— Што?.. Дзе?.. Га?..
Ніхто гэтага і не заўважыў. Украінцы ўсё так жа бяздумна елі вачыма свайго бога. Астатнія мужыкі ўражана ківалі галовамі і бытта адзін аднаму казалі: «Це хале-ера! Недарма Альяш служыў калісь дзеншчыком у афіцэра, трымаў у руках розныя компасы, магнітную справу, ніц не кажы, ве-едае, стары д'ябал!»
— Гэта верно, брацця і сёстры! — сціпла падсумаваў словы прарока Давідзюк.
Адчуваючы, што трэба сказапь яшчэ нешта, і сказаць — надта важнае ды значнае, каб на гэтым скончыць сёння вечар, Альяш закрычаў:
— Перуны — знак гневу божаго!.. У Грыбоўшчыне танцы кожную суботу завялі — збяруцца, і дзеўкі трасуць цыцкамі!.. А свістуны пабяруць папяросы ў зубы ды валэндаюццо па вуліцы, лынды б'юць!.. Яшчэ завялі сабе моду — не святыя кніжкі чытаць, а — пра любоў ды распусту ўсё, хто крыху вучаны!.. Хібо гэто да дабра давядзе?!. Каго ты хочаш ашукаць, бо-ога?!. Унь як перад бурай баляць зубы ці галава, як у баку коле! А перад дажджом як табе косці ломіць?!. А калі мокры снег пачне ляпіць?.. Падзявацца няма куды!..
— Святыя словы кажа айцец Ілья,— паспяшаўся яму дапамагчы Давідзюк.— Прырода — адзіная, і ў ёй усё адно з адным звязано, брацця і сёстры, дзякуй табе, госпадзі, за мудрасць тваю безгранічную! — Апостал памаліўся на ікону спасіцеля.— Айцец Ілья хацеў сказаць, што праз прыроду і мы цесно звязаны з госпадам богам, праз яе ўсявышні нас карае і мілуе!.. Ну і што, калі твой хлеў згарэў, хоць і не ты, а — я грашыў, якая розніца?.. Богаві няма калі разбірацца ў зямной драбязе, і ён не камендант крынкаўскаго пастарунка — Клявітар,— каб чуць што, біць вінавайцу гумай па галаве!.. Мы, людзі,— зярняткі з адной макаўкі, нязначныя і маленькія пясчынкі з адзінага вялікага чалавечаго цела, амін.
— Амін! — пачціва і з пашанай да мудрасці прапаведніка праказаў хор.
— Амант! — сказала Хімка.
— А цяпер, брацця і сёстры, давайце перад сном скажам па тры разы «Ойчэ наш» і «Верую»,. Для чаго нам гэто трэбо? Для таго, каб доўгай і шчырай малітвай разагрэць нашыя халодныя, зачарсцвелыя ў штодзённай суяце сэрцы! Астылыя ў будзённай мітусні душы нашыя інакш не змогуць пранікнуцца любоўю і цёплай верай у госпада бога, у сне не знойдуць яго!
Акрылены апостал упаў на калені ды пачаў чытаць малітву. Па яго прыкладу зашапталі ўсе астатнія.
— Амін! — як заўсёды, першым узняўся Альяш.— Хадзем, бо царкву буду закрываць.
— Амін! — устаючы з каленяў, пачціва сказалі мужыкі хорам, і ад руху паветра неспакойна замільгацелі свечкі.
— Амант! — апошняй прашаптала Хімка. Перажагнаўшы-ся, цётка далікатна, як бы просячы прабачэння ў свечак, пачала на іх фукаць і напаўняць царкву мёртвай цемрай і лёгкім чадам.
4
А ў двухпавярховай гасцініцы — дзіўнай для глухой мясціны будыніне — жыццё ў гэты час цякло па-свойму.
Пакоі, усё памяшканне былі бітком набіты народам. Там, дзе пілі і елі, рабілі гэта па-біблійску — не сядзелі вакол стала, а — «возлежалі». У калідорах час ад часу чулася бегатыя, жаночы смех і хрыплы голас патэфона:
Tango Milango-o,
Tango moich marzeń i snów!..
Тэклю, якая прыйшла ў гасцініцу прыбіраць пакоі, не ў кожныя дзверы і пускалі. Адно прыроджаны такт, няпэўнае становішча ды неабходнасць жыць з усімі ў згодзе жанчыне не дазвалялі гаварыць пра ўсё, што бачыла, свайму Альяшу.
Толькі на другім паверсе ў пакоі паэта панавала цішыня. Са столі ў цэнтр пакоя цягнуўся дроцік. Пачэпленая на ім дзесяцілінейная лямпа асвятляла траіх мужчын.
У воблаку дыму з папяросай у зубах за столікам пісаў вершы лабасты інтэлігент з упалымі вачыма — той самы Павел Бельскі з Пянькоў, чые гімны Альяшу спявалі багамолы. На сцяне над ім віселі два партрэты барадатых дзядзькоў — прарока Альяша Клімовіча і графа Льва Талстога. Былы грамадоўскі актывіст, вядома, не прачытаў да канца ні адной кніжкі Льва Мікалаевіча і меў цьмянае ўяўленне аб яго творах. Павел шанаваў графа, пакланяўся яму за тое, што яго праклялі папы.
Другім у пакоі начаваў вахлаты дзядзька — Піняў фурман. Ён раніцой меўся везці на станцыю Валілы воўну, лён, гусей і курэй, якія Піня купіў у прарока, а покуль што ў верхняй вопратцы валяўся сабе на нарах.
За грубым сталом прымасціў сваё магутнае цела Мікалай Рэгіс. Вышываная касаваротка з адмысловымі вензелямі ды царскай каронай на ім была расхрыстана, на смуглых грудзях вісела на ланцужку вялізнае меднае распяцце, а позірк яго быў сумны. Перад няўдалым дзячком стаялі з кепска выпаленага шкла, таму зялёная, бы ландышаў ліст, бутэлька і закусь.
Читать дальше