У чатыры гадзіны раніцы вылез з цёплае нары. Месяц зайшоў за чорныя зубцы бору. На небе мігцелі вялікія колкія зоркі, марознае паветра дыхнула бадзёрасцю. Камандзір асцярожна і ласкава пачаў будзіць сваіх байцоў. Пад стогам знайшоў скурчанага заінелага Эдуарда Нордмана.
— Што, доктар, загартоўваешся?
— Вінаваты, Васіль Захаравіч, не дапоўз да нары. Сон змарыў.
— А ну, бягом да таго стога з падпоркаю і назад. Бегай, пакуль не ўпарышся... Немцы і паліцаі ўсю ноч нас вартавалі, а цяпер змарыліся. Чуеш, як ціха ў Паварчыцах?
Праз падшэрхлае балотца атрад вёў мясцовы жыхар. Ён ведаў кожную хату ў вёсцы, імя і прозвішча старога і малога. Спыніліся каля першага дома, паціху пастукалі. Да шыбіны прытулілася жаночае аблічча.
— Агата, будзі Саўку. Хутчэй толькі. Начальства патрабуе,— сказаў сусед.
— А ён у адрыне. Толькі пад раніцу прылёг.
Саўку абяззброілі і ўзялі ў абдымкі, што ён і ачухацца не паспеў.
Па вуліцы, поплеч з ім ішлі Камароўцы з паліцыянцкімі нарукаўнікамі. Перапалоханы Саўка будзіў сваіх «бобікаў». Тыя, распатланыя і заспаныя, у адных сподніках, адразу траплялі да партызан. Перапалоханыя паліцаі высыпалі патроны, аддавалі вінтоўкі і бадаліся, што іх сілком прымусілі ўзяць зброю супраць сваіх.
Двое спрабавалі ўцячы, але далёка не адбегліся. Пачуўшы стрэлы, заварушыліся паліцаі на другім канцы Паварчыц: будзілі адзін аднаго і з вінтоўкамі выскаквалі з хат. Там выпадкова апынуўся Эдзік Нордман. Убачыўшы, што проста на яго бягуць два паліцаі, Эдзік скамандаваў:
— Стой! Кідай зброю, а то зараз прыстрэлю! Хлопцы, сюды!
Ашаломленыя нечаканай «засадай», паліцаі пакідалі вінтоўкі і патранташы, а калі пераканаліся, што апрача невялічкага хлопца з аўтаматам паблізу нікога няма, ірванулі куды каторы. Нордман пачапіў на плячо вінтоўкі і пайшоў да сваіх.
— Глядзіце, глядзіце, хлопцы, як узброіўся Эдзік,— зарагатаў Чуклай.— Ну ж і дасць табе камандзір. Куды адбіўся ад сваіх?
А Васіль Захаравіч абняў і пахваліў кемлівага партызана.
У той жа дзень была ліквідавана фашысцкая паліцыя ў саўгасе «Плянта». Дапамагаў партызанам мясцовы чалавек Пятро Быкаў. Фрыцы спрабавалі яго прымусіць служыць «новаму парадку», выклікалі ў раённую паліцыю, а ён усяляк выкручваўся. Потым прыйшоў у атрад Камарова, расказаў пра сваю бяду і прывёў партызан у саўгас.
Каб не наклікаць кары на сям'ю Быкава, яму для прыклёпу звязалі рукі, штурхалі руляю вінтоўкі, а жонцы яго параілі мацней галасіць. І яна выдатна выканала гэтую ролю.
Партызан акружылі ўсе сяляне, распытвалі пра навіны на фронце. У адказ Васіль Захаравіч прачытаў прамову Галоўнакамандуючага ў дзень 24-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Людзі радаваліся, што Масква наша, што Чырвоная Армія гераічна змагаецца з ворагам.
Сілком загнаныя ў паліцыю радаваліся, што іх раззброілі, і пачалі прасіцца ў атрад. Васіль Захаравіч да кожнага ўважліва прыглядаўся, з кожным сам гаварыў і, калі пераконваўся ў шчырасці хлопца, казаў: «Добра. Звяжам табе рух«, патузаем трохі і забяром у атрад».
— Навошта звязваць, таварыш камандзір? Я сам пабягу.
— Ну і дурань, калі пабяжыш. А пра бацькоў, пра жонку, пра дзяцей падумаў? Ты пабяжыш, а іх на шыбеніцу павалакуць. Звязанага павядзём,— немцы ім яшчэ і паспагадаюць.
Васіль Захаравіч да кожнага пільна прыглядаўся, з кожным гутарыў, распытваў пра сям'ю, сваякоў, пра ранейшую работу. Партызаны дзівіліся, што камандзір наскрозь бачыць кожнага чалавека: яму не схлусіш, ад яго не затоішся. А Корж часта дакараў сябе, што ў самым пачатку паспешліва падбіраў людзей у атрад: многія не вытрымалі нягодаў партызанскага жыцця і падаліся на ўсход. Што ж, і гэта някепска. Калі дабяруцца да сваіх, будуць біць гітлераўцаў там. І суцяшаўся, што ў атрадзе ўсё ж не было ніводнага здрадніка і баязліўца.
З саўгаса ішлі ўзлессем, залітым святлом месяца. Доўгія цені падвойвалі партызанскі строй, і здалёк здавалася, што ідзе цэлая партызанская армія.
Паваліў густы снег. Сцежку таптаў камандзір. Ён часам спыняўся, прапускаў наперад атрад і прыглядаўся, ці добра завея зараўняла сляды. Бег наперад, падбадзёрваў змораных байцоў і вёў далей атрад па цаліку.
На досвітку падышлі да маленькай вёсачкі Стамагілы. У суседнім сяле Чыжэвічы стаяў вялікі нямецкі гарнізон. На левы бераг Случы пераправіцца трэба непрыкметна і хутка. Паблізу няма пі мастоў, ні лодак. Усе глядзелі з надзеяй на камандзіра: да чаго дадумаецца? Што загадае?
Читать дальше