, людзі! Хочаце здавацца не такімі, якія вы ёсць.
Янук( жадаючы апраўдацца ). Мой род высакародны. Мой прадзед, дзед і бацька ваявалі за караля…
Жытнічак. І пакінулі цябе ў падраных портках!
Абражаны Янук спрабуе злавіць гарэзніка, але той залазіць на дрэва і дражніцца адтуль.
Мятлушка( прымірэнча ). Куды ж ты ідзеш?
Янук. У палац Кадука, ратаваць князёўну Даратэю!
Слухачы ўражаныя. Нават Жытнічак злазіць з дрэва і падыходзіць да Янука.
Лесавічок. Вар’ят! Ніхто з людзей не можа прайсці ў палац да Кадука!
Жытнічак. Кадук з’яўляецца толькі ў адну хвіліну — апоўдні, і толькі тады, калі яго паклічуць.
Лесавічок. Як пажадае хто-небудзь каму: «Кадук цябе забяры…», то Кадук з’явіцца…і забярэ…
Жытнічак. Князёўна Даратэя гэтаксама апынулася ў Кадука! Я чуў, што яе бацька, вялікі князь, так моцна на яе раззлаваўся, што і сказаў гэтыя словы… І якраз трапіў на страшную хвіліну. Пасля, канешне, шукаць кінуўся, узнагароду абвясціў таму, хто верне дачку…
Мятлушка. Не можа быць, не можа быць, каб родны бацька сказаў такое на дачку!
Читать дальше