Сцягнулі з нявесты пакрывала, а яна адразу сарамліва закрылася рукамі.
У гандлёвых галях на гродзенскай плошчы, каля бернардзінскага касцёла, дакладна гэтак немцы, яўрэі і армяне паказвалі пакупніку тавар. З той розніцай, што сувоі сукна не ўпарціліся, як іх гандляры ні перакочвалі.
Дварэцкі рукі нявесты развёў ды клікнуў маладога. Той не без цікавасці падскочыў з вясёленькай усмешкай, глянуў у тварык суджанай, за якую шэйх даў бацькам сто нявольніц і пяцьдзесят бараноў. Малады,здаволены,кіўнуў. Разумей так — яму спадабалася. Затым хапіў маладую жонку за руку, падвёў да стала, дзе Кацярына, падаючы для нары фрукты, і прыглядзелася невесце як след.
Кольца на пальчыку з брудным пазурыкам.
Шкляная бранзалетка на запясці.
Сяброўкі нявесты ўсе ў маністах. Некаторыя і з залатымі кольцамі, прадзетымі праз ноздру. Іншыя з чырвонай кропкай над пераносіцай — тыя былі з племені пуштунаў.
Усе як адна дрыжэлі ад страху і ўзбуджанасці. Аднак усмі-халіся — з робленымі і насцярожанымі ўсмешкамі, паказваючы белыя пацеркі зубоў — дробных, нібы зярняткі рысу.
А перад палаткамі бушаваў вэрхал. Юнакі гарцавалі на конях, вярблюдах, ішаках. Білі ў барабаны і палілі ўверх з доўгіх, як жэрдкі, стрэльбаў.
Грымела музыка. Бубнелі катлы. Жыхароў мясціны — мала большай за Путрышкі, агарнуў якісьці дзікі ўздым і непакой.
Глядзела на ўсё гэта Кацярына ды думала:
«Зрэшты, няма чаго дзівіцца. Хіба ж у нашых вёсках не адбываецца нешта падобнае, калі ў якой-небудзь хаце спраў-ляюць вяселле? Толькі людзі вар'ююць — кожны па-свойму».
Ганна здагадалася, пра што сяброўка думае, і ўслых разважыла:
— Вядома, Кацярына, багаццем нас пры жаніцьбе яны абскакалі. Але ж свабоды і шчасця ў нас больш. Таму і вяселлі больш шчырыя, чалавечыя, як мяркуеш? Мне так і лезуць у галаву тыя прыпеўкі ды гульні з прытупам:
Ой, на печы пры лучыне
Дзеўкі грошы палічылі.
Налічылі паўталера
Ды купілі кавалера!..
Альбо:
Бегла сучка рогам,
Й села пад парогам!
Сваха думала, што маці,
Давай сучку цалаваці!..
— Так у беларускіх ліцвінаў. У палякаў толькі крыху інакш:
Ой, сяно, сяно-о,
Под сянэм во-ода,
Дзе сень подзя-ала
Моя ўро-ода?!.
Кацярына ўслухалася, але не чула, бо перад вачыма паўставаў свой клопат. Чамусьці ўспомніла, што любімы сынок гаспадара — самы меншы брат жаніха — за сталом вычаўпляў.
Шэйхаў пястун Кацярыне надта напомніў сына. Хлопчык не злазіў з калень у мужчын. Варта было ўбачьшь яму ў каго-небудзь лепшы хавалак мяса, малы вырываў яго адразу з рук, а чалавеку піхаў свой, абмусолены.
Кацярына сабе адзначыла:
«Каб такое вычаўп мой малы пры гасцях, нават Ян не выцерпеў бы, папёр бы яго спаць!»
Тым часам шэйх глядзеў на конікі свайго наследніка ў шаўковым халаціку з захапленнем. Яшчэ пераможна азіраючы гасцей, з уміленнем пахваліўся:
— Бачыце такога зуха? Не, вы толькі паўзірайцеся! Спраў-ны шэйх у мяне расце!
I наогул Кацярына не пераставала дзівіцца з таго, што вакол яе людзі жылі зусім іначай.
Маладая з сяброўкамі-пуштункамі пабыла за сталом толькі пару хвілін, адно пакаштавала пілаў з міндалем ды чылаў са слівамі, і адразу ўсю іхнюю кампанію павялі на жаночую палавіну, куды не толькі не заглядвалі староннія,— нават вецер, мабыць, не адважваўся туды залятаць.
Ну і жыццё чакала нявестку шэйха — тое дзіця. Адтуль цяпер і носа не пакажа. Вядома, Анюцін Рыгор не анёл. Сяброўка апавядала, дзяцей з ім мець не магла,— усё Рыгору першая жонка, Марыся, мроілася. Яе Ян не муж і не бацька таксама. Але ж абодва звіхнуліся пасля. А гэтыя...
Парадак яны сабе завялі такі.
О Светлазарная Багародзіца Дзева Марыя, Ісусе Хрысце, няўжо Вы не бачыце там, на высокім Небе, што тут творыцца, адбываецца гэткае дзікунства не перад Патопам, а ў сем тысяч з чымсьці годзе пасля стварэння Госпадам Богам свету, у адна тысяча шэсцьсот пяцідзесятых з дня нараджэння Сына Божага?!
Так сабе паразважаўшы, Кацярына падумала, што іхні лёс — той, калі жылі яшчэ не паланянкамі, куды шчаслівейшы. Яна зараз цвёрда ведала — каб магла вярнуць усё перажытае, то ўжо ведала б, як карыстацца воляй.
Стала б сапраўднай паняй.
Не, над мужам верх не брала б, бо дурная тая дамова, дзе вала бадзе карова. Але і не забывала б, што гаспадар — адзін куток у доме, гаспадыня — тры.
На зборах рыцараў слыла б каралевай. I, напэўна, такой была б. Ужо ва Львове пачынала за сабой заўважаць, як на балях і званых абедах умее для гасцей стварыць спрыяльныя ўмовы. I нічым асаблівым. Звычайнай ласкай, падэйсцем, сціплым выглядам, сардэчнай увагай пасяляла б у іх адчуванне свабоды. Бо пры гасцях можна радавацца, але нельга ўпадаць у цялячае захапленне. Можаш сабе нават злаваць, толькі не крычы, з сябе не выходзь да крайнасці і ні ў якім выпадку людзей не абражай.
Читать дальше