Разгром гарнізона звычайна заканчваўся вялікім мітынгам: камандзіры і камісары атрадаў расказвалі пра становішча на фронце, нічога не ўтойвалі і не прыхарошвалі, гаварылі пра жорсткія баі і страты, пра гераізм Чырвонай Арміі, выкрывалі хлусню гебельсаўскай прапаганды, якая ўжо каторы раз «займала Маскву». Уключалі прыёмнік — і радасці не было межаў. У тыле ворага на вясковай вуліцы гучалі знаёмыя пазыўныя і спакойны голас: «Гаворыць Масква».
Зноў пад сотнямі капытоў курылася снежным пылам дарога.
А паперадзе рэйду з вёскі ў вёску кацілася народная пагалоска: маленькія гарнізоны паліцаяў разбягаліся да з'яўлення партызан, тыя, што спрабавалі супраціўляцца, ліквідаваліся з ходу.
Рэйд пракаціўся па некалькіх раёнах, памнажаючы партызанскую сілу і славу, папаўняліся атрады адданымі патрыётамі, у насельніцтва мацнела вера ў непераможнасць савецкай зброі.
На мітынгі пераважна збіраліся жанчыны і падлеткі.
— Давайце, таварышы, шчыра пагаворым,— звярнуўся да іх камандзір.— Гітлераўская бандыцкая навалач знішчае наш народ, разбурае гарады і паліць вёскі, ды яшчэ плявузгае рознае глупства пра партызан. А мы, не шкадуючы ясыцця, ратуем нашых людзей ад фашысцкіх катаў, ад здзекаў і знішчэння.
Вы добра намятаеце, як мы шчасліва жылі і працавалі да нападу гэтых вылюдкаў на нашу Радзіму. Цяпер яны заліваюць зямлю нашай крывёю. Колькі расстраляе, павешана, спалена жывымі сумленных савецкіх людзей, жанчын і дзяцей толькі за тое, што яны любяць Радзіму і наш савецкі лад,— і Корж расказваў пра масавыя расстрэлы ў Жыткавічах і ў Мікашэвічах, пра тысячы юнакоў і дзяўчат, забраных у фашысцкае рабства.
— Асабліва балюча і крыўдна, што ворагу ўдалося ашукаць, запалохаць, а часцей, прымусіць некаторых дурняў узяць зброю супраць сваіх братоў. Фашысты даручаюць ім крывавую работу, каб потым знішчыць саміх — небяспечных сведак жахлівых злачынстваў. А суд будзе. Справядлівы, бязлітасны суд над усёю гітлераўскаю навалаччу, над усімі злачынцамі і іх памагатымі. Нават ворагі ненавідзяць сваіх служак-здраднікаў і распраўляюцца з імі, як толькі тыя ўжо не патрэбны. Так будзе і з тутэйшымі «бобікамі». Калі ж яны яшчэ не заплямілі свае душы народнай крывёю, апамятаюцца, шчыра прыйдуць да нас і змыюць з сябе віну ў барацьбе з фашызмам, яны выратуюць сябе ад кары, а сваіх блізкіх ад ганьбы і людской нянавісці. Скончыўшы прамову, камандзір загадваў Чуклаю: — Дай, Ваня, людзям нашу памятку, няхай пачытаюць нягоднікам, што завяліся ў сяле і недзе, як цюцькі, туляюцца па завуголлю.
Чуклай даставаў з палявой сумкі лістоўкі, надрукаваныя на паперы з вучнёўскіх сшыткаў. У іх было грознае папярэджанне ўсім здраднікам:
«...Вы ўзялі зброю. Вашы гаспадары ўжо некалькі разоў гналі вас, дурняў, у лес на партызан. Вы баіцеся партызан гэтак жа, як і сваіх гаспадароў. Здраднікі, апамятайцеся! Вы яшчэ не паспелі запляміць свае рукі крывёю, дык павярніце зброю супраць фашыстаў, супраць сваіх сапраўдных ворагаў, ідзіце да партызан разам з імі змагацца за праўду, за наш народ, за нашу савецкую Радзіму. Гэтым вы змыеце ганебную пляму з сябе і са сваіх сем'яў. Калі ж вы гэтага не зробіце, дык памятайце, не далёка той час, калі наша непераможная Чырвоная Армія, патрыёты нашай Радзімы ачысцяць савецкую зямлю ад чужынцаў, вашых гаспадароў і вас. Ад вас застанецца мокрае месца і ганьба назаўсёды. Камандзір партызанскага атрада Камароў. Памочнік сакратара па камсамолу Чуклай». Жонкі паліцаяў выціралі слёзы, лаялі, клялі сваіх дурняў і абяцалі выправіць іх у партызаны.
Але самаю пераканаўчаю прапагандаю былі баявыя дзеянні партызан. Пра іх у дзённіку Васіля Захаравіча засталіся кароткія запісы. Таропкія няроўныя радкі сям-там размыты сняжынкамі ці кроплямі дажджу.
«6/ІІІ-42. Разгром Доўгаўскага гарнізона. Знішчана 11 чалавек. Узялі 25 вінтовак, разбілі воласць.
7/ІІІ-42. Разгромлена Капацэвіцкая воласць. Вызвалены ўсе арыштаваныя.
9/ІІІ-42. У Вялічкавічах прастаялі два дні. Атрад адбіў налёт немцаў. Знішчана некалькі салдат...
18/ІІІ-42. Разграмілі Скаўшынскі гарнізон. Знішчылі два варожыя грузавікі».
На старонках дзённіка пералічваецца, колькі ліквідавана ворагаў, якія ўзяты трафеі, называюцца вызваленыя вёскі. І на кожнай старонцы — «гутарка з народам».
Рэйд быў нялёгкі. Пачыналася веснавое разводдзе, правальваліся і распаўзаліся балотныя зімнікі, канчаліся фураж і харчы. Камандзіры любанскіх атрадаў патрабавалі вярнуцца на свае базы. Атрады Розава і Далідовіча ўзялі кірунак на Князь-возера. Камароў разграміў яшчэ некалькі вароягых гарнізонаў і, мінаючы Старобін і Слуцк, павёў свой атрад на Любаншчыну.
Читать дальше