— Што мелеш?! — спыніў яго сябар.
Альяш не слухаў.
— Не-е, самі яны ніколі на тое не пайшлі б! То папы іх падаслалі, я ведаю!.. Гэтыя ненаедныя кудлы ўсё могуць!.. Іаан Кранштанкі папярэджваў!.. I цацалісты вады намуцілі, бо я ім папярок горла стаў. Брата майго спляжылі, потым Распуціна забілі і пад мяне даўно падкопваюццо і падкопваюццо!.. Але чаму, скажы, народ паддаўсо на чужую дудку, чаму паверыў?!
I сямідзесяцігадовы дзед з крыўды раптам расплакаўся.
— Ы-ы, то ты зноў за сваё?! — паківаў галавой Аўхімюк.— Эх, сівая барада, сівая барада, а — ёлуп ёлупам, і нічого, мабыць, цябе не пераменіць ужэ, капут!
— Ёлуп, Базыльку, шчэ й які!.. Падумай сам: я для іх Вершалін будаваў, так стараўсо, на тваіх жа вачах усё было, скажы?! I на высокім падмурку зрубы клаў, і на вапне, як у пана Гурскага, двары — з ганачкамі і горкамі!.. I майстроў самых лепшых ім раздабыў, нават шкло каляровае прывёз аж з самой Бярозаўскай гуты, і карпаў у ставы напускаў!.. Нават лебедзеў з Гродзенскаго заапарка ім прывёз, пусціў на ваду, а яны — ненаеднаму архірэю і цацалістам прадаліса, на іхнюю руку пайшлі...
Увесь гэты час Волесь вымаў з рамы акно, якое дагэтуль ніколі ніхто не адчыняў. Нарэшце яно адчынілася, і зяць выглянуў на падворак. Там стаяла Тэкля і давала знакі.
— Дзядзьку Альяш,— перабіў іх Волесь шэптам.— Вартаўнікам Чарнецкі зубы загаворыць, ён на гэто спраўны! Банадык пачне байку ў Грыбоўшчыне то не скончыць у Крынках, а вы покуль што ўцякайце!.. Унь і цётка Тэкля вас чакае!
— Ха!..— жвава схапіўся прарок.
— Ну, давай, давай, паўзі праз акно з уласнай хаты, бы які злодзей! — не пераставаў здзекавацца стары Базыль.— Ото ж нарагочуццо заўтра людзі, калі днём бабы разнясуць па вёсцы, як ты ратаваўсо ад сваіх жа багамолаў!.. Сам нават раскажу!.. Не бойса, выпаўзай, выпаўзай, арціст з пагарэлага ціятра, дапамагу!
Клімовіча падсадзілі на падаконнік з засушанымі мухамі і адтуль асцярожна спусцілі ў агародчык. На двары яго падхапіла Тэкля і павяла за гумно.
Калі небяспека мінула, Тэкля за гумнамі расплакалася ды пачала хвастаць старога па твары:
— Ці табе я не казала — не начуй у сваёй хаце, не начуй, чаго табе заглядваць туды было?! Чаму да Вольгі сваёй не пайшоў, чаму?! Во, во, маеш!..
— Я толькі заехаў на падворак, шчэ й не выпраг нават каня зусім — ухіляўся стары.— Я ж не спадзяваўсо, што яны на папоўскую дудку... Гэто іх гродзенскі архірэй новы, айцец Савва, падбухторыў!.. Пачакай, Тэкля!.. Я ж да яго, кудлатаго, шчэ дабяру-усо!..
Раззлаваная маладзіца не прымала ніякіх аргументаў і тлумачэнняў.
— Ці не прасіла цябе шчэ нават учора — вы-ыедзем адгэтуль, усё роўно павар'яцелыя сектанты жыці не дадуць нам аніяк!.. Ці дваццаць, сто, тысячу разоў — не маліла цябе?!
— Казала, Тэк...
— А-а, прызнаешса?! То чаму не слухаўсо, стары ты пень трухлявы?! Ледзьве не памерла ад страху!.. На, на, атрымлівай у мяне, каб ведаў другі раз!..
— Хто гэто думаў, каб прыбіваць мяне ўхналямі...
— Варто было, каб павісеў крыху на крыжы тым, каб ведаў іншы раз, на, на!..
Жанчына да крыві разбіла старому твар. Мужчынам давялося яшчэ раз заступацпа за Альяша.
— Тату, хадзем да нас, схаваем! — цягнула яго за рукаў Вольга.— Волесь, не стой там, дапамажы ўгаварыць іх!..
Упарты дзядзька хавацца не ішоў.
6
На другі дзень Альяш вярнуўся з Гродна пад аховай узброеных дубальтоўкамі малайцоў. Атрад з пяці чалавек пад камандай штрэйкбрэхера-прафесіянала, платнага правакатара і былога рэцыдывіста Станісла Судэцкага даў пару залпаў у паветра ды кінуўся разганяць сектантаў, якія ўсё яшчэ не трацілі надзеі знайсці-такі ў вёсцы прарока ды выканаць свой намер.
Прыляцеўшы ў Грыбоўшчыну, Хімка якраз пачула страляніну і нейкі час ні жывая ні мёртвая прасядзела ў хвойнічку. Адно потым пайшла распытваць, што здарылася.
Па запусцелым Вершаліне хадзіў разлютаваны Альяш у абкружэнні ўзброенай аховы, нікога не прызнаваў, а толькі пакрыкваў:
— Пастраля-аю!
Яго нельга было пазнаць.
Альяш з малайцамі зайшоў да Курзы на падворак і збялеламу солтысу аб'явіў:
— Застрэлю кожнаго шыбздзіка, бы паршывую сабаку, хто пачне зноў да мяне лезці, і нічого мне за гэто не будзе!.. Гродзенская паліцыя страляць мне дала такое право — ідзі і так усім і перадай!
Сцяпан сумеўся.
— Яшчэ ім напомні, што аднаго субчыка, што лез надто, я ўкакошыў ужэ!..
— То ён перада-асць, перада-асць, пане Клімо-овіч! — выручыла мужа, з гатоўнасцю запэўняла і ўнад падлашчвалася, як магла, Сцяпанава Нінка.
Читать дальше