Улятае Мятлушка. Яркае святло асляпляе яе, яна прыкрываецца рукою. Кадук адтупае, бачачы, што Мятлушка трымае ў другой руцэ месячны прамень. Страхі таксама аступаюцца, з бояззю паглядаючы на чароўную зброю ў руцэ дзяўчыны.
Кадук. Не падыходзь! Табе тут не месца, дзіця ночы! Калі ты наблізішся да майго святла, загінеш! Пашкадуй сябе! Ляці назад!
Мятлушка. Мне ўсё роўна!
Лячу на прывідны агонь,
Мая любоў зямная.
Хай ночы цёмнае крыло
Мяне не захінае.
Імгненні ёсць — калі нішто
І боль, і страх, і згуба.
(Хістаючыся, набліжаецца да Кадука, з-за спіны якога зіхаціць яркае бязлітаснае святло).
Янук. Мятлушка, ты загінеш! Стой!
Мятлушка. Жыві і помні, любы!( Кідае ў Кадука месячны прамень.)
Зацямненне. Кадук падае. Сцены палаца разбураюцца. Страхіразбягаюцца. Мятлушка на хвіліну апраменьваецца яркім святлом і падае…
Зноў святло. Але не такое сляпучае, як раней. На месцы палаца застаўся толькі прыкаваны да слупка кілім-самалёт. Вакол — лес. Над ім узыходзіць сонца. Над Мятлушкаю схіліліся Жытнічак і Лесавічок.
Жытнічак( плача). Мятлушка!
Лесавічок( стрымлівае слёзы ). Мятлушачка!
Янук устае. Яго нішто больш не трымае. Глядзіць на Мятлушку, на Даратэю.
Даратэя( азіраецца вакол ). Ну вось! Нічога не засталося! ( Глядзіць на свае пальцы, шукаючы пярсцёнкі, намацвае завушніцы .) Ніколі, ніколі ў жыцці ў мяне не будзе больш такіх скарбаў! Гэй ты, мой рыцар!
Янук паварочваецца да князёўны.
Ты вызваліў мяне. Цяпер можаш правесці мяне дадому. Па меншай меры, кілім-самалёт застаўся… Не ісці ж мне пешкі! ( Змяняе тон на какетлівы .) Урэшце, ты ж дзеля мяне столькі перанёс, праявіў такую мужнасць і вернасць! Дарогаю раскажаш мне пра свае подзвігі — ты так цудоўна расказваеш! Ну, доўга цябе чакаць?
Даратэя сама адчэплівае кілім-самалёт ад слупка, але Янук праходзіць паўз яе да Мятлушкі, схіляецца над ёю разам з Лесавічком і Жытнічкам, становіцца на калена.
Янук. Мая Чароўная Дама! Прысягаю табе ў вернасці і любові! Клянуся, што ніколі не забуду цябе і ні на кога не прамяняю. З тваім імем на вуснах, у тваю светлую памяць я здзейсню мноства слаўных подзвігаў!
Схіляецца над Мятлушкаю і цалуе яе. Раптам зноў гасне святло, а калі яно ўспыхвае, Мятлушка павольна падымецца. З ёй адбылася дзіўная змена: адзенне праменіцца яркімі колерамі, воы ззяюць, валасы зрабіліся залацістымі, вусны — яркімі, як маліны. Толькі крылы зніклі назаўсёды.
Жытнічак. Мятлушка, ты зноў жывая!
Лесавічок. Якая ты прыгожыя!
Жытнічак. У яе больш няма крылаў…
Лесавічок. Але яна зусім не баіцца сонца!
Мятлушка (кладзе руку на плячо Янука ). Высакародны рыцар Янук Шукайла-Залескі! Ты верна служыў дабру, а значыць — мне. Я пасвячаю цябе ў свае рыцары!
Янук.Ад сёння — назаўсёды!
Даратэя. Ды што ж гэта такое — апошняе адбіраюць! Янук! Ты ж мой рыцар!
Янук не звяртае на яе словы ўвагі, бярэ Мятлушку за руку. Мятлушка і Янук глядзяць адзін аднаму ў вочы так, што Лесавічок і Жытнічак дружна ўздыхаюць.
Лесавічок. Эх, Мятлушка… А я думаў: будзеш ты некалі гаспадыняй майго ляснога маёнтка…
Жытнічак. А я марыў, што падару табе сваё залатое поле…
Янук. А яна будзе ўладарыць у замку маіх продкаў. Там няма золата і слуг, няма коней з каралеўскае стайні і дыяментаў з каралеўскага куфэрка, але я дару ёй сябе і сваё каханне!
Мятлушка. Дурненькі! У нас будзе ўсё зорнае неба, усё сонечнае святло, усе кветкі і крынічная вада! У нас будуць дні і ночы, песні і казкі, каханне і згода! Мы — самыя багатыя ў свеце!
Даратэя( стоячы на кіліме-самалёце, тупае нагой). Здаецца, пра мяне забыліся? Я не магу больш заставацца ў гэтым дзікім і пустэльным — па вашай міласці — месцы. Хачу дадодму! У свой палац! ( Тупае нагою.)
Нечакана кілім уздымаецца. Князёўнаад нечаканасці нязграбна падае на яго і з віскам знікае разам з кілімам.
Янук.Хай сонца паліць…
Лесавічок. Хай дождж імжыць…
Жытнічак. Зліецца неба з зямлёй!..
Усе разам.
А рыцар мусіць заўжды служыць
Чароўнай Даме сваёй!
Заслона