У празнікаўскага кулака батрачыў сірата, гаваркі Юзік, якому трэба было даўно ўжо жаніцца. Стары прывадзіў яго да сябе чаркай і ўгаварыў прыстаць у прымы.
Згулялі вяселле.
Неўзабаве Юзік з жонкі пачаў здзекавацца, лупцаваць і нават выганяць з хаты. Тэкля пайшла аднойчы з бабамі ў Грыбоўшчыну ды да мужа болей не вярнулася. Пражыла яна тут чатыры гады, слала ложак асобна Альяшу, а сама масцілася на куфры.
Тэкля звязала свой лёс з Альяшом з-за звычайнага бабскага захаплення ўпартай дзейнасцю і дасягненнямі мужыка з характарам — соладка было падпарадкоўвацца такому, верыць і служыць. Альяшовы поспехі яна інстынктыўна зрабіла сваімі, расквітнела нанава і ў трыццаць шэсць гадоў аж свяцілася ледзь не дзявочай прывабнасцю.
Кожную раніцу Тэкля ўсхоплівалася ад пачуцця бязмернага шчасця, радасці, якія чакалі яе цэлы дзень, і з вечнай прагай да работы, з асалодай ад сваёй маладой нястомнасці, з апушчанымі ўніз сарамлівымі вачыма яна насілася да вечара ад дома да царквы, ад царквы да гасцініцы і ў вёску. Да ўсяго, што зрабіў Альяш, адносілася з беражлівасцю руплівай і сумленнай гаспадыні.
З такой жа цеплынёй, як гэта ўмеюць рабіць толькі жанчыны, адносілася яна і да яго нядобразычлівых сяброў, бо надта хацела, каб непрыязь гэтая была ў іх часовай.
Пасля расказанага Рэгісам выпадку з ордэнам Тэкля перажагналася зноў ды пакланілася барадатаму партрэту. Узнімаючыся, сціпла і дабрадушна папракнула жартаўніка:
— Вы — як заўсёды, айцец Мікалай, жартуеце!
— Чаму так думаеш? Я ж — сур'ёзна!.. Сам войт расказваў. Што, ён — брахаў бы?.. I ці толькі гэта!.. З Піняй мы ўгаварылі аднойчы Альяша зайсці ў крынкаўскую лазню. Мыцца-то ён мыўся, а кашулі так і не зняў!.. Ты, гэткая чысцюля, як церпіш такога?! — не ўнімаўся дзячок.
Тэкля паспрабавала перавесці размову.
— I нашто вы, айцец Мікалай, столькі п'яце?!
— Ты лічыш — грэх? — прыкрыў ён локцем татуіроўку на левай руцэ.— Дурненькая, дык жа і сам Хрыстос піў!
— Ска-ажаце вы!
— Не верыш?!
Рэгіс здаравеннай ручышчай хапіў распяцце, адцягнуў ланцужок на выцягнутую руку.
— То Іаан Хрысціцель быў непітушчым, а гэты — яшчэ як піў і людзям нават піць дапамагаў!
— Хібо гзто праўда!
— Што ты! На вяселлі ў Канне Галілейскай, дзе ён піраваў, не хапіла чым напаўняць бакалы, дык Хрыстос твой, за якога ты заступаешся так, са звычайнай вады нарабіў віна для ўсёй кампаніі — піце, на здароўе, сабе!.. Пра гэта ж у кожнай Евангеллі напісана!
— То — віно, а вы — гарэлку!
— Бо там жыта не расце, дурненькая!.. Тыя людзі гарэлкі і не ведалі праз тое!.. А так, напэўна, піў бы і яе, гарэлка ж лепшая! Што для мужыка маладога вінаграднае, падумай!.. Скажу табе па-шчырасці, ён бы і спірт палюбіў!.. От, так. «Входящее в уста не оскверняет!»
Хвіліну яны памаўчалі. Павел, зацягнуўшыся папяросай, прарыфмаваў услых зноў:
— Он ве-ро-ю и прав-до-ю мир про-све-тит, по-знай-те теперь и е-го всю семь-ю!.. Добро, дальбо!.. Адзін куплет можно лічыць гатовым, перапішам цяпер яго начысто, дзе ў мяне папера?.. Ага, тут!..
— «Познайте теперь и его всю семью», гэта — ён пра цябе, Фяклуша! — падміргнуў Рэгіс.
— Нашто вам чапаць і божаго чалавека, айцец Мікалай! — з забабоннай пашанай да паэта праказала Тэкля.— У айца Паўла якраз малітва льецца па ўнушэнню духа святаго!
— Ха-ха-ха-ха!.. Харошая ты, дальбо!.. Усяму ў цябе знойдзецца апраўданне, да ўсіх ты гэтак хораша адносішся, усім спрыяеш! Мне б такую жонку!.. I на назе радзімка, гм!.. Колькі іх у цябе?! Не ведаю, чаго ты да смарчка гэтага прыліпла, што ты ў ім такога ўбачыла?!
Маладзіца паволі выцірала шыбу.
— Скончыўся ён даўно! От, пабудуе якую-небудзь няўклюду яшчэ ў Грыбоўшчыне, прадасць не адну тысячу гусей, курэй, не адну тону льну Піне, каб растранжырыць грошы, але больш гэты дзед нічога не выдасць, павер! Усе яго паклонніцы цяпер да мяне ліпнуць, як мухі на мёд!.. Да яго ходзяць, як сама бачыш,—толькі бяззубыя бабулькі ды Піліпіха з Хрысцінай верныя не адстаюць — што ім іншага застаецца?.. Дзівачка з цябе, дальбо! Кожная дзеўка тут адхапіла сабе маладога апостала, а ты, гэткая чартоўскі прывабная?!.
Тэкля як бы раптам скінула з сябе маску.
— А чаго маю зайздросціць, што жарабцоў нахапалі?! — з бязлітаснай грубасцю збялелая маладзіца апякла Рэгіса агнём сваіх цёмных вачэй.— Нахапалі і прамантачваюць сваю жызню!
Яна кіўнула галавой на сцяну, з-за якой далятаў гоман:
— Наглядзеласа я на іх за свой век па горла!.. I радзімак яны ў мяне папалічы-ылі аж занадто, хо-опіць!.. А самі якімі былі — кожны дзень нават у ванне мыліса, зубы рана і вечарам чысцілі, духамі сябе душылі!..
Читать дальше