Ну і што, калі развітаўся з дрэвамі і вуллямі назаўсёды — паміраць збірайся, а жыта сей. Зрэшты, паліваць садок на зіму, як і скрэбціся ў вуллях тады было яшчэ надта рана — так, напэўна, усё і засталося да снегу.
Ад балота цэлы загончык задзічэлых грушак вымахаў больш як на метр. Яшчэ вясной можна было іх прышчапіць. Але вырашыў — хай дзічачкі крыху падрастуць, укараняцца добра і ўзмацнеюць. Хто іх цяпер раздзічыць? Зараз на хутары зусім чужыя людзі — перасяленцы з-пад Караганды. Мажліва, яны і сумленныя ды гаспадарлівыя, але ж ім яшчэ, напэўна, не да яблынь і груш — самі не абсталяваліся як след. Трэ хоць падказаць людзям, бо дрэвы ж ні ў чым не вінаватыя. Хоць яны і жывыя, але — бездапаможныя, бы малыя дзеці.
Лаўрэну невыносна захацелася ў сваю вёску, дзе ў яго ўсё гэта было.
А яшчэ кожны дзень, кожная гадзіна і нават мінута былі ў яго там напоўненыя аж да самых краёў. Ды былі напоўненыя гэткім хвалюючым і значным зместам, што, здавалася, цэлы свет на ім клінам сышоўся.
Збіраўся Лаўрэн у Зялёную Даліну і раней — Уладзік абяцаў завезці. Для блізіру нават аднекваўся — бытта няма чаго яму туды перціся, няма на што глядзець, няма каго слухаць, няма нічога там цікавага. Але на самай справе чакаў гэтага, як самага вялікага свята, і аніяк не мог дачакацца.
Да суднай гадзіны сваёй гэтак можна цягнуць ды выглядваць — мала чаго наабяцае каму Уладзік.
I Лаўрэна агарнула ўжо такая прага хутчэй быць на хутары, што ён цвёрда вырашыў — хопіць чакання. Што, палонны ці які парабак ён у сыноў і нявестак? Заўтра, каб нават валіўся з трэскам і дагары нагамі станавіўся цэлы свет, а ён з самай раніцы абавязкова туды адправіцца.
ГАРАДСКІ ДАБРАБЫТ. ПТУШКІ, ГНЁЗДЫ І СІЛА ГЕНЕТЫЧНАЙ ПАМЯЦІ
1
Як звычайна, Лаўрэн устаў вельмі рана — сваім сіпатым металёвым галаском зязюлька ў насценным гадзінніку пракукавала толькі пяць разоў. Па тым, як лёгка адарваўся ад сну, вызначыў — выспаўся аж занадта. Прачнуўся з сэрцам, напоўненым радасным чаканнем — бы ў далёкай і светлай маладосці перад танцамі і вечарынкай. Каб нікога не трывожыць, святла не ўключаў. Пастаяў у зале ля акна. Паўзіраўся на мутныя агні соннага горада ды вызначыў — з неба зноў шлёпае густая макрэнь. Але зараз стала яму ўсё роўна. Пакурыўшы ля форткі, успомніў пра свае грошы — трэба ж будзе купіць білеты ды, відаць, у калгаснай сталоўцы папалуднаваць.
Цяпер у яго бляшанцы ляжала больш шасці соцень — уся скрыначка набічкавана «гатоўкай».
Навобмацак зняў з шафы бляшанку. Выграб верхняга чырвонца ды піхнуў у кішэню штаноў.
Тады вывалак са схованкі, паставіў у прыхожай боты з доўгімі халявамі — на вёсцы цяпер самая гразюка, а ўсе дарогі развезла на кісель. Абутак звечара, хаваючыся ад сваіх, старанна пашмараваў разагрэтым свіным тлушчам — як рабіў і ў сябе на вёсцы ў слякотныя дні, а для большай пэўнасці нацягнуў цэлафанавыя мяшочкі і толькі тады абуў боты.
Параўнаў кажушок з курткай. Спыніўся на апошняй — таксама цёплая, затое лёгенькая — бытта з павуцінкі ды і вада да яе не прыстае.
Цяпер завагаўся: адпраўляцца да снядання ці — пасля. На гэты раз Уладзік начаваў дома, і Лаўрэн вырашыў — аб сваім намеры сыну аб'явіць за сталом.
Падрыхтаваўшыся гэтак, сам сабе скамандаваў —ну, Лаўрэне, хопіць табе, хлопец, тут іграцца, як пан Вішпінг, хопіць цягнуць рызіну!
Скатаў на падлозе матрац, піхнуў яго на антрэсолі. Прасцірадла, як звычайна, акуратна склаў цаглінкай і кінуў на табурэтку. Затым выняў з шуфляды электрабрытву, што падараваў сын, калі бацьку споўнілася семдзесят пяць. Доўга тыкаў у сцяну вілкай, шукаючы разетку. Знайшоўшы, пачаў галіцца.
Заспаная Кіра неўзабаве прыйшла будзіць малога — Ігара гэтак рана чакаў дзіцячы садзік. Адзела яго і закамандавала:
— Мыцца бяжы! Толькі там — без фокусаў, бо я цябе ведаю! I не налівай!
— Узэ не буду...
Калі абоё пайшлі, сонная Святланка гупнула босымі нагамі на падлогу, выцягнула начнічок ды прысела. Зрабіўшы сваю справу, зноў юркнула пад коўдру і на хвіліну зусім прачнулася.
— Дзяду-уля, чаго так рана ўстае-еш?! — прасіпела надта здзіўлена.
— Трэбо, унучка.
Хвіліну думала.
— Дзе-ед, а было так, каб ты прачнуўся позна?
— Хто яго ведае, не думаў над гэтым.
— А ты падумай!
— Мо і здараласа...
— А ў колькі?
— Мо калі і ў сем, як шчэ твая баба жыла...
— Ой, о-ой, у се-ем, умо-ора! А мы ў нядзелю ўстаём у дзе-е-сяць! I — пазне-ей! А я магу — і ў двана-аццаць! А табе — у сем позно, умо-ора!
Читать дальше