Кожная аперацыя брыгады, атрада, дыверсійнай групы вымагала вялікай рызыкі, патрабавала дакладнай стратэгічнай распрацоўкі, партызанскай кемлівасці, вытрымкі і мужнасці.
Чыгуначныя магістралі, масты і дарогі пільна ахоўвалі гітлераўцы. Партызаны навучыліся нячутна здымаць вартавых, так закладваць і маскаваць зарады толу, што нават кваліфікаваныя сапёры не маглі іх заўважыць.
З 8 на 9 жніўня 1943 года Камароўцы каля Лунінца падышлі да чыгункі, абстралялі ахову і ўзарвалі 1957 рэек. Выбухі на чыгунцы ў нямецкім гарнізоне палічылі за артылерыйскую кананаду і пачалі рыхтавацца да эвакуацыі. Магістраль не працавала каля месяца. Гітлераўцы тэрмінова пачалі рамантаваць дарогу — удзень і ўночы трамбавалі палатно, укладалі шпалы і рэйкі. 19 верасня камісія прыняла адрамантаваны ўчастак, паставілі ўзмоцненую варту, а ноччу 20 верасня выбухі зноў скаланулі суседнія лясы, паляцеў пад адхон паравоз, палезлі адзін на адзін вагоны. Магістраль, па якой везлі тысячы тон смяротнага грузу і апантаных галаварэзаў, зноў замерла больш як на месяц.
Беларускі штаб партызанскага руху вызначаў самыя важныя ўчасткі чыгуначных магістраляў, забяспечваў Пінскае злучэнне толам і запаламі. Нячутна падпаўзалі партызаны да адхонаў, калі трэба было, здымалі варту, і на чыгунках Палесся грымелі выбухі, ляцелі ў паветра эшалоны. 3 15 па 23 верасня 1943 года брыгада імя Будзённага ўзарвала 1500 рэек, брыгада імя Кірава — 1200, імя Леніна — 800. Чыгунка поўдня Беларусі замерла на доўгі час. Пасля выбухаў на паўночных чыгунках, у раёне Обалі, Полацка і Віцебска, фашысты вымушаны былі асноўныя смертаносныя грузы адпраўляць па дарогах Палесся, але і тут сотні эшалонаў траплялі ў партызанскія пасткі і ператвараліся ў груды металічнага лому і друзу.
Самаахвярная работа партызан Пінскага злучэння выратавала тысячы савецкіх воінаў, адвяла смерць ад тысяч сумленных людзей. 40-тысячную гітлераўскую армію скоўвалі партызаны, не давалі фашысцкім захопнікам спакою ні ўдзень, ні ўночы, ратавалі савецкіх людзей ад выгнання ў фашысцкае рабства, бязлітасна каралі фашысцкіх катаў і іх памагатых.
Зімою 1943 года штаб і асноўныя сілы Пінскага злучэння размясціліся бліжэй да родных мясцін Васіля Захаравіча. Атрады занялі вёскі Хорастава, Гоцк, Гаўрыльчыцы, Беразняк!, Навіну і Варапаеў гару.
На вялікай паляне сярод лесу, каля Векарава, партызаны падрыхтавалі аэрадром. У змроку палалі сігнальныя вогнішчы. Да іх праз лінію фронту прарываліся нашы самалёты, выгружалі боепрыпасы, свежыя газеты, пасылкі і лісты ад родных і зусім незнаёмых сяброў і сябровак з далёкага тылу. Самалёт даставіў партатыўную друкарню. У спецыяльна абсталяванай зямлянцы нараджаліся маленькія лісткі вялікай выбуховай сілы — друкаваўся орган Пінскага абласнога камітэта Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі «Палеская праўда». Па навакольных сёлах разляталіся сотні лістовак. Зводкі Савінфармбюро, інфармацыя пра баявы і працоўны гераізм савецкіх людзей, расказы пра подзвігі партызан натхнялі патрыётаў на барацьбу з фашызмам.
У вёскі, занятыя партызанамі, баяліся паткнуцца фашысты і іх паслугачы. Кожны вечар то ў Хораставе, то ў Рахавічах, то ў Чаланцы ў чыёй-небудзь прастарнейшай хаце звечара рыпаў гармонік, бухаў бубен. Збіраліся не толькі маладыя, прыходзілі сталыя і нават старыя кабеты і мужчыны: слухалі партызанскіх камандзіраў і палітрукоў, распытвалі, гаманілі, а на разыходзіны звычайна адрывалі польку-трасушку або грацыёзна-павольную кадрылю. IIa гэтых вечарынках чыталі ўголас «Палескую праўду», часам партызаны прыносілі хоць і запозненыя маскоўскія газеты. «Правда», «Красная звезда» пераходзілі з рук у рукі, многія прасілі: «Дай толькі патрымаць».
На гэтыя вечарынкі часта заходзіў Васіль Захаравіч — пагаварыць, параіцца з землякамі, паслухаць, хто што бачыў, дзе што чуў. На адной такой вечарынцы Васіль Захаравіч сустрэў маладую настаўніцу Ніну Пятроўну Грышчанка. Падсеў, распытаў, як жывецца, што думае рабіць далей.
— Куды вы, туды і я падамся. Хопіць хавацца ад гэтых чорных анёлаў смерці. Ведаю, нялёгка будзе: Алачцы маёй толькі гадок мінуў, але сярод сваіх і паміраць весялей.
— Навошта паміраць? Жыць трэба, змагацца за будучае вашай Алачкі... Вас у атрадзе якраз і не хапае — грамацей патрэбен нашай газеце.
Угаворваць Ніну Пятроўну не прыйшлося. Яна стала карэктарам «Палескай праўды».
— У нашу рэдакцыйную зямлянку часта заходзіў Васіль Захаравіч,— праз трыццаць гадоў успамінае Ніна Пятроўна.— Цікавіўся, ці не цячэ страха, ці не галодныя мы, ці хопіць паперы на наступны нумар газеты.
Читать дальше