З таго дня, як дзед Цімох падарыў хлопчыку палку з выразаным на мядзянай кары асятром, прайшло нямала часу. Закусціліся, закучаравіліся светла-зялёным цёмныя лакіраваныя сасновыя яліны, з крутых бакоў пагорка вылезлі і распушыліся чабор і сон-трава, а вярба пад вокнамі раскудзелілася жоўтымі каташкамі, над якімі шчыравалі пчолы і чмялі. Аляксандр даўно выпісаўся з бальніцы, але часта зазіраў у акно да Сашы, калі яна дзяжурыла, і Вася не-не дый чуў ягоны бесклапотна-нахабнаваты рогат і шчабятлівы голас медсястры, якія несліся ў бакоўку. Сямёнавіч пасля аперацыі трапіў у іншую палату, I ў чацвёртай засталіся дзед Цімох і Вася. Дзед яшчэ болей схуднеў, піжамы віселі на ім, як на пудзіле, але заставаўся, як звычайна, гаваркім і цікаўным і ўсё выразаў на яловых і бярозавых кругляках вясёлых звяркоў і дарыў іх кожнаму, хто пажадае.
Пасля сняданку ў бакоўцы бывала ціха і пустэльна: усе, хто мог рухацца, ішлі на двор бальніцы, пад сосны, дзе ў пясок былі ўкапаны шырокія драўляныя лавы, пафарбаваныя ў вясёлы чырвоны колер. Тыя, хто адчуваў сябе лепей, уцякалі і далей да самага абрыву, дзе загаралі амаль пад самай чыгуннай агароджай, падстаўляючы яркаму сонцу паблажэлыя за зіму твары. У прэсны пах бальніцы ўрываўся цяпер жывы, капрызны водар першых вясновых кветак і вільготная вохнасць маладых рачных водарасцей. Саша цяпер прыходзіла на работу шчаслівая і няўважлівая, яе ўколы былі асабліва балючымі.
Палка цяпер была з ім пастаянна, яна ляжала пад коўдрай, і доўгі касцісты асяцёр, з дробнымі цвёрдымі шчыткамі на галаве і пад хрыбтом, пачарнеў, зальсніўся і ад гэтага нібыта стаў бліжэйшы, раднейшы. Вася шкадаваў яго: як ні трэба было асцерагацца людзей, але прырода загадвала яму па тры месяцы адыходзіць са свайго бяскрайняга мора ў вузкія абмялелыя рэкі, дзе так лёгка было злавіць вялізную рыбіну. Была ў гэтым тая ж несправядлівасць, якую так востра адчуў хлопчык у белую туманную ноч, і таму магутная рыбіна, самая старажытная на Зямлі, здавалася яму яшчэ больш кволай і безабароннай, чым ён сам, а з гэтага вынікала, што ён, Вася, таксама можа нешта здзейсніць у жыцці — напрыклад... напрыклад, стаць абаронцам рыбіны. Можа, якраз у гэтым і быў той таямнічы абавязак перад жыццём, пра які гаварыў дзед Цімох і які толькі адзін і здольны ўратаваць чалавека?
— Дзед Цімох, а дзе яны нераставаць любяць? —Вася цяпер сам саромеўся сваіх бясконцых пытанняў і таму не хацеў надта надакучаць старому.
— А тут жа, непадалёку ад нас. Ну, скажам, кіламетры тры ўніз. Там такі перакат каменны, валуны, а далей таплякі; калі асятры заходзяць да нас часта там нерастуюць. Там жа плынь хуткая і вада чыстая.
— А як яны супраць цячэння плывуць столькі кіламетраў?
— А ты паглядзі, які ў іх плаўнік — з дзвюх лопасцей! У акулы якраз такі. А на грудзях і на пузе плаўнікі — акурат рулі. Куды хоча, туды і паверне ўмомант. Во як!
...Кожны дзень да Васі заходзіла цётка Васіліса. Яна таксама была ў бальніцы пастаяннай жыхаркай. Калі ж выпісвалася, то праз два-тры тыдні яе прывозілі ізноў. Хвароба яе была зусім невядомая, няясная, якую сама яна, аднак, лёгка і проста называла «тугой».
— Смешныя дактары, Васілёк,— гаварыла яна ласкава.— Якія ж лекі могуць тугу адолець? Я за што ні вазьмуся, усё з рук валіцца. Пажыла — і хопіць.
Ціхім, цёплым святлом гарэлі яе цёмныя вочы, худыя шчокі моршчыліся ва ўсмешцы.
— Ад чаго ў вас туга, цётка Васіліса?
— А па мужу я свайму сумую, Васілёк. Ён трактарыстам рабіў, на старой міне падарваўся. А якое мне жыццё без яго? Нават дзіцяці ад яго не засталося...
— Дзед Цімох,— спытаў неяк Вася,— а Васіліса — яна свой абавязак выканала? Можа яна памерці?
— Відаць, можа, Васюта. Яна сама гэта ведае. Можа, ой прырода назначыла любіць таго чалавека, а яго няма, вось і холадна ёй цяпер на свеце. Ну і не трэба яе трымаць. Людзі жывымі па свеце хадзіць павінны, а ў яе душа згасла...
Вясна ішла па зямлі, і ў маленькай раённай бальніцы да ачмурэння пахла чаромхай, з якою дарэмна змагаўся ўвесь персанал на чале з Тамашом Кузьмічом. Радасна блішчалі памытыя, насцеж расчыненыя вокны, па вечарах пад вокнамі жаночых палат шапацелі галасы і смех, у якія, нібыта нож у масла, часам падаў рэзкі голас дзяжурнай медсястры. Зачыняліся вокны — злосна, рашуча, медсястра доўга ўвінчвала засаўкі, рыпела шпінгалетамі — але хмельнае, паганскае дыханне вясны адчувалася ва ўсім: нават у аперацыйнай, у стэрыльнай шклянцы да самага чацвярга стаялі цёмна-зялёныя сцябліны ландышаў з пругкімі бела-фарфоравымі кубалкамі кветак і, выгнаныя, назаўтра ж з'яўляліся наноў. А пад канец дня дзед Цімох прынёс неяк першыя смарчкі — цёмна-карычневыя, моцныя, у светла-жоўтых пясчынках — і ўрачыста паднёс іх Сашы. Яна, саромеючыся, спярша адмаўлялася, пасля беражна ссыпала іх у белы поліэтыленавы пакет:
Читать дальше