Зіна ўжо старшыііа-саніііструктар. Лёня да паўналецця ўзначальваў у саўгасе трактарную брыгаду, а цяпер вучыцца ў танкавым вучылішчы і вось-вось паедзе на фронт.
Корж уважліва перачытваў лісты сваіх дзяцей, хацеў уявіць іх пасталелымі ў пекле вайны і не мог — усё бачыліся такімі ж дзецьмі, як пры апошнім развітанні.
Жанчына паглядзела на Васіля Захаравіча і спагадліва сказала:
— Ну, Лёню я разумею. Хлопец. А дзяўчат чаго панесла на фронт?
— Вайна ж усенародная,— думаючы пра нешта сваё, адказаў Корж.— І ў дзяўчат наш, каржоўскі, характар — ніколі не быць убаку.
— А барані божа што здарыцца? Што тады скажаш?
— Не бойся, мы загавораныя. Каржоў кулі не бяруць. Вось пабачыш, перамогу ўсе разам святкаваць будзем,— Васіль Захаравіч хітра ўсміхнуўся, схаваў у сумку лісты сваіх дзяцей, усцешаны і шчаслівы развітаўся з даўняй знаёмай.
Наперадзе было яшчэ шмат клопатаў, баёў і трывог.
* * *
У Беларускім штабе партызанскага руху рэгулярна перадавалі Васілю Захаравічу навіны і лісты з яго злучэння, дастаўленыя самалётамі праз лінію фронту. Цяпер паветраны мост паміж Масквою і партызанскім аэрадромам сярод Хорастаўскіх лясоў быў сталы і надзейны.
На дзвюх паштоўках начальнік штаба злучэння М. С. Фядотаў пісаў камандзіру: «17/VI-43 г.
Дарагі Васіль Захаравіч!
Прывітанне Вам з далёкага вострава. Жыццё наша цячэ без асаблівых змен,— працуем, як належыць, настрой бадзёры, хоць метэаралагічныя ўмовы гэтым летам кепскія — увесь час ідуць дажджы. Нашы астравы так размоклі, што, здаецца, зямля вось-вось ператворыцца ў рэдзенькую кашу.
...У наша суровае партызанскае жыццё ўліўся свежы, новы для нас струмень — прылёт самалётаў. Праўда, іх пакуль што было не вельмі многа, але яны надзвычай узнялі дух усіх партызан і мясцовых жыхароў, ад якіх немагчыма ўтаіць прылёт самалётаў. Зараз зноў чакаем іх.
Васіль Захаравіч, мы з дня на дзень чакаем Вас у наш куточак, не надта ўтульны, але затое густа населены партызанамі.
Мы часта ўспамінаем Вас і ўяўляем, як Вы ходзіце па Краснай плошчы, як выступаеце на сходах і г. д. Нашы агульныя сябры жывыя і здаровыя ўсе. Вялікае прывітанне ад Аляксея Яўхімавіча, Паўла, Парыса Сымонавіча, Гаўрылы, Некрашэвіча і інш. Карацей, прывітанне ад усіх партызан злучэння. Усе чакаюць Вас і часта пра Вас пытаюць.
Жадаю поспехаў і хутчэйшага Вашага звароту.
З прывітаннем М. Ф я д о т а ў.
P. S. Вельмі прашу, В. З., дазнацца пра маю сям'ю. Адрас: Масква, шаша Энтузіястаў, гарадок ВІА, каля завода «Пражэктар», дом 13, кв. 5. Фядотава Еўдакія Іванаўна».
Пра асабістае, пра сям'ю толькі ў постскрыптуме.
Хадзіў і ездзіў Васіль Захаравіч па розных адрасах. У штабе афармляў дакументы і пасылаў грашовыя атэстаты жонкам і маці партызан, у лістах і паштоўках пісаў пра мужнасць іх блізкіх. А калі здаралася, што дарогі яго камандзіровак праходзілі непадалёк ад гарадкоў і сёл, дзе жылі родныя яго партызан, адшукваў у блакноце іх адрасы і завітваў хоць на некалькі хвілін, каб суцешыць і расказаць пра баявыя справы сына, мужа ці бацькі.
На мітынгах Васіль Захаравіч натхнёна гаварыў рабочым пра адвагу і нязломнасць палескіх партызан, пра цяжкасці і нягоды іх ляснога жыцця, пра бяссонныя ночы ў завейных пушчах, пра галодныя паходы і прарывы з блакіраваных балот.
Расказы пра партызанскую кемлівасць і прыгоды баявога жыцця рабочыя сустракалі бурнымі воплескамі, а часам і вясёлым смехам.
— Тут пыталіся, як нам удаецца граміць лепш узброеныя за нас варожыя гарнізоны. Усяляк, таварышы, даводзіцца. Нялёгка бывае, але б'ём,— расказваў каржакаваты, з шырокім сялянскім тварам партызанскі камандзір.— Вось, калі хочаце, адзін выпадак: у вёсцы Ярэмічы Кобрынскага раёна стаяў дужа ўмацаваны нямецкі гарнізон і раззваніў на ўсё наваколле, што ўшчэнт разграміў партызан, і след іх даўно прастыў. Сваё котлішча гітлераўцы абкружылі дотамі і бетаніраванымі акопамі, на ўсе бакі выставілі кулямёты. Нашы спробы ўзяць Ярэмічы штурмам кожны раз правальваліся. Не падступіцца. А ўзяць трэба. Неабходна абараніць насельніцтва ад здзекаў і ліквідаваць апорны пункт акупантаў. Думалі-думалі і нарэшце дадумаліся. Запрэглі дзесяць параконных фурманак, у конскія грывы ўплялі каснікі і папяровыя кветкі, на дугі навешалі званочкаў і розных шамочкаў. Як трэба прыбралі «жаніха», фату і вяночак здабылі «нявесце», «шафераў» з «шаферкамі» насадзілі на вазы, а на пярэднім «сват» і «сваха» абраз багародзіцы з дзіцяткам на руках трымаюць. Ну і, вядома, «п'янаваты» гарманіст польку рэжа і прыпеўкамі сыпле.
Читать дальше