Янук( становіцца на калена ). Шаноўная панна Даратэя, няўжо вы не пазнаяце вашага адданага рыцара? Ваша кветка заўсёды каля майго сэрца ( дастае кветку, паказвае ), а ваша імя — на маіх вуснах! Я прыйшоў вызваліць вас!
Даратэя. А, помню… Юнак пад балконам… Значыцца, ты прыйшоў вызваліць мяне? Гэта прыемна. (Устае з ложка, садзіцца перад люстэркам, прыхарошваецца.)
Янук. Шаноўная панна! Хутчэй пойдзем адсюль!
Даратэя. Пойдзем? Спадзяюся, ты прыехаў у карэце? З табой многа слуг?
Янук. ( разгублена ). Папраўдзе кажучы, я…( Глядзіць на ганарлівы твар князёўны і паныла паўтарае сваю легенду.) Дарогай здарылася са мною страшнае няшчасце. У мяне была цудоўная залатая карэта, запрэжаная коньмі з каралеўскае стайні… Але іх з’елі ваўкі…
Даратэя. Разам з карэтай?
Янук. Карэта, пазбаўленая такім подлым чынам коней, пакацілася пад адхон і, упаўшы ў страшэнна глыбокае возера, затанула…
Даратэя. Разам з фурманам і лёкаямі?
Янук( адчуваючы, што князёўна з яго насміхаецца, спрабуе змяніць тэму размовы ). Але я не смею больш займаць каштоўны час высакароднай паненкі аповедамі пра свае няшчасці. Даратэя, прашу вас, хутчэй пойдзем адсюль!
У пакой заходзіць Кадук. Ён зусім нястрашны. Таўшчэзны стары, які маладзіцца. Апрануты ў чорны сурдут і капялюш-цыліндр, відавочна з іншай эпохі. Белая кашуля, лакіраваныя чаравікі, у пятлічцы — кветка. У руках — вялікі прыгожы букет штучных кветак і куфэрачак.
Кадук( здзіўлены з’яўленнем Янука ). Вось нечаканыя госці!
Янук( выхоплівае меч ). Абараняйся, подлы выкрадальнік паненак! Я, Янук Шукайла-Залескі, выклікаю цябе на смяротны бой!
Князёўна Даратэя ўскрыквае і падае ў непрытомнасці на ложак. Што не перашкаджае ёй час ад часу прыўзнімаць галаву, каб сачыць за падзеямі.
Кадук( спакойна і лагодна ). Ай-яй-яй, малады чалавек! Як не сорамна! Толькі ўвайшоў у чужую хату, адразу з мячом на безабароннага старога гаспадара… А яшчэ шляхціц!
Янук сумеўся. Не ведае, што рабіць, апускае меч.
Давай лепш прысядзем, спакойна абмяркуем усе прэтэнзіі і прапановы.
Жытнічак( выглядвае з-за трумо ). Не слухай Кадука! Ён цябе падмане!
Янук сядае на прапанаванае крэсла, але адчувае, што не можа з яго ўзняцца. Дарэмна спрабуе юнак вырвацца.
Янук. Гэта несумленна! Не па-шляхецку!
Кадук( павучальна ). Якія неспакойныя маладыя людзі ў наш час… Толькі ўсадзіш іх на ўтульнае месца — адразу кудысьці мкнуцца, то князёўнаў ратаваць, то Кадукоў забіваць…
Тым часам прыбягаюць Кадуковы слугі— Страхі, звязваюць юнака, адбіраюць у яго меч. Кадук са смехам кладзе букет і куфэрак на ложак, каля князёўны Даратэі. Ён скідвае цыліндр і сурдут, слугі падаюць яму чорны, з залатой аздобай плашч, карону і меч. Цяпер Кадук сапраўды падобны на злога чараўніка. Ён падымае меч і падыходзіць да Янука.
Даратэя( прыўзнімае галаву ). Кадучок, няўжо ты так жорстка абыдзешся з гэтым прыгожым маладым чалавекам?
Кадук. А што зробіш, сонца маё? У маім становішчы нельга цярпець канкурэнтаў, асабліва калі яны маладыя і прыгожыя.
Даратэя. Але ж ён такі бескарыслівы, такі адданы… ( Капрызна .) Мне яго шкада!
Кадук( падыходзіць да Даратэі, гаворыць напаўголаса). Падумай сама, дыяменцік мой. Калі я зараз не скончу з ім, ты можаш застацца не толькі без гэтага ( дастае з куфэрка, які нёс у падарунак, прыгожае калье ), але і без усяго гэтага ( абводзіць рукою шыкоўны пакой ). А ўспомні пра ўласны кілім-самалёт ( паказвае ), пра бурштынавы палац на беразе мора! А птушынае малачко, што спецыяльна для цябе прыносяць Мроі з Млечнага Шляху!
Даратэя кажа сваё штучнае «Ах!» — і зноў падае на ложак.
Жытнічак. Хутчэй пабягу па дапамогу! Мятлушка павінна нешта прыдумаць! ( Выбягае )
Кадук зноў, не спяшаючыся, набліжаецца з мячом да Янука. Той глядзіць проста ў вочы свайму кату, сцяўшы вусны, спакойны і мужны.
Кадук.
Што перад бляскам золата і сталі
Пялёсткі дабрыні, агеньчык веры?
Хто ўбачыць хараство Мятлушкі шэрай?
Хто непахіснасць рыцара пахваліць?
Чароўнай Даме дораць дыяменты,
А не ўздыханні, мой ты рыцар бедны…
Падымае меч, але раптам чуюцца крыкі «Мятлушка, стой, ты загінеш!»
Читать дальше