Гродна
1968—1979 гг.
Нячыстая сіла і яе хеўра
Мне сказалі, што ў былым уніяцкім кляштары з'яўляецца прывід. Але я, вядома, адно пасмяяўся. Бо меў на гэта падставы. Хопіць, рознай дурноце верыў у дзяцінстве.
Пра аднаго чорта-нячысціка колькі наслухаўся ды пападрыжэў.
Звычайна прыкідваўся ён бараном. Прадаўшы парсюка і накупіўшы поўны палукашак падарункаў, ехаў, напрыклад, дзядзька з Бераставіцы дамоў па Алекшыцкай грэблі, і раптам да яго з кустоў тоўсценькі, кучаравы ды чорны як смала, звітны баранчык — шмыг! Фурман той адразу — гоп з воза.
«Базя, базя, ба-азечка!..»
Баранчык не надта ўцякаў, але і ў рукі не даваўся.
Канчалася нечаканае спатканне заўсёды аднолькава. Дзядзька раніцой, ушчэнт скусаны камарамі, прачынаўся на багне каля Свіслачы па пахі ў вадзе. Прадраў вочы і бачыць — у руцэ ў яго замест чаркі шышка яловая, воз па самыя восі ў дрыгве, а ў бліжэйшай вёсцы пеўні кукарэкаюць. Ад падарункаў у палукашку — ні следу. Згаладнелы конь з заблы-танымі нагамі паныла абгрызае лазу ды звоніць цуглямі. Недзе далёка галёкае сыч ды ўзрадавана стракочуць сарокі.
Калі ж я набраў столькі гадоў, што і за дарослымі пачаў заўважаць грахі, з'ява разгадалася вельмі проста. Дзядзька, вя-дома, быў удрыз п'яны — тоўсценькія баранчыкі лайдаку мроіліся.
А над усё мяне ўражвала, што на страту падарункаў абуралася не кожная жонка. Смейся з іншай колькі сабе хочаш, а маладзіца ўпарта цвярдзіла сваё — суджанага добра ведае. Ён чулы бацька і залаты муж, яшчэ і руплівы гаспадар. Але ж надта даверлівы — бы іншае дзіця, таму паддаўся, дурань, на зман.
У багну завалок яго, вядома, чорт: усе ведаюць, гэтыя нячысцікі для сваіх хітрыкаў балоты ды багны і трымаюць. П'янага ў такім месцы адразу і падхопяць.
Нячысцік чалавека мог тыцнуць носам у дрыгву ды ўтапіць альбо яго ўласнай папругай павесіць на суку. Вядома, цвярозы чалавек здагадаўся б перахрысціцца, на гэтым усё і скончылася б, але ж ці п'яны такое змікіціць? П'янаму і ў галаву не прыйдзе. Яшчэ дзякуй богу, што хоць так абышлося — магло быць куды горш. Трэба мужыка зараз жа везці да знахаркі — чары знімаць.
Нячыстая сіла мроілася многім.
Ноччу, каб вартаваць вёску, некаторыя мужыкі нават надзявалі кашулі навыварат, а жанкі іншым у кішэні піхалі высушаныя карэнцы дзягілю, ляшчыны, чартапалоху, бо адно тады нячысцікі не могуць нічога кепскага зрабіць.
Затое тыя вартаўнікі «на ўласныя вочы бачылі», як чэрці бедным перастаўлялі калодзежныя журавы, як, пырскаючы іскрамі, свавольна рагочучы, бытта іх пад пахамі хто казытаў, выляталі рагатыя ў багацеяў праз комін, ад чаго ў вартаўнікоў так звінела ў левым вуху, што людзі глухлі.
Чаго іх туды д'ябальская сіла перла, спытаеце?
Насілі багацеям мяшкі золата.
Ад няшчасных удоў, мацярок ды сіротак збіралі ў катлы слёзы, ад касцоў ды аратых — пот, далівалі чалавечай крыві, насыпалі пялёсткаў з балотнай лотаці. Пераварвалі ўсё гэта, старанна перамешвалі, і атрымліваліся ў іх жоўтыя манеты.
Потым тое золата і сыпалася багатым з печаў на падлогу — яшчэ гарачае, аж дымілася! Толькі дай яму крыху астыць ды падбірай. А не можаш чакаць ад нецярпення, спрабуй вызбіраць манеткі праз палу...
Бабкі малявалі, як неахвотна, скрыгічучы зубамі ды скуголячы, бы пабітыя сабакі, нячысцікі выходзілі з хворых, калі знямоглага чалавека крапілі свянцонай вадзіцай ды шапталі над ім «Верую». Яшчэ тады нават вятры ўздымаюць, маланкі бліскаюць ды перуны смаляць.
Наслухаўся я і пра Мацер Божую з Ісусам Хрыстом, што з'яўляліся перад старымі, калі тыя пасвілі ў начным коней альбо з маткамі лыка прадзіраліся праз хвойнік.
Урэзаліся ў душу апавяданні пра хітрых вужоў, якія быдла даілі, а ў той момант луска на іх гнуткіх целах са слізглай скурай пералівалася сталёвым бляскам.
Наслухаўся пра агідных рапух, што ранкам вы-паўзалі з нораў і з вымяў тых самых красуль высмоктвалі малако — усё да кроплі.
Ледзянела, абмірала сэрца, будзіла фантазію падрабяз-насць пра папараць-кветку.
Гэта падзея сваёй вобразнасцю зацьмявала ўсё.
Дзіва на Купалле
У Святаянскую ноч сярод змрочнага пошуму лі стоты і еркатання ваўкалакаў хмары раптам чырванелі ад жару, а ў збажыне заміралі з перапуду дзеркачы.
Узнімалі сык мядзянкі ды яшчарыцы.
Працяжна пачыналі гукаць совы.
Сіпла шапталі зеленавокія ўпыры-пераверацені.
Читать дальше