Гітлераўцаў у лесе першы заўважыў дазорны Яновіч і паведаміў у лагер. Там адразу падрыхтаваліся да бою. Ворагі падкрадаліся, разлічваючы знянацку напасці на лагер. А іх ужо трымалі на мушцы, падпускалі ўсё бліжэй і бліжэй. І раптам з паднятых люкаў, секанулі кулямётныя чэргі. Без прамашкі касіў варожы ланцуг Язэп Максімавіч Лабач. Партызаны ўзнікалі з-пад зямлі і бязлітасна білі ворагаў. Яны скочваліся з узгорка, уцякалі ў лясны гушчар. Корж шкадаваў, што фашысты ўхіліліся ад бою, а партызанам дасталоея толькі 12 вінтовак, трохі патронаў і такая-сякая амуніцыя. Асабліва шкада было пакідаць абсталяваны і абжыты лагер.
Некаторыя партызаны пераконвалі сябе, сваіх сяброў і ўгаворвалі камандзіра, што трэба аставацца на месцы, бо немцы больш не наважацца сюды паткнуцца.
Пасля нарады з Бандараўцом, Сцешыцам і Меркулем Васіль Захаравіч загадаў: «Усім сабрацца!» Перакусілі рэшткамі астылага крупніку, закапалі катлы, каб, як вернуцца, можна было іх зноў дастаць, і пачалі збірацца ў дарогу.
Шкада было разлучацца з утульнымі зямлянкамі ў Вялікім лесе, але, калі загадвае камандзір, трэба слухацца. Відаць, ён усё ўлічыў і прадугледзеў.
У начной цемры па замеценых сцежках ішлі след у след. Тужліва шумелі хвоі, з маладзенькіх елачак зрываліся камякі падшэрхлага снегу, пахруствала збуцвелае ламачча. Спачатку ішлі на поўнач, потым крута звярнулі на захад і апоўначы трапілі ў леснічоўку Хадыкі. Там жылі надзейныя, адданыя людзі. Яны трымалі сувязь з атрадам, чым маглі, дапамагалі партызанам. Усе былі рады, што да іх завіталі Камароўцы: распытвалі пра навіны на фронце, слухалі апошнія зводкі, шчодра частавалі сваіх абаронцаў.
— А тут надоечы казалі, што бытта да партызанаў перайшоў нямецкі ахвіцэр і дапамог нашым хлопцам разагнаць паліцыю ў Заброддзі, Чырвоным возеры і Осаве. Калі не брэшуць, дык усе стрэльбы ў гэтых цюцек пазабіралі і яшчэ ('убранне правялі. А той немчык і па-нашаму гаварыць можа.
Корж з асаблівай цікавасцю распытваў у дзеда пра таго перабежчыка-афіцэра і здзіўляўся: «Няўжо праўда?», «Не можа быць!» Гаспадары, перабіваючы адзін аднаго, даводзілі, што той афіцэрых? стаў адважным партызанам і аб'явіўся недзе аж каля Жыткавіч. А Эдзік Нордман моўчкі выскрабаў з патэльні тоўчаную бульбу і ледзь прыкметна ўсміхаўся. Партызаны спакойна спалі ў зацішнай леснічоўцы, а дзяды і кабеты да світання ўглядаліся і ўслухоўваліся ў наваколле.
Раніцаю камандзір даведаўся, што на Вялікі лес па Слуцкім гасцінцы ідуць танкі і часці СС.
— Дык як, хлопцы, можа, вернемся ў свае зямлянкі? — пытаўся Корж у тых упартых «аптымістаў», што не хацелі пакідаць лагер.
Партызаны зноў пераканаліся, што іх камандзір і на гэты раз не памыліўся. Затрымлівацца ў вёсцы было нельга. Людзей, што давалі прытулак партызанам, гітлераўцы жорстка каралі, а вёскі палілі. Трэба было неадкладна ісці далей, не пакідаючы ніякага следу. Заходзіць у іншыя вёскі і спыняцца ў суседніх лясах таксама было небяспечна: раз'юшаныя дзёрзкімі аперацыямі партызан, ворагі сцягвалі карнікаў з суседніх раёнаў, пасылалі супраць атрада артылерыю і танкі.
Корж растлумачыў чарговую задачу:
— Цяжкасці нашы часовыя. Немцы не супакояцца, пакуль мы будзем тут. Ды яшчэ зіма памагае не нам, а ім — кожны след відзён, і харчу ў нас малавата. Што ж, прыйдзецца зацягнуць папруягкі на апошняе вочка. Але гэта не бяда. Былі б цэлыя галовы ды косці. І памерзнуць прыйдзецца: паліць вогнішчы небяспечна. Расцягвайце харчы да канца паходу, а ён будзе нялёгкі і доўгі. Ідзём на Любаншчыну. Там, кажуць, дзейнічае некалькі партызанскіх атрадаў. Установім з імі сувязь, абмяркуем планы дзеяння, умацуемся і звалімся сюды, як снег з яснага неба. Задача ясная? Ну, калі зразумела, наперад, марш!
Хоць і быў канец лістапада, а палусквалі ад марозу яліны, дубелі рукі і ногі, снег хвастаў у твары і густою сеткаю засціў прагалы і сцежкі.
Корж радаваўся:
— І прырода нам памагае. Цяпер трасцу адшукаюць нашы сляды. Зніклі. Няма нас. Няхай пакруцяцца, высалапіўшы языкі.
Начавалі ў глухім лесе без вогнішчаў і прыварку, грэлі адзін аднаго, тулячыся спіной да спіны, расціралі закляклыя ад сцюжы далоні, тупалі і падскоквалі, каб адышлі ногі.
А на дасвецці камандзір зноў пратоптваў сцежку, за ім ішлі след у след партызаны. Яны дзівіліся сіле свайго камандзіра: на пераправе за вяршыню сасны бяруцца тры хлопцы, а камель нясе адзін Васіль Захаравіч і не ўгінаецца. Яшчэ прыспешвае: «Давай! Давай! Хутчэй!»
Читать дальше