— Во-во! Цяпер больш — маміных дочак і сыноў, якіх і камарык не ўкусіў. Але слухай далей. Адным словам, дзеўкі мае — у паніку кінуліся, ды яшчэ якую. За пару дзён усе да адной паўцякалі з таго інтэрната, разумееш? Некаторыя паадракаліся нават ад сваіх клункаў — серай, кажуць, прасмярдзелі нас-крозь ды расплаўленым воскам. Іншыя і канспек-ты нават пакідалі, свае халацікі...
— Ха-ха-ха-ха!
— Табе смех, а...
«Го-о-о!!!» — зноў на высокай ноце заекаталі дзесяткі тысяч балельшчыкаў.
Але Ламака на екатанне стадыёна не зрэагаваў. Пачакаў-шы, калі супакоіцца рэха, павёў далей пра свой клопат:
— I мне ламай зараз галаву. Перавесці туды з Замкавай вуліцы хлопцаў, ці якое ліха?
— О, і будзе справе канец!
— Ага! Пачні пераводзіць, а яны заўпарцяцца і перабірац-ца не стануць? Пойдзе разбірацельства, выявіцца, што ў нас пануюць яшчэ забабоны і цемрашальства, выхаваўчая работа з моладдзю слаба вядзецца, што атэізм не на вышыні! Рэктар за жабры возьме, што спараджаю яму канфліктную сітуацыю, а іх у нашым інстытуце хапае і так: рэктар толькі і ведае адбівацца ад правяральшчыкаў. То з нашага народнага кантролю едуць, то з мінскага, то з маскоўскага, то з міністэрства...
— Гм, прабле-ема! — паківаў я галавой ды ўспомніў: — А памятаеш, што было калісьці на вёсцы? Якіх толькі баек не прыдумвалі, асабліва бабы, чаго мы толькі не баяліся?!!
— Узровень ведаў у людзей быў адпаведны. Але ж цяпер — пры агульнай адукацыі спаткаць такое?
Сябар паціснуў плячыма:
— Халера ведае што тут прыдумаць.
Мяне раптам кранула здагадка. Выразна нагадаліся тыя самыя гісторыі з фосфарнымі агеньчыкамі. Агні бытта бы выходзілі з магіл ноччу. Мая бабуля, калі прыставаў да яе з роспытамі, тлумачыла з'яву гэтак:
«Як пачне чалавек у магіле гніць, то з яго выпаўзае слупок паветра — белага, бытта сінькай падсіненага. Бы ў тумане якім-небудзь чалавек тады перад табой маячыць, хістаецца ды трасецца як ад ліхаманкі. А пабяжыш ты — і ён за табой пасунецца. Колькі ні бяжы, а ён не адстае. Таму, калі ты ўжо, унучак, убачыш ГЭТА, то стой і — ні з месца, покуль не згіне!»
Поўная аналогія з апавяданнем студэнткі.
Яшчэ ў нас цвярдзілі, чэрці пры такіх агеньчыках грошы сушаць, якіх наадбіраюць за ноч у п'яных людзей.
П'яны мужык з суседняй з маім Страшавам — вёсачкі Бялявічы, адкуль мая маці, пачаў ад такого цяпельца нават прыкурваць. Але неўзабаве спахапіўся. Ураз ацверазеў ды — ходу. Прыляцеў дамоў і глядзіць — да люлькі яго рублі прыліплі! Узрадаваўся вельмі — зінгераўскую машыну купіў дачцэ ў пасаг і яшчэ нешта. Але шчасця дачка ўсё роўна не мела. Чаму? Бо бацька не здагадаўся крыж над агеньчыкам зрабіць.
— Слухай, Рыгор, гэта ж усё так проста! На падворку твайго кляштара-манастыра, відаць, нябожчыкаў хавалі. Напэўна, хавалі ды — не аднаго. Мо якраз з каторага ў той момант фосфар выходзіў, бы на вясковых могілках у нашых вёсках, як апавядалі старыя. От табе і ўвесь фокус!
Сябар пакруціў пальцам каля скроні:
— Часамі ты — не таго?
— Падумай!
— Шчэ раскажы мне байку пра курчавага баранчыка, што ў балоце лайдакоў валок, пра папараць-кветку раскажы, якая квітнее ў Святаянскую ноч!
— А ты не злуй! Чаму выпадку з фосфарам не магло быць? Магла і ў кляштары-манастыры такая падзея выдарыцца, як на могілках, гэта ж — банальна!
— Во-во, банальна, аж надта!
Ламака штосьці сказаў яшчэ, але новае екатанне стадыёна словы яго заглушыла. Сябар аж вылаяўся:
— А тыя заразы сваё!..
— Тады — твой клопат, ты і разбірайся, бо я — пас. Толькі паспачуваць магу.
— Усе вы так...
На гэтым мы і развіталіся. Пра смешны выпадак я пастараўся забыць, хоць гэта і было не проста.
Тупаў праз горад, а вясёлае здарэнне з галавы не выходзіла.
Пачало разбіраць і сумненне.
Вядома, цяперашнім дзяўчатам можа паказацца ўсё — які ў іх жьшцёвы вопыт? Акселераты — дзеці яшчэ, што начы-таліся танных кніжачак. Але ж і ў будынку, каторы прастаяў на скрыжаванні гістарычных падзей, сляды перажытага таіцца будуць ды напамінаць аб сабе яшчэ доўга, вылазячы часамі вось так на паверхню, каб напалохаць тых, у каго кволыя нервы.
Толькі — што можа ў такіх калідорах вылезці канкрэтнае, свет жа матэрыяльны, цяпер пра гэта ведае нават кожны піянер?!
Чаму Ламака не прымае версію «фосфару»? Менавіта такі кволы газавы «агеньчык» студэнтка — вясковая дзяўчына, носьбіт народных легендаў ды вясковых комплексаў — прыняла за жаночую постаць.
«Сукенка, як з батысту ці марлі... Бытта ад пчол ці ад камароў адбівалася...» — ігра фантазіі ў перапалоханага вясковага дзяўчаняці.
Читать дальше