Мятлушка( з уздыхам ). Я — начны матылёк, дух месячнага лесу. Мае колеры спяць. А вось і балота скончылася. Ой, глядзі! Сюды ідуць Начніцы! Яны вартуюць шлях да палаца!
Набліжаюцца Начніцы— прыгожыя дзяўчаты ў цёмна-сініх туніках, густа ўсыпаных зоркамі-блішчынкамі.
Першая Начніца. О рыцар! Хадзі са мною — я зраблю цябе самым багатым у свеце! Я аддам табе сто патаемных скарбаў — ты купіш сэрцы першых прыгажунь і мячы найлепшых вояў! ( Перасыпае з рукі ў руку золата.)
Мятлушка( шэпча ). Не вер ім, яны хочуць загубіць цябе!
Другая Начніца. Хадзі са мною, рыцар! Я дапамагу табе здабыць славу! У мяне ёсць зачараваныя даспехі і зброя, ты будзеш пераможцам на ўсіх рыцарскіх турнірах!( Паказвае залаты лаўровы вянок.)
Трэцяя Начніца. Са мною! Толькі са мною, рыцар! Ты разумны і адважны, табе павінна належаць улада! Я зраблю цябе каралём вялікай дзяржавы, ты будзеш караць і літаваць, аб’яўляць вайну і заключаць мір. Вялікія дзеянні чакаюць цябе, рыцар! ( Працягвае Януку карону .)
Янук. Шаноўныя пані, дазвольце мне прайсці, бо я — верны рыцар панны Даратэі і магу служыць толькі ёй.
Начніцы круцяцца вакол Янука, нашэптваюць сваё: «Улада!», «Слава!», «Багацце!»
(Спрабуе вырвацца з іх кола, нарэшце выхоплівае меч.) Прэч адсюль, морак начны!
Начніцыразлятаюцца.
Мятлушка. Малайчына, Янук! Начніцы служаць Кадуку, бо зло аднолькавае і ўдзень, і ўначы. Але гэта яшчэ не перамога! Сюды набліжаюцца Страхі — слугі Кадука. Мне страшна, Янук!
Янук. Не бойся, Мятлушка, я з табою!
Мятлушка хаваецца за Янука. Падыходзяць Страхі— пачварныя істоты. Яны стараюцца напалохаць Янука, прымусіць яго адступіць.
Страхі( разам ).
Мужнасць і вернасць
Растануць, як дым.
Страх — не ў начы.
Страх — у сэрцы тваім.
Страхіўладараць людскою душой!
Рыцар, спыніся!
( крычаць адзін за адным )
Ты мой!
Ты мой!
Ты мой!
Ты мой!
Янук разганяе Страхімячом. Раптам святлее і наперадзе паказваюцца вялікія залатыя вароты.
Мятлушка. Вось ён, уваход у палац Кадука!
Янук. Нарэшце! Даратэя, даражэнькая, я тут! Я хутка! ( Падбягае да варот і спрабуе іх адчыніць. Яго спыняюць крыкі.)
Лесавічок. Пачакай! Не адчыняй вроты, пакуль не адыдзе Мятлушка!
Жытнічак. Мятлушка! Мілая! Ледзь знайшлі цябе!
Мятлушка. Сябры! Як вы сюды трапілі? Як вы перайшлі праз Чорнае балота? У вас жа няма крылаў, як у мяне!
Лесавічок. Бываюць імгненні, калі ў кожнага вырастаюць крылы.
Жытнічак. Мы паспелі своечасова. Ляці хутчэй дадому, хавайся!
Янук. А што пагражае шаноўнай паненцы?
Лесавічок. Хіба ты не ведаеш, што ёй нельга паказвацца на сонцы? Сонца спаліць яе крылы! Сонца заб’е яе! А там, у палацы Кадука, увесь час — поўдзень!
Мятлушка. Праўда… А я нібыта і забылася…
Янук. Ну што ж, калі так — дзякуй табе, Мятлушка… ( Падыходзіць, паціскае ёй руку.) Ляці, хавайся! Толькі хутчэй!
Мятлушка падыходзіць да Жытнічка, просіць.
Мятлушка. Жытнічак, міленькі!Я пайду, схаваюся… Ты залацісты, як сонечны прамень, ты зможаш прайсці незаўважна ў Кадукоў палац… Прыгледзь за Януком, каб не здарылася з ім бяда. Тады раскажаш мне.
Жытнічак. Добра, Мятлушка… Толькі дзеля цябе!
Лесавічокі Мятлушка, узяўшыся за рукі, уцякаюць. Янук адразу ж расчыняе вароты і заходзіць у палац. За ім крадма прабіраецца Жытнічак.
Палац Кадука. Вельмі светла. Але святло нейкае нежывое, сляпучае. Кругом блішчыць пазалота. На вялікім шыкоўным ложку спіць князёўна Даратэя, багата і ярка апранутая. Каля ложка — накрыты на дваіх столік, прыгожыя крэслы з высокімі спінкамі, трумо з усялякай парфумай. На падлозе — пушысты кілім-самалёт, прыкаваны залатым ланцугом да спецыяльнага слупка. Янукпадыходзіць да Даратэі.
Янук. Ты спіш, мая панна! Я ведаю, пракляты Кадук зачараваў цябе. Але я ведаю, як цябе пабудзіць — пра гэта напісана столькі казак! Прабачце, мая дарагая, што вымушаны скрасці пацалунак з вашых чароўных вуснаў! (Схіляецца над князёўнай, хоча яе пацалаваць.)
Даратэя( сонным голасам ). Гэта ты, стары чорт? Што ты мне прынёс? ( расплюшчвае вочы, палохаецца .) Ой, хто гэта?
Читать дальше