Адным «таптаннем», вядома, там не абышлося. Іншы мужчына добрую шаляноўку або «файнейшы» ручнік такі суне пад пінжак!.. Але Хімка да людзей за гэта нічога не мела — дабро ўсё роўна марнуецца! Піня на яго нават глядзець не хоча, кажа — «не штандартнае», падавай гандляру лён ды воўну, а паны сабе выткуць па-свойму!.. Шчэ невядома, куды ўсё неўзабаве Альяш і дзяваць будзе!..
— Што ты, айцец Ілья! — запэўнівае прарока дырыгент хору, а ўся яго ўвага звернута цяпер на тое, каб хлебадаўца як мага больш зачарпнуў жменяй у мяшэчку.— Хіба ж я дазволю ім таптацца па дабру? Ты ж мяне ве-едаеш!..
— Мінулы раз развярнулі мне ручнікі і звойцы, бытто золато там шукалі, гіцлі!..
— Да што ты?! Я ім скажу, айцец Ілья!.. Я такі, што ў мяне нядоўго і атрымаць!.. О-о, добро, што сказаў, я ім не дарую! А за такі нотны спеў ты ўжэ ім...
— На! — прарок высыпае сярэбраныя кружочкі ў падстаўленыя прыгаршчы.
— Дзякуй! — ужо байчэй кідае Каваленка ды бяжыць на двор, дзе яго чакаюць харысты-мужчыны.
Хімка нават адчувае, з якой дзяцінай прагай — бы Яшка з Маняй лічылі атрыманыя цукеркі — гэтыя дарослыя мужыкі цяпер, агорнутыя такім жа радасным хваляваннем, запаліўшы запалку, лічаць манеткі, каб ісці іх прапіваць. Аднак яна радуецца за людзей, Што зробіш, калі мужыку гэтая гарката — бытта мёд! Ёй здаецца, што разам з харыстамі яе муж, Волесь, царства яму нябеснае, які гэтаксама любіў чарку. I Хімцы прыемна і цёпла робіцца на душы за гэтых людзей, нібы радасць прынесла ім сама.
Давідзюк узышоў каля цёткі на прыступкі чытаць пропаведзь. Прысутныя заварушыліся, згрудзіліся яшчэ цясней — даўно такія пропаведзі сталі вылівацца ў свабодныя дыскусіі, і таму вячэрняе малебства ў царкве нагадвала хутчэй сходку якога-небудзь сялянскага гуртка па самаадукацыі ці — спаборніцтва эрудытаў.
— Дзісь, брацця і сёстры, пагаворым аб трэцім дні работы нашага тварца! — паволі гартаючы вялізную, акаваную мудрагелістымі жалезнымі ўзорамі і клямрамі Біблію — падарунак пастаўскіх багамолаў, урачыста аб'явіў галоўны апостал.
Прапаведнік знайшоў патрэбную закладку і адкрыў неабходную старонку. Узняўшы галаву, паўзіраўся ў залу праз акуляры, якія зіхацелі, нібы празрыстыя льдзінкі, і спаткаўся з недаверлівымі позіркамі багамолаў з Валыні.
— Прарока Ілью прыйшлі мы паслухаць! — закрычалі ўкраінцы, а іхнія вочы нядобра заблішчалі.
— Зноў яны сваё!..— абурылася Руселіха.— Рыхтык стадо быдла папрыходзіло, дальбо! Ілья, скажы ім ты!..
Альяш павярнуўся на лаўцы і накрычаў на фанатыкаў:
— Калі вас сюды ўпусцілі, стойце ды маўчыце, бо не пагляджу, што здалёк,— выганю!
У зале запанаваў снакой.
— На трэці дзень, брацця і сёстры,— загаварыў Давідзюк,— бог утварыў для вады ўмясцілішчы і ў некаторых месцах адкрыў твар зямны. Як гэта гасподзь зрабіў і чаму?.. Ён падумаў, што для вады неабходны вялізныя і глыбокія лажбіны, бо ваду інакш не ўтрымаеш — разальецца! З дошак іх парабіць? Не, дарагія, столькі дошак не напасешса!
— I не вечныя яны! — падказалі з лавак.
— Верно! I ў госпада было адно выйсце — чашы такія выляпіць з зямлі, днішчы выслаць глінай, каб вада не перайшла ў землю, а па краях чашаў для трываласці паставіць горныя аграмадзіны. I парабіў ён зямныя чашы, і ўзняў горы. Умясцілішчы, якія такім чынам атрымаліся, гасподзь бог напоўніў вадою. «I нарэчэ бог тую сушу зямлёю і сабранне вод нарэчэ морам!..»
Покуль Давідзюк клаў на падстаўку акаваную жалезам Біблію, покуль здымаў акуляры і праціраў іх кончыкам рукава кашулі, нейкі дзядзька ўставіў смялей:
— О! Горы е высокія!.. Мы, як былі ў бежанстве за Армавірам, то наглядзеліса ўдосталь! Часамі, як глянеш у поле пры добрым надвор'і — вышэй аблокаў тырчаць, а пачнеш ісці, то будзеш дзень, два плясціса, а — ніц не бліжэй да іх, горы гэтак жа будуць маячыць перад табой і дражніцца!.. I стро-омыя, халера!
Хімцы надта захацелася дабавіць пра тое, што яна чула ад цёткі Кірыліхі:
«А страшаўскія бежанцы, якія лазілі на Каўказскія вяршыні, надто дзівіліса, што там нічого няма. Ні хат, ні кустоў, ні быдла нават... На кожнай гары, на самым яе версе, вісіць толькі іконка Журовіцкай божай маці на грушы або Заблудаўскаго дзіцяці ды гарыць сабе лампада!..»
Але ж нягожа ўвязвацца ў гутарку мужчын. Дый у цёткі быў клопат свой.
У жывым, бы з расплаўленага золата, густым частаколе свечак адзін тоненькі дубчык раптам пачаў чагосьці хіліцца, а пасярэдзіне ў яго выперла каленца.
— Госпадзі, даруй мне, разяве!
Цётка палахліва выняла крывы дубчык з сярэбранага патрончыка, каленца падставіла пад агонь, дубчык распалавініла і ўставіла ўжо два.
Читать дальше