— Шчэ накажы ў Крынкі тым аратарам, што і да іх дабярусо!.. Папішчаць у мяне і за Максіма, і за Распуціна, і за іншых — за ўсіх я ім адплачу!.. Мяне шчэ сам Іаан вучыў гэтаму!..
— Схо-одзіць Сцяпан у Крынкі, ды перадаснь ім, і Распуціну скажа!..— пакорна згаджалася солтысіха.
Нейкі час Хімка з Тэкляй баяліся да старога нават падыходзіць і загаварыць да яго.
Раздзел пяты
1
Дзядзька Клімовіч зноў ашаламіў людзей.
Надзя Чарнецкая, у якой некалі манах Серафім спатыкаўся з маладой каталічкай, апавядала, што наступнае дзіва ў іх пачалося гэтак.
— Пайшла я з кумой лён палоць, і чуемо мы з поля, што ў нашуй царкве штось усё — трэсь-трэсь!.. Трэсь-трэсь!.. «Кума,— кажу я,— бяжым і паглядзім, што гэто там робіцца!»
Прылятаемо на той узгорак — божа, няма званоў!.. Заходзімо ў царкву, а там — разгром поўны, каб вы толькі бачылі! Райскія врата вывалены! Прастол развернуты! Свечкі па царкве валяюццо, аж уся падлога жоўтая, і на сценах — ні іконкі!.. На цвіках, якімі папрыбіваны святыя рукі і ногі Хрыста, вісяць торбачкі з палуднем! Па паперці ходзяць якіясь маладыя гіцлі ў шапках, свішчуць сабе факстроты, а іншыя мужчыны гахаюць сякерамі за алтаром — штось там, не хаваючыса нават, мастакуюць у святым месцы!.. Бяда!.. А страшно так!.. «Бяжэм, кума,— кажу я зноў,— паднімаймо народ, бо і нашыя ж яшчэ бабкі, мацяркі, ды і мы самі, калі шчэ былі малыя, для царквы стараліса столькі!..» О-о, колькі раз мама клікалі нас, дочак сваіх, то каменні зносіць на падмурак, то так дапамагчы чаго!..
Кінулі мы з кумой той лён і — у вёску! Толькі дзе вы бачылі, з нашаго старання выйшаў пшык!..
А гэта Альяш выліваў сваю злосць.
Першым чынам ён наняў рабочых, фурманак, паздымаў званы, завёз у Студзянку ды патапіў у сажалцы.
Тады павыдзіраў з царквы ўсе атрыбуты, перавалок іх на хутар Вершалін і адкрыў там малельню, а людзям аб'явіў, што царкву прадае на злом.
Падвярнулася нейкая жанчына з Крынак, заплаціла, не сказаўшы ні слова, вызначаную суму, і Альяш паехаў з ёю да натарыуса, аформіў купчую і ўзяў грошы.
— Хацелі, лахудры? То маеце! — з помслівым здавальненнем пагразіўся дзядзька невядома каму, яшчэ не заўважаючы спрытнага падману.
Як толькі прарок скампраметаваў сябе канцом свету, гродзенская кансісторыя палічыла, што цяпер песня яго канчаткова спета, і вырашыла прыбрадь царкву: купчыху старому падаслалі.
Праз пару дзён Фэлюсь Станкевіч далажыў:
— Ілья Лаўрэнцьевіч, дзісь прыягджаў айцец Серафім — той малады гіцаль з белымі зубамі, каторага ты калісь выгнаў з манахамі з вёскі! Адамкнуў тваім ключом царкву, пахадзіў па ёй гаспадаром, паглядзеў, дзе іконы чапляць, і ад'ехаў. Заўтра збіраюццо паднімаць райскія врата!..
— А-а, то вы гэ-этак?! Папы ненаедныя і тут падстроілі мне фокус?! Ашуканство ўжэ і сюды пусцілі?! Ну, пачакайце ж, кудлатыя, мяне шчэ не ведаеце!.. Папомніце!
Альяш закамандаваў Судэцкаму:
— Стась, збірай сваіх гаўрыкаў! Айда, паедзем у Крынкі да той аферысткі!.. Каўтуны прычэшам ёй!..
З узброенымі малойцамі Альяш уварваўся да жанчыны, сілай вырваў купчую і адправіўся назад у Саколку.
У павятовым горадзе Альяш заглянуў у ашчадную касу ды вялізную суму царкоўных грошай перавёў каталіцкім місіянерам і «Жывым Ружанцам». Затым падумаў, падумаў ды столькі ж выдзеліў яшчэ на будаўніцтва шпіталя Святога Роха ў Беластоку і на новы касцёл у Гарадку.
Добра ведаючы, што кожнае яго слова будзе пераказана таму, каму трэба, Альяш пагразіўся праваслаўнаму духавенству:
— Во, папаскачаце цяпер, пузачы, калі даведаецеса! Аж халера вас возьме!
З ашчаднай касы дзядзька завітаў да сакольскага ксяндза ды папрасіў у яго прыняць царкву пад касцёл.
К таму часу на свеце пахла порахам, кардынал Хлёнд перастаў Альяшом цікавіцца. Таму павятовы галава каталіцкага духавенства, сакольскі ксёндз, ахвотна прапанову старога прыняў ды закамандаваў дэкану крынкаўскага касцёла праваслаўны храм у вёсачцы Грыбоўшчыне зараз жа апрыходаваць.
Бабкі нават войкнуць не паспелі, як з купалоў іхняй святыні інаверцы выдралі праваслаўныя крыжы, уставілі ў тыя самыя дзіркі — каталіцкія, а ў былую цэркаўку, куды столькі ўклалі і душы, і надзеі яны, «Жывыя Ружанцы» ўвалаклі халодныя гіпсавыя скульптуры «матак боскіх», апосталаў ды масіўныя чорныя лаўкі з дубовых дошак.
2
Цяпер дзядзька на сваю кужэльную старэнькую світку паначапляў бліскучыя польскія ордэны і ў гэткім маляўнічым выглядзе пачаў выходзіць да людзей.
Читать дальше