Замест таго каб паднімаць усіх супроць ворага, няўдалы наш Ян Казімір аб'явіў:
— Спакойна, панове шляхта! Не такі швед страшны, як баязліўцы яго малююць!
На шчасце, гэта нікога не супакоіла. Бо ўсе ведалі аж надта, Рэч Паспаліту атрымаў у спадчыну і трактаваў яе, бы чужую. Утрыманне Кароны і княства Літоўскага перарастала яго здольнасці, а вораг валіў суровы.
Кароль Густаў у пачатку лета 1655 года сваім воям аб'явіў:
— Жалеза прырода нам не пашкадавала! Пры дапамозе яго за морам дабудзеце сабе золата. Наперад, за мной!
Пераплыўшы ў гарачы ліпень Балтыку, вораг адразу пачаў раздаваць сваім генералам землі кляштараў, рабаваць касцёлы, двары і дабро адпраўляць па Вісле на поўнач. Каб мець добры сплаў, мужыкам загадаў на рэчках разбурыць грэблі і млыны.
Свайму вою кароль Густаў жолд клаў марны. Хлеб выдаваў мокры, асцісты і то ва вагу ды цвярдзіў:
— Астатняе дабывайце пры дапамозе шведскага мяча, ён у вас востры!
I паўночныя воі рабавалі, дзе маглі і што маглі.
У Варшаве не згледзеліся, як шведы атабарыліся вакол Кракава ды аблажылі кароннага абознага Стэфана Чарнецкага. На бок іхні спачатку перайшоў Януш Радзівіл, за ім іншыя князі ды магнаты — мяняючы Казіміра Вазу на Густава Вазу, бытта на га-лаве — шляпы. Нашыя ж воі, якім даўно ўвогуле не плацілі жолду, ваяваць адмаўляліся і сталі таксама братацца з ворагам.
Мала было на сваіх надзеі.
Калі вораг заняў і Вавель, абрабаваў яго і дабро адправіў на поўнач, у Чэнстахове манахі паўліны сталі збіраць складчыну на выкуп, каб вораг, калі зойме горад, у касцёле на Яснай Гуры не ставіў хоць коней.
Покуль наш кароль маліўся па храмах ды меркаваў, як дадушыць праваслаўе там, дзе яно яшчэ захавалася, справу ратунку бралі ў свае рукі нашыя сумленныя гетманы і ваяводы.
Работа перад імі стаяла не лёгкая.
У пяць разоў выраслі цэны на зброю — нагвалт спатрэбіліся грошы. Патрэбны былі яшчэ яны і воям, якія напагатове трымаць шаблі задарма адмаўляліся,— кідалі рубяжы дзяржавы ды скакалі дамоў. I таму ад шляхціца да шляхціца, як у склепе беластоцкага замка апавядалі мне слугі, заспяшалі эмісары гетманаў, збіраючы зноў серабро ды залатыя келіхі для манетнага двара. У каго ўдавалася, здзіралі за два-тры гады наперад падаткі, пакідаючы ўзамен квіткі.
А наш граф Браніцкі аж з Галандыі прывёз чараўніка, які з вядомай яму малітвай сем разоў апаясаў палац суровай ніткай. Каб вораг не спаліў ды не разбурыў будынкаў, гэтак жа ніткай апаясаў і гарадзенскі замак.
А тут праз дзень-два прыляцела новая вестка — пайшоў вайной і цар маскоўскі. Заняў Вільню, уехаў у горад карэтай, запрэжанай у шаснаццаць коней, якія перабіралі нецярпліва нагамі па вуліцах, выкладзеных чырвонымі дыванамі.
I гэта было яшчэ не ўсё.
На Украіне мужыкі паўсталі супроць паншчыны. На Падолі з'явіліся казацкія загоны Багдана Хмяльніцкага.
Некаторыя казакі пачалі рэзаць сем'і шляхціцаў, а яўрэяў перад гэтым, для смеху, апраналі ў вопратку біскупаў ды вадзілі па вуліцах.
Казакі з нянавісцю тапталі святыя дары чужой ім веры, пілі віно з імшальных келіхаў. З магіл і склепаў выкідвалі трупы. У выніку — паніка і там. Хто заставаўся жывы ўцякаў як мага хутчэй да Кароны.
Казакі, шведы, маскалі ад нас былі бытта бы і далёка, але ж і тут запанавала трывога не на жарты. Мабыць, узрадзілі яе натоўпы пехацінцаў, якіх ротмістры пачалі ганяць па полі, выкрыкваючы каманды:
— Першы дзесятак — налева і на калена! Другі дзесятак — шлюсуй ім з тылу!
Стаяла ўжо лета, а на палі людзі баяліся і выходзіць. Аднекуль з'явіліся вялізныя чароды птушак — чорных, крыклівых, як бывае заўсёды перад крывавай разрухай. Усё часцей тонка ды працяжна, як чмялі, гулі званы беластоцкіх касцёлаў ды цэркваў, а напалоханыя прыхаджане беглі да крыжоў на ростанях ці ў свае храмы, ставілі і ставілі свечкі, а тады падалі перад іконамі ніцма ды маліліся, маліліся і маліліся.
Каб змора не выкасіла быдла, свіней, валоў ды авечак, дзень і ноч, сыне, у канцах вёсак мужчыны палілі кастры, абкурвалі дымам з сухіх лістоў дуба і чарнобыля свой дастатак.
Званы сатрасалі паветра з тыдзень, а вецер развейваў доўгія бароды званароў. Часамі спіжавыя волаты пачыналі біць і без людзей. Спадар Яўхім казаў, не раз здаралася такое і ў нашым кляштары.
Гром бомаў патрасаў сцены абіцелі, як пры пажары. Панамар узбіраўся на званіцу, а там — нікагутка. Языкі самі ўзад і ўперад ходзяць ды з усяе сілы лупяць у бронзу. У спадара Яўхіма ад убачанага ад страху аж мароз праходзіў па скуры!
Читать дальше