Партызанскі «пасол» абуў лапці, падперазаў вераўчынаю старую світку, узяў доўгі кій, схаваў два пісталеты, гранату і па лясных сцяжынках, пераскокваючы з купіны на купіну, боўтаючыся ў халоднай веснавой вадзе, падаўся ў чырвонаслабодскія лясы.
У гушчары яго затрымаў вартавы і пераправіў да камандзіра. Гэта быў высокі сінявокі капітан Чырвонай Арміі Васіль Аляксеевіч Васільеў. Да затрыманага падышоў і камісар атрада, былы старшы сержант Іван Васільевіч Зібараў.
Карасёў распароў у шапцы падкладку і падаў Васілёву маленькую пісульку ад Камарова. Камандзір і камісар чулі пра аперацыі адважных камароўцаў, але цяжка было паверыць сувязному такога неваяўнічага выгляду. А што, калі правакацыя? Можа, немцы заманьваюць у пастку?
Доўга раіліся камандзір з камісарам, узважвалі ўсе акалічнасці і магчымыя варыянты. Яны разумелі, як неабходна ўстанавіць сувязь з суседнім атрадам. І рызыкоўна было трапіць у абдымкі да ворагаў. Нарэшце ўзялі з сабою двух аўтаматчыкаў і пайшлі ўслед за Карасёвым. А ён спрытна пятляў са сцяжынкі на сцяжынку, пераскокваў балотныя калюжыны, знаходзіў толькі яму вядомыя кладкі праз дрыгву і надвячоркам прывёў Васільева і Зібарава ў свой штаб.
Камароў гасцінна сустрэў камандзіраў, пачаў распытваць, хто яны і адкуль. Капітан Васільеў родам з Уладзіміршчыны. Зібараў — сібірак з Краснаярска. Разам служылі ў Беластоку, у 23-м аператыўным спецпалку. Адыходзячы з баямі, атрымалі загад злучыцца з 10-й арміяй у раёне Баранавіч. Пакуль дайшлі да Случчыны, Баранавічы апынуліся ў далёкім тыле.
— Пераапрануты ў цывільнае,— расказваў Васільеў,— сам пайшоў разведваць дарогу. Толькі выткнуўся з алешніку, адразу чую «хальт!». Рукі скруцілі два здаравенныя немцы. На допыце ўдалося пераканаць, што вызвалены з турмы і дабіраюся дадому. Праўда, паверылі настолькі, каб адразу не расстраляць, і адправілі пад Беласток біць камень. Вытрываў толькі тыдзень. Адшукаў сярод нявольнікаў былога лейтэнанта Фёдарава. Адразу зразумелі адзін аднаго з паўслова. Здабылі сякі-такі інструмент, перарэзалі калючы дрот і ўцяклі. Некалькі дзён паблукалі па лесе, выйшлі на дарогу, спыталі ў нейкага тыпуса, ці няма наперадзе немцаў. Ён запэўніў, што молена ісці спакойна. А толькі ўзышлі на масток, як зноў нас схапілі і прыгналі ў лагер ваеннапалонных. На кухні сустрэлася добрая жанчына. Разгаварыліся. Муж яе — камандзір Чырвонай Арміі, недзе ваюе на фронце. Яна і дапамагла нам уцячы зноў. Неўзабаве ўдалося знайсці сваіх таварышаў. Каля Крынак сабралася група чырвонаармейцаў, адрэзаных ад сваіх часцей. Усе яны былі добра ўзброеныя і спрабавалі прабіцца да сваіх, каб уліцца ў рады Чырвонай Арміі.
Цяпер у атрадзе больш за паўсотні байцоў, верных вайсковаму абавязку. Усе імкнуцца біць фашыстаў у радах рэгулярных войск. Таму і кіруемся ўвесь час на ўсход,— расказаў Васільеў.
— А вы ведаеце, да чаго заклікала партыя народ у першыя дні вайны? — дапытліва паглядзеў Корж і выразна, адсякаючы кожнае слова, працытаваў: «У занятых ворагам раёнах трэба ствараць партызанскія атрады, конныя і пешыя, ствараць дыверсійныя групы для барацьбы з часцямі варожай арміі, для распальвання партызанскай вайны скрозь і ўсюды, для ўзрываў мастоў, дарог, пашкоджання тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі... У захопленых раёнах ствараць невыносныя ўмовы для ворага і ўсіх яго пасобнікаў, знаходзіць іх і знішчаць на кожным кроку, зрываць усе іх мерапрыемствы». Як вы лічыце, вас гэта датычыцца?.. Дзе цяпер праходзіць лінія фронту, вы ўяўляеце? — і Корж па карце правёў рысу далёкіх вогненных рубяжоў вайны.— Пакуль будзеце прабівацца, страціце нямала людзей і куды дойдзеце, яшчэ невядома. А тут кожны партызан варты цэлага ўзвода. Мы павінны затрымаць як мага больш варожых сіл, каб лягчэй было там,— ён паказаў рукою на ўсход.— Пакуль саюзнікі адкрыюць другі фронт, мы яго ўжо адкрылі тут. Збяром сілы і будзем на ўсіх дарогах знішчаць жывую сілу і тэхніку, каб яна не дайшла да фронту.
— Ваяваць мы гатовы і ўмеем. Нават збольшага авалодалі метадамі партызанскай барацьбы, але вернасць прысязе патрабуе змагацца ў дзеючай арміі,— не так ужо рашуча запярэчыў Васільеў.
— А хіба ж мы бяздзейнічаем? Вунь колькі фрыцаў і іх памагатых патаўклі за гэты час, колькі выратавалі савецкіх людзей! Хіба гэта не вернасць вайсковаму абавязку? Ваш страявы, мой партызанскі вопыт памножаць нашы сілы. Будзем разам ставіць і вырашаць складаныя задачы. Мне ж не толькі ў дваццатыя гады, але і ў Іспаніі давялося партызаніць.
Читать дальше