Штосьці бармытала Баравая Цётка.
Ярка пачыналі мільгаць светлячкі ды зіхацець залатыя ражкі на кароне Змяінага цара.
Спалохана кідаўся ў цемру белы лунь.
Панічна несліся некуды кажаны.
Кляшчы ды павукі ў кары старых сосен узнімалі шолах, забіваючыся, чым глыбей, у шчыліны.
Моўклі ад страху цвыркуны.
Сарокі з варонамі ўзнімалі дзікі вэрхал.
Бурлілі халодным і светлым хмелем рэчкі.
Зеленавокія ведзьмакі, у якіх кроў сіняя, адлівалі сінім колерам.
Дрэвы нават саскоквалі са сваіх пнёў, збіраліся да гурбы ды адзін раз за ўвесь час чалавечымі галасамі выкладвалі адно аднаму свае крыўды.
Ядлоўцы дробненькімі галаскамі сварыліся з соснамі, што тыя засцяць ім сонца.
Дубы басам нападалі на асіну-лайдачку, што не мае ні шышак для вавёрак, ні жалудоў дзікам, ні ягад на лякарства людзям, а толькі шапялява балбоча дзень і ноч лістотай, з-за чаго ні адна птушка не адважваецца на ёй нават гнязда віць.
I ўсе дружна вымаўляюць елкам: хітруні вельмі плытка пускаюць свае карэнні, з ляснога чарназёму выбіраюць найбольш пажыўныя ды смачныя сокі.
А ў гэты час баранчыкі з адрэзанымі галовамі скакалі дрэвам да крон і пырскалі на іх бруснічным сокам.
Вядзьмаркі, агірачыушы мётлы, адна за адной перліся да Лысай гары[ 14 14 Бываючы зрэдку ў сваім Страшаве, кожны раз за сабой назіраю заўсёды тое самае. Нейкая магутная сіла мяне там піхае на край поля, за хату хроснага бацькі Аўдакіма Парэмскага. Адбіваючыся ад камароў, лезу там на Лысую гару ды адчуваю, як кожная клетачка майго цела, кожная малекула ва мне бытта пачынае гаварыць пра даўніну. Адразу зашчыміць маркотна сэрца. Раблюся ўжо сур'ёзным ды дзіўлюся, як праз такія быліцы ўсім сваім філагенезам я навечна з'яднаны з продкамі, з гэтымі камарамі, з хвойнікам, лесам ды тарфяніскам, якое ад гары распасціраецца да Гарадка, Міхалова, Меляшкоў і, напэўна, злучаецца з Палессем. А забраўшыся на гару, я там ўсё шукаю і шукаю слядоў шабашу тых вядзьмарак. Я — матэрыяліст і адукаваны чалавек, дасканала ведаю, што да чаго, але з'яўляюся ў Страшаве наступным разам і з такім жа хваляваннем зноў лезу на Лысую гару...
]. Лясун на старым воўку з высалапленым языком сігаў за імі праз кусты. Упалыя яго бакі ад худобы змакрэлі, а з языка адвальваюцца шматы пены. Звер толькі цяжка дыхае ды бліскае зялёнымі слепакамі.
Змеі з адмысловымі выкрутасамі кідаюцца ў абдымкі ды цалуюць адна адну у джала. На Змяіным цару ад радасці ўся луска адлівае цёмным бляскам.
Над лесам стаіць галас, скрыгат, стогн, плач і лямант.
У азёрах гучаць званы затопленых гарадоў...
Цягнецца такая какафонія да самага ранку. А калі толькі пачне сутанец і ў неба выгляне цьмяны рог месяца — на вёсцы пракрычаць першыя пеўні. Тады ўсяго землятрусу як і не было. Ужо толькі чуваць, як у халаднаватай цішы расце трава, поўза-юць казуркі, тонкім серабром дзенькаюць крыніцы, ацяжалелая збажына адлівае сізай расой, рэшткі якой — усю да кроплі — уцягнула з поля пыльная глеба, ды ўсё выразней відаць, як на ўсходзе сонца раскідвае свой залацісты веер.
З тых маляўнічых ды жудасных гісторый да сённяшняга дня засталіся актуальнымі для мяне хіба што апавяданні старых пра фосфарныя агеньчыкі, што ноччу часамі мільгаюць на могілках. На маю думку, з'ява такая мае матэрыяльнае абгрунтаванне, бо старыя, напэўна, назіралі самае звычайнае разлажэнне арганічнага рэчыва ды выхад газаў ад хімічнай рэакцыі. Усё ж астатняе даўно стала прыгожым і рамантычным, часамі вельмі ж наіўным фальклорам. Таму зараз, пачуўшы пра неверагодную гісторыю са з'яўленнем здані, прыняць яе ўсур'ёз і не падумаў. Толькі сам сабе адзначыў:
— Яшчэ адна байка пра белага бычка.
Не спадзяваўся, што банальная казка прымусіць потым добра паламаць галаву, што з-за яе давядзецца кідацца ў роспыты і сляпіць вочы над рэшткамі старажытных дакумен-таў з сівымі легендамі маёй Наднёманшчыны, што за гэтымі размовамі хаваецца надта ж заблытаная чалавечая трагедыя і скончыцца ўсё для мяне пакутлівым пісаннем гэтай кнігі.
А пачалося ўсё вось як.
Прывід у манастыры і галасы на стадыёне
Крочыў я ў той дзень па Замкавай вуліцы. Стаяла ціхае лета. На Савецкай плошчы якраз цвілі таполі. Белыя кудзелькі напаўнялі паветра, лезлі ў вочы, забівалі нос, спараджаючы ленасць і курортны настрой. Перад вачыма так і паўставаў заліты сонцам жоўты пляжны пясочак, абхазскія пальмы ды марская сінега.
Каля жаночага манастыра трапіўся насустрач заклапо-чаны Грыша Ламака. Працаваў ён у медінстытуце па гаспадарчай частцы. Мы з ім партызанілі ў адным атрадзе і лічыліся даўнімі сябрамі.
Читать дальше