Жанчыны павалаклі свайму богу падарункі — новыя кажухі, воўну, вэнджаныя каўбасы, дываны, лён. Кідалі на воз звязаных гусей, качак.
Паклалі вузялок з грашыма...
Знямоглы, стомлены ды схуднелы Рэгіс уваліўся бокам у воз, шапнуў фурману:
— Пры каня!
Фурманка адарвалася ад енку і апынулася за вёскай. Мікалай уладкаваўся лепей на мяшку ды ўздыхнуў, бытта пасля цяжкой работы. Затым пачаў грэбацца ў трафеях.
— На табе кажух на памяць! — прапанаваў Мірону.
У вачах селяніна з'явіўся жах. Да дзячка вяртаўся гумар:
— Ха-ха-ха-ха! От, лапух вясковы!.. Падумай, ну што з табой кепскага здарылася б, калі б і ўзяў адзін? Паглядзі, колькі іх у мяне...
У гэты час курыца, якая ляжала ля іхніх ног, набрудзіла Мікалаю на чаравік. Дзячок хапіў яе за крылы, шпурнуў у поле:
— Паску-уда!
Чубатка са звязанымі нагамі хвіліну бездапаможна білася крыламі на полі, затым павалілася, знясіленая, на бок.
Мірону стала яе шкода:
— Каршун задзярэ тут або ліса схопіць у адкрытым полі!.. Бабы ж дарылі яе вам!.. Цэлых два злотых далі б за яе цётцы ў Крынках...
— А чаго яна пэцкаецца?!
Рэгіс развязаў вузел — там было дзвесце дзесяць злотых.
— Адразу дзве твае каровы, бачыш?! — паказаў ён.— А дабра унь яшчэ колькі!.. За адзін такі дублёны кажух Піня пятнаццаць злотых адваліць, як думаеш?.. Упаўне!.. А іх тут — раз, два, тры, чатыры, аж — пяць!.. I гускі па чатыры злотых за штуку, качкі — па два!.. Лёну колькі!.. Ведаеш, Пінкус ваш лён адпраўляе за чыстае золата ў Англію, у Белфаст!.. Воўну Піня забярэ таксама... Дываны — барахло, нікому не патрэбныя, у мяне іх цэлая гара сабралася!.. Адным словам, за ўсё — яшчэ сотні тры!.. Ды дзвесце гатоўкі, разам — паўтысячы! I толькі за трое сутак!.. Во, як трэба жыць на свеце, разумееш?!.
Мірон падумаў, што дзяк пераплюнуў нават крынкаўскага гандляра, але сказаць не адважыўся.
У цішы спякотнага дня Мікалай фурмана павучаў далей:
— Вас, дзермаедаў, душыць трэба яшчэ пакаленняў з чатыры, покуль чаму-небудзь навучыцеся! Ты глядзі, колькі я людзям дабра зрабіў за тры дні!.. Думаеш, цёткі не разумеюць, што ўсё — мана? Успамінаючы мяне, п'янага, зараз не адна семяненкаўская баба кляне сябе апошнімі словамі і прыгаворвае: «Прыехаў, махляр стары, каб налізацца, а я, дурніца, і растапырыласа!..» Аднак зараз жа пра гэта забудзе! Бо я даў магчымасць разладавацца іхняй фантазіі і суму. Столькі ўдоў развялося пасля вайны!.. I вось цёткі памаліліся, паплакалі, паспявалі, патанцавалі, паказалі самі сабе, якія яны галасістыя, гасцінныя, добрыя ды клапатлівыя — бабе неабходна паказацца, як яна ўмее дагляджаць... Адным словам, адвялі душу!
— Адвялі-і, яшэ і я-ак!— усміхнуўся, паківаў галавой Мірон.
— О! I ты чуў, як падлога хадуном хадзіла, што вычаўплялі там?! — узрадаваўся Мікалай.— Каб ты бачыў, што было яшчэ ноччу!.. Засынаю з адной, прачынаюея, а пад бокам — ужо другая! Кожная ласкавая, спрагнёная!..
Мікалай увесь увайшоў ва ўспаміны і закруціў галавой.
— Яны плацілі мне за тое, што мець хацелі, і мы — квіты!.. О! Кавалі зноў!.. Чорт вазьмі, Мірон, ледзь не праваронілі!.. Аб'язджай, аб'язджай за гумнамі, няхай іх халера, фанатыкаў гэтых!.. Эх, паліцыі нідзе не відаць!.. Развялі яе столькі, панасаджалі пастарункаў амаль у кожнай вёсцы, а калі трэба, гэтых дармаедаў у бліскучых ботах і са свечкай не знайсці!.. З'язджай з дарогі, кажу табе!
— Грэчка тут узышла, патопчам!
— А-а, рука ў цябе не паднімаецца на яе!.. Хале-ера яе бяры, тваю грэчку, праедзем, покуль заўважаць гаспадары!.. Дай лейцы!.. Но-о, гнеды!..
Калі конь, набіраючы разгон, таропка залапатаў усімі капытамі па кволых лісточках, а колы бязлітасна ўрэзаліся ў пухкую, яшчэ не зляжалую, раллю, у Мірона ад жаху пацямнела ў вачах.
— Што, шкада-а? — пакпіў дзячок.— Цьфу, мужык — мужыком, хоць трэсні на лбу абухом!
Мінулі небяспечнае месца, і Рэгіс вярнуўся да ранейшай тэмы:
— Ве-ершык пра мяне напісалі!.. Хэ-гэ!.. Думаеш, камуністы што-небудзь зробяць нам? Чорта лысага! Перад рэвалюцыяй давалі жызні і Распуцін, і Кранштацкі, і Бесарабскі Інакенцій, і чорт, і д'ябал!.. У часы іхняга Маркса на ўсю Еўропу грымеў Лурд у Францыі!.. Гм, яны ім лекцыю па вёсачках чытаюць пра тое, што душа памірае разам з целам, сонечнае зацьменне бывае ад таго, а вялікдзень не праваслаў-нае свята, а — дрэўнеіудзейскае ды язычаскае. Дзядзькі, цёткі лектараў ветліва выслухаюць, з імі згодзяцца, а ў Грыбава да Альяша ці Рэгіса імкнуцтіа не перастануць, бо іх ніякай сілай не адарваць ад веры ў цуд, які патрэбен ім, бы хлеб! Праўду я кажу?
Читать дальше