Корж стаяў каля крыла маленькага самалёта, даваў апошнія нарады баявым таварышам і запісваў іх просьбы.
Пагойдваючыся, прабегла па лясной палянцы двухкрылая машына, адарвалася ад зямлі і знікла ў смузе вячэрняга неба. Узяў Васіль Захаравіч свой дзённік з пералікам найбольш значных аперацый злучэння. На апошняй старонцы запісана 28 прозвішчаў найбольш адважных партызан, якіх камандзір лічыў патрэбным прадставіць да ўрадавых узнагарод: І. Чуклай І. І. — ордэн Леніна, 2. Шырын Ф. І. — Леніна, 3. Меркуль В. М. — Леніна, 4. ІІордман Э. Б. — Чырвонага Сцяга, 5. Некрашэвіч І. А.— Чырвонага Сцяга... Не было ў спісе толькі прозвішча камандзіра злучэння.
Паплылі пад крылом сінія бары і бярозавыя пералескі, коміны спаленых вёсак, руіны беларускіх гарадоў і паселішчаў.
«Колькі прыйдзецца пакласці працы і сілы, каб зноў расцвіла гэтая скалечаная зямля. Як толькі даб'ём ворага, закаласяцца палі, узнімем з руін новыя сёлы і гарады. Толькі не прыйдуць на свята нашай Перамогі баявыя таварышы Бандаравец, Дамброўскі, Баброў. Не зведаўшы ўсіх радасцей жыцця, аддалі сваё жыццё за шчасце нашчадкаў, за родную зямлю. Не, і яны будуць на свяце Перамогі. Толькі б нікога не забыць». Думкі Васіля Захаравіча перапыніла нейкае пстрыканне за бортам самалёта. Зірнуў туды — беленькімі парашуцікамі разрываюцца зенітныя снарады, а пілот кідае машыну то ўніз, то ўгару, то ўлева, то ўправа, пятляе паміж разрывамі. Усё змоўкла раптоўна, як і пачалося. Корж убачыў вясёлы твар пілота: «Парадак! Праскочылі!» — зразумеў ён па руху засмяглых вуснаў.
Паказаліся падмаскоўныя лясы, дачныя пасёлкі, лініі леташняй абароны.
З падмаскоўнага аэрадрома адразу паехаў Васіль Захаравіч у Беларускі штаб партызанскага руху. Знаёмыя дамы сталіцы былі ў стракатых плямах камуфляжу, па вуліцах спяшаліся людзі ў кіцелях і гімнасцёрках. Здавалася, уся краіна апранулася ў вайсковую вопратку.
Начальнік штаба Пятро Захаравіч Калінін уважліва слухаў расказ Каржа пра найбольш значныя аперацыі, запісваў усе патрэбы злучэння, удакладняў і адзначаў на карце пункты дыслакацыі брыгад і штаба, распытваў пра настрой насельніцтва, цікавіўся, як партызаны звязаны з мясцовымі падпольшчыкамі, прасіў расказаць пра работу партыйных і камсамольскіх арганізацый.
Корж часам зазіраў у прыгожую запісную кніжку з бронзаваю зашчапкаю, удакладняў лічбы, прозвішчы і даты. Калінін звярнуў увагу на камандзірскі дзённік, а калі пачуў, як ён трапіў да Васіля Захаравіча, весела ўсміхаючыся, сказаў:
— Гэта вельмі знамянальна: партызанскі камандзір запісвае ў дзённік фашысцкага афіцэра баявыя справы свайго злучэння. Беражы яго, Васіль Захаравіч, гэта ўжо гістарычны дакумент. Адпачнеш, акрыяеш трохі і прыйдзецца паездзіць па краіне, расказаць рабочым пра гераізм і цяжкасці партызанскай барацьбы.
Са штаба Корж адразу зайшоў на паштамт і апаражніў сваю сумку. Лісты, паштоўкі і тэлеграмы ў Краснадар, Чыстапаль, Горкі, Гусь-Хрустальны — у сотні адрасоў панеслі радасныя весткі родным баявых сяброў.
Калі збольшага адышоў, ачысціўся і адмыўся, пачаліся вандроўкі па краіне, выступленні ў цэхах уральскіх і сібірскіх заводаў, на прадпрыемствах Масквы і Горкага.
«Сем'і сваіх таварышаў знаходжу то там, то тут, а дзе мае дачушкі і Лёня — нічога не ведаю»,— усё часцей думаў Васіль Захаравіч. Ён узяўся настойліва шукаць іх сляды. Развітваючыся з дзецьмі ў Пінску, параіў ехаць у саўгас «Крапоткінскі». Там яго ўсе ведалі, памяталі і прытулілі б дзяцей. Але і там, у прыдонскіх стэпах, яшчэ грымелі баі. Куды ж іх закінула вайна? Куды завезлі выпадковыя эшалоны? І раптам успомніў адрас сям'і даўняга друга па грамадзянскай вайне і па баях у Іспаніі. Васіль Захаравіч завярнуў у знаёмы завулак, спадзеючыся што-небудзь дазнацца пра сваіх. І не памыліўся.
Сустрэла здзіўленая жонка прыяцеля. «Адкуль? Якім чынам?» Засыпала пытаннямі. «Ці не сустракаў майго? Ён жа партызаніць недзе ў баранавіцкіх лясах». Васіль Захаравіч расказваў, а самому карцела хутчэй дазнацца пра сваіх.
«А твае дзяўчаты... Ну, сарві-галовы, ваююць». Жанчына пакорпалася ў шкатулцы і паклала перад Васілём Захаравічам некалькі франтавых трохкутнічкаў з нумарамі палявой пошты. Вольга, Зіна і Лёня на ўсякі выпадак напісалі маскоўскай знаёмай і прыслалі свае адрасы.
Вольга паведамляла, што, вяртаючыся з санаторыя ў Анапе, заехала ў «Крапоткінскі» і сустрэлася там з Зінай. А з саўгаса якраз адпраўлялі на Паўночна-Каўказскі фронт трактары і цягачы. Дзяўчаты прымасціліся на платформе і наехалі бліжэй да вайны. У Нальчыку так дапяклі ваенкому, што той нарэшце залічыў надакучлівых сясцёр у 4-ы кавалерыйскі корпус генерала Пліева.
Читать дальше