Парой любой і днём любым
Ён поўны дробнаю турботай,
Каб толькі ў Мінску, у адным.
Нядзелі бавіць і суботы,—
I з халасцяцкае тугі
Пазіркваць на мінчанак ласа.
Адам, герой мой дарагі,
На глупствы не шкадуе часу.
У чым ягоная бяда,
Зусім не цяжка здагадацца.
I мне шкада яе, шкада
Душы — пад стрэшкаю лайдацтва.
У свае поўных сорак год
Душа і думаць не гатова,
Што ёсць зямля, што ёсць народ.
Што беларуская ёсць мова,—
Якою пішуцца радкі
Паэмкі гэтае малое...
I што тут сталася віною
Таго, што стыль яе такі —
На злыя кепікі багаты?
Адкажа: «Аўтар вінаваты,
І твор пачаў ён, смех які,
Як шчыры графаман — з цытаты...
Мяне ўшчувае і грызе,
А ў вёску ж не схацеў падацца
I абабіў парогі ўсе,
Каб толькі ў Мінску прапісацца.
Праз цешчу, толькі праз яе,
Выгоды ўсе да аднае
Займеў — пасаду, лыжку, міску
I ў Караткевіча прапіску.
Таму без клопатаў-турбот,
Вядома, думаць ён гатовы,
Што ёсць зямля, што ёсць народ,
Што беларуская ёсць мова...»
Чытач, пакуль Нядзелька мой
Дае мне водпаведзь такую,
Я развітаюся з табой,
Цябе ад лішняга ўратую.
Даруй, чытач, за страту часу
I за ідэю выбачай:
Адам — твой брат, ды за абразу
Ты гэта, браце, не прымай.
I маладзечанцаў сардэчна
Прашу прабачыць, што Адам
З майго дазволу Маладзечну
Ярлык заштатнасці надаў.
Ваш горад, зрэшты, выпадкова
З'явіўся у радкі мае —
Не дзеля нейкае высновы,
А дзеля рыфмы аднае.
А ці многа ў нас цярпення?
А ці мудрасці дасолі?
Рэстаўрацыя сумлення
Адбываецца паволі.
Што не хутка — дзякуй Богу!
Маем час падумаць дбала,
Каб на гэтую работу
Нам хапіла матэр'ялу.
Калі дзяржава хлусіць —
I чалавек тады
Хлусіць, вядома ж, мусіць,
Ды толькі не заўжды.
Маленькі і няшчасны.
На свой падобны час,
Памыліцца не раз ён,
Падмане многа раз.
З'яднае і ўмацуе
Уласнаю рукой
Сваю хлусню малую
З вялікаю хлуснёй...
I ўсё ж ён пераможа
Падманны рух і спех
I спыніцца, дай Божа,
Таму што — чалавек!
Былой хлуслівай славе
Сцягі не дасць узвіць
I холадна дзяржаве
У вочы паглядзіць.
Не хацеў бы я нічога,
Толькі б раз убачыць Бога,
Толькі б раз у вочы Богавы зірнуць.
Што ў іх — поспех? перамога?
Ці звычайная знямога?
Ад якой не варухнуцца, не ўздыхнуць.
Пацяшэнне з нашай волі?
З хлеба нашага і солі?
Ці спагада нашай долі існуе? —
Нашай песні, нашай хаце,
Нашай бедненькай зарплаце.
Што адразу нам памерці не дае.
Разуменне нашых бедаў
I няпэўных нашых ведаў
I ні ў тым вось, і ні ў гэтым, і ні ў чым.
Мы крычым, калі магчыма,
Не магчыма — дык маўчым мы.
Так да смерці то крычым, а то маўчым...
Хто ж у гэтым віпаваты:
Нашы мамы, нашы таты?
Самі мы? Ці ўсё яны — кіраўнікі?
Вінен Бог адзін, няйначай,
I таму яго не ўбачыш
Ні ў бінокль, ні ў тэлескоп, ні з-пад рукі.
Ён высока, ён далёка,
Ён схаваўся ад папрокаў —
Душы нашыя пакінуў назаўжды.
I ў краіне-агародзе
Густа палыны ўзыходзяць,
Сохнуць вёскі і буяюць гарады.
Лёс такі — адна дарога,
Камянёў на ёй замнога,
I ніяк з дарогі гэтай не звярнуць.
I не хочацца нічога,
Толькі б раз убачыць Бога,
Толькі б раз у вочы Богавы зірнуць.
Такой трагедыі не ўбачыць грэку,
Такіх дзівос і ў Бібліі нямаш...
Будоўлі веку — у будоўлі здзеку
Ператвараліся пад бравы марш.
Пераўтварэнняў тых было багата,
Камю такую і не сніў чуму...
У турмы — хаты, адвакаты ў каты!
I зразумела мне цяпер, чаму
Ніхто не дапаможа Карабаху,
I мёртвыя не ўстануць за жывых —
Старая плаха стала вечным страхам
Для ўнукаў і для праўнукаў. Для ўсіх.
Ах, тупасць... Плесень? Ці іржа? —
Адно імкненне —
Была б заглушана душа
Хоць на імгненне.
За гэты міг усё зрабіць
Дурніца рада —
Вяроўкі віць, вучыць, як жыць,
Пісаць даклады...
Вучыла дзяржава красці
Не толькі — гайкі, цвікі
(Што можна ў кішэню пакласці),
А цэлыя цягнікі.
Читать дальше