— Затое арыкі тут...
— I ў іх нічога жывога не заводзіцца! Кацярына дзівілася з яе назіральнасці — як жа так, і яна таксама глядзела на рэчку, а да такога не дадумалася!
Ганна ж вяла сваё далей:
— Цяпер — чэрвень. У нас там усё зараз аж буіць! На падворку унь тут усюды пясочак, як прысак гарачы — курыца яйка знясе, і яно адразу спячэцца, альбо голы ток, а ў Верця-лішках цяпер на нашым падворку — суцэльны дыван з рамонку, а пахне як, а зеляніць! Там такі зараз пах, што галава кругам ходзіць, праўда?
Кацярына адразу сабе ўявіла і свой падворак. Сяброўка яе ўсё распаляла:
— Уяві сабе, як зараз там жылістыя лісты падарожніку з усіх бакоў травы душаць! «О-ей!» — крычыць на дрэве і птушаня беднай сінічкі, бо растлусцелае, бы жонка шэйха, зязюльчаня бесцырымонна выпіхвае якраз малое з уласнага гнязда катам на пацеху! Падворак з візгам пракалясіць ластаўка, чыркане крыльцам па ізумруднай гладзі ставочка ды разаб'е халоднае срэбра вадзянога люстэрка. Потым сядзе на жэрдачку і шчабеча:
А гэты пастух, такі абжартух,
У хаце жарэ, у поле бярэ,
Абы да варот...
— А неўзабаве...— уцягнутая Ганнай у гульню ўспамінаў, ужо захацела дабавіць і Кацярына.
Сяброўка не дала:
— А праз пару месяцаў будзе зноў хлюпаць слата! Затым «сэрца зімы» настане аж на дзевяноста дзён! Мерзнуць пачне цёмна-зялёная хвоя, а касматыя Лесуны пад вывараты елак заб'юцца — побач з бярлогамі мядзведзяў. Сыпане снегам, заенчаць на розныя галасы галіны. У полі Падвой гуляць пачне, а вецер біць у дахі, як у бубен, выць і свістаць у засланках. Але ж для нас, Кацька, усё гэта цяпер — толысі недасяжныя мары!
— Што ты зробіш!
Але яна ўжо прызнавалася:
— Ах, Кацярынка мая, як хочацца акраец чорнага хлеба, пасыпанага соллю!
Кацярына падхапіла:
— Што куплялі тата ў Балі Сольнай над Нёманам, куды немцы на лодках прывозяць яе з Прусіі!
Дзе яны зараз жылі, солі, мабыць, увогуле не ведалі. Яны-чары, ведучы бранак,— Кацярына сама неаднойчы назірала,— пілі кроў, бо яна саланаватая. Дабіраўся такі ахвотнік да каровы, бычка ці каня і прыліпаў вуснамі да ранкі, як п'яўка.
Так гэта — туркі, татары.
Паланянкам не дадзена было і такой магчымасці сталіць патрэбу. Усе ад недахопу солі спачатку паслаблі, кожная ежа смак мела травы. Памалу неяк прызвычаіліся і аднавілі сілы, але аб солі памяталі, як аб галоўным прысмаку. Марылі аб ёй.
Ужо Ганна вяла сваё:
— М-м-м! Пасыпала б, бы ў дзяцінстве, самай зярністай на лусту, каб аж хрумсцела пад зубамі!!!
Прызналася і Кацярына:
— I я! Здаецца, каб дапусцілі да яе. лыжкай бы ела! Села б над салявым мяшком і покуль не насыцілася б, ніхто мяне не змог бы скрануць з месца!
— А яшчэ чаго хочацца мне, Кацька, паслухай,— аўсянага кісялю!
— Ага, і мне! Гарачанькага-гарачанькага! Кіслага-кіслага! З чорным хлебам!
— А як абрыдла гэтая гарачыня! Так ужо хочацца апрануць кофту, нацягнуць на ногі панчохі, абуць пантофлі модныя ды пайсці ў іх, як чалавек, да цэрквы!
Успаміны, успаміны...
Аднаго разу да ткання іх не павялі — забралі прыслужваць на вяселлі. У Аравіі таксама для вяселляў, бы над Нёманам, дзён не лічаць — расцягвалі іх, як толькі маглі.
Сяброўкі прыслужвалі на ім дзень, другі, трэці. У чацвёрты — у самы разгар — пабылі адно да абеду. Ганна з ночы кепска сябе адчувала, абедзвюх адвялі ў кашару.
Прачнулася Кацярына ад пасляабедзеннай дрымоты ды пачала азірацца — дзе сяброўка.
— Глядзі! — кінула тая.
Праз плеценую лазовую сетачку, цераз дубцы вінаградніку Ганна штосьці разглядвала.
Прыпала да шчыліны і Кацярына.
На падворку сядзела двое старых з белымі чалмамі на галовах. З-за кашары тырчэлі зады іхніх аслоў — аблезлыя і ў калючках. Худыя істоты абіваліся хвастамі ад мух, але сяброўка не гэта мела на ўвазе.
Побач лазілі мурзатыя дзеці. Чорныя і бліскучыя валосікі на галовах дзяўчынак былі заплеценыя на многа тоненькіх косак. Гнуткія і карычневыя дзіцячыя пальцы, якімі хлопчыкі трымалі шчанюка на вяровачцы, здаліся Кацярыне роднымі, і сэрца яе сціснулася шчымлівым болем. Худое і шэрае ад пяску сабачаня з усяе сілы цягнулася да чаропкі, але дзеці ўпарціліся, вяровачкі з тонкіх пальчыкаў не выпускалі,— іх надта цікавіла кашара, бо Кацярына з Ганнай даўно іх прынадзілі дынямі ды кавунамі.
Дзеці — гэтая рака чалавецтва, як называюць іх арабы, і там былі такія ж дасціпныя ды жывыя. Толькі вопраткі не ведалі. Хадзілі зусім-зусім голыя, затое ад сонца былі карычневыя, бы ляшчынавыя арэшкі.
Читать дальше