Пазбаўленым якогасьці гучнага рытму грыбоўшчынцам жыццё без званоў здалося раптам цьмяным і аднастайным.
Альяш, чаму ж ты іх патапіў, хібо званы вінаватыя ў чым? — пыталіся ў яго аднасяльчане.
— Навошта царкву аддаў палякам? Дзядзька ні з кім не ўступаў у дэбаты.
— Сам патапіў, сам яе аддаваў! Сам і званы дастану, сам і цэркву адбяру, калі трэ будзе! — кідаў ён коратка.— Маё ўсё гэто дзело!..
Да Альяша спецыяльна прыйшла з Ваўкавыска дэлегацыя баптыстаў. Людзі ветліва павіталіся. Сціпла прыселі на лаве. Прасвітар адкрыў Біблію і пачаў Альяшу зачытваць радочкі аб прадажніцтве. Але стары недаслухаў.
Альяш раптам вырваў у прасвітара кніжку ў чорных вокладачках, кінуў на падлогу і патаптаў.
— Бойса ж бога, брат Ілья, гэто ж — Біблія! — аслупянеў галоўны ваўкавыскі баптыст.— Святое пісанне толькі ўмавеннымі рукамі бяруць, а ты?!.
Стары ўскіпеў:
— Гэто — ваша, сатанінская, Біблія! Пляваць я на вас хацеў, кніжнікі і фарысеі! Вы таксамо адно лерыгію маеце сваю, баптысцкую, а мова ў нас — нашая!.. I дзе вы ўсе былі, калі мяне папы намерыліса парашыць?! Мо вашыя баптысты тады заступіліса за брата Ілью, як мяне цяпер вялічаеце?! Мо вы мяне абаранілі, прыбегшы ўсе сюды?! Ха! Цяпер ва мне братца знайшлі!.. Сваячкі знайшліса!..
Альяш выставіў свае рэгаліі.
— А во, бачылі?.. Не?.. То прыглядзецеса!.. А шчэ паліцыя ў мяне е ў Крынках! Ніякіх сваякоў не хачу ведаць!.. Ніхто нават пальцам пяпер не мае право мяне крануць! Хай адно паспрабуе!.. Былі такія рызыканты, то даўно згнілі!..
I гэтай пагрозы здалося Альяшу мала. У начышчаных афіцэрскіх ботах, у аблеяных «чорнай скурай» нагавіцах-клёш, з абавязковым атрыбутам дзяржаўнага ката Мацяўскага, эконамаў яшчэ часоў паншчыны і наглядчыкаў над нявольнікамі — з чорнымі пальчаткамі, якіх Снядэцкі не знімаў нават у найбольшую гарачыню,— платны гродзенскі правакатар уважліва цікаваў праз акно на свайго хлебадаўцу і толькі чакаў каманды. Пад старой ліпай з наладаванымі шротам дубальтоўкамі стаялі напагатове ўсе яго пяпь апрычнікаў.
— Стасік, а ну, смальні гэтым шыбздзікам! — выхіліў галаву і крыкнуў Альяш малойцам.
На ўвесь голас, бытта перад ім выстраены быў батальён салдат, Судэцкі загадаў:
— Рыхтуйсь!
Калі пяць здвоеных ствалоў уставіліся ў неба і клацнулі ўзведзеныя куркі, Судэцкі ўзмахнуў чорнай пальчаткай:
— Плі!
Застылае летняе паветра рвануў залп з дубальтовак. Са стогадовай ліпы густа пасыпалася зялёная сечка. Ні жывыя ні мёртвыя баптысты шмыганулі адзін за адным на вуліцу і панесліся ў канец вёскі, а стары нейкі час бег за імі ды крычаў:
— Сабакамі шчэ нацкую!..
3
Клімовіч надумаўся расправіцца з тымі памочнікамі, якія не ўцяклі самі.
За гэты час Рэгіс атабарыўся ўжэ ў Грыбоўшчыне грунтоўна. Некаторыя яго паклонніцы куплялі ў гаспадыні нават ваду, у якой Мікалай мыўся. Панскі і шыкоўна апрануты непатэнтаваны лекар прыпадачных дзевак у апошні час завёў звычку хадзіць з абсмаленым кавалкам тоўстага сучкастага ядлоўцу — гладкага, бытта косць.
Рэгіса Альяш спаткаў на вуліцы. Дыпламатам дзядзька ніколі не быў, таму загаварыў ён да былога дзячка з няўклюднай і брыдкай ліслівасцю:
— Ну, Мікалай Ляксандравіч, то дзе твая Біблія пра Клімовіча?.. Усё друкуецца ў Гродне?
— Друкуецца, айцец Ілья...— няўпэўнена пацвердзіў Мікалай, яшчэ не разумеючы, для чаго стары пытаецца. На ўсялякі выпадак азірнуўся — як далёка Судэцкі.
— А-а, доўго як калупаюццо тыя друкары!.. Мабыць, тоўстая надто будзе?
— Не малая...
— I я кажу!.. I з малюнкамі?..
— I іх нямного...
У няёмкім напружанні яны крыху пастаялі моўчкі.
— Ты паглядзі, і кіёчак у яго які файны!.. Ну, ну, пакажы, Ляксандравіч!.. А як ён у руцэ — ёмкі і моцны?.. Кажуць, у кожнаго кія — два канцы, праўда?.. Пакажы.
Разгублены Рэгіс кій падаў.
— Сухі ядловец, айцец Ілья. Не ўступіць і жалезу!
Альяш раптам хлабыснуў Мікалая сучкастым ядлоўцам па галаве і закрычаў:
— Вон, падло, з Грыбоўшчыны!
Далей стары гнаўся за Рэгісам па вёсцы, лупцаваў яго і прыгаворваў:
— Вон, гіцаль!.. Вылюдак ты паршывы!.. Хрыста-прадаавец!.. Цацалі-іст!.. Думаеш, не ведаю, што цябе архірэй сюды падаслаў?! Стасік, загані яму шроту ў задніцу!
Судэцкі ліхаманкава пачаў нацягваць пальчаткі, якія прыліпалі, як назло, да потных рук і не лезлі. Нарэшце з пальчаткамі ён справіўся.
— Рыхтуйсь! — прагучала на падворку каманда зноў.
— Шчоўк! Шчоўк!..— клацнулі ўзведзеныя куркі.
— Плі!
Пасля залпа, як каляровыя пырекі, з дзікім кудахтаннем разляталіся куры, а перапалоханыя насмерць грыбоўшчынскія цёткі хапалі з вуліцы малых і неслі іх у сенцы.
Читать дальше