Ат, колькі цяпер тых коней. Як павыбівалі іх у вайну, так з той пары іх менш і менш...
Вельмі ж малымі ды слабенькімі прыходзяць на свет парасяты. Ды малако ў мацеры — адзін тлушч.
А яшчэ ў парасят абуджаецца адразу такі апетыт, што даводзіцца часамі браць авечыя нажніцы ды сашчыкваць ім малочныя зубікі, бо інакш гэтыя маладыя хуліганы мацеру сваю загрызуць аж да смерці. Сашчыкнеш, і пасля свіны вывадак як бачыш становіцца на ногі.
Столькі часу ён ужо быў на пенсіі, але адшчыкваць некаторым парасятам малочныя зубікі загадчык фермы кожны раз прасіў Лаўрэна — у яго лёгкая рука, уся вёска пра гэта ведала. I хоць зараз Лаўрэн выдатна разумеў, што на апарос яшчэ зарана, але раптам яму здалося — у Зялёнай Даліне яго вельмі ўсе чакаюць не дачакаюцца, і ён абавязкова павінен зараз жа туды адпраўляцца. Нават успомніў, куды сунуў у хлеўчыку за бэльку авечыя ножніцы.
Яшчэ запіхнуў туды за бэльку жалезнае пута — новае, нямецкае. Запіхнуў добра насталяваную бацькам Мірона сякеру, а заадно — бязмен, спушчадла для кароў, каб лягчаць іх, швайку калоць вепрукоў ды касу-васьміручку — усё самага лепшага гатунку: навостранае, бы агонь, і падагнанае да рукі...
Гэты ўспамін Лаўрэна ўсцешыў яшчэ больш, дадаў веры ў сябе і ўпэўненасці — бытта таму кавалю на чужбіне, які ўспомніў раптам пра сваю кузню на ўскраі вёскі.
А яшчэ яму нагадаўся садок.
Каторы дзень лепіць і лепіць снег з дажджом, але ж ці гэта для садка вада? Пад кожную яблыню, грушу ці сліву-венгерку трэба на зіму выліць вёдзер з трыццаць пяць. I поўных! Потым яшчэ над карэннямі зямлю мусова абкласці пластом гною — толькі тады дрэвы здольны накапіць дастаткова сокаў і пад канец лета дадуць табе фрукт — хоць заваліся. Аднак і пасля глядзі ва ўсе вочы. Пільнуй, каб дрэвы не памарнавалі чэрві, бо сакавітае лісце ад сытага дзерава для валахатага чарвяка — цукерачкі. З нашэсцем гусеніц ніякія вераб'і не змогуць справіцца?
А пропалісу колькі засталося ў вуллях?
Надта цягнула прыкласці вуха да вулляў і паслухаць пчолак. Ці жывыя яны? Ці не завяліся ў іх мышы? Бульбе цяпер ад каларадскага жука летам няма ратунку, але ж з той самай «Амэрыкі» прыйшоў і пракляты варатоз. Кляшча гэтага ніхто толкам не ведае як і зводзіць...
Ні садка паліць, ні пропалісу ўзяць, ні праверыць пчолак на варатоз не паспеў.
Ну і што, калі развітаўся з дрэвамі і вуллямі назаўсёды — паміраць збірайся, а жыта сей. Зрэшты, паліваць садок на зіму, як і скрэбціся ў вуллях тады было яшчэ надта рана — так, напэўна, усё і засталося да снегу.
Ад балота цэлы загончык задзічэлых грушак вымахаў больш як на метр. Яшчэ вясной можна было іх прышчапіць. Але вырашыў — хай дзічачкі крыху падрастуць, укараняцца добра і ўзмацнеюць. Хто іх цяпер раздзічыць? Зараз на хутары зусім чужыя людзі — перасяленцы з-пад Караганды. Мажліва, яны і сумленныя ды гаспадарлівыя, але ж ім яшчэ, напэўна, не да яблынь і груш — самі не абсталяваліся як след. Трэ хоць падказаць людзям, бо дрэвы ж ні ў чым не вінаватыя. Хоць яны і жывыя, але — бездапаможныя, бы малыя дзеці.
Лаўрэну невыносна захацелася ў сваю вёску, дзе ў яго ўсё гэта было.
А яшчэ кожны дзень, кожная гадзіна і нават мінута былі ў яго там напоўненыя аж да самых краёў. Ды былі напоўненыя гэткім хвалюючым і значным зместам, што, здавалася, цэлы свет на ім клінам сышоўся.
Збіраўся Лаўрэн у Зялёную Даліну і раней — Уладзік абяцаў завезці. Для блізіру нават аднекваўся — бытта няма чаго яму туды перціся, няма на што глядзець, няма каго слухаць, няма нічога там цікавага. Але на самай справе чакаў гэтага, як самага вялікага свята, і аніяк не мог дачакацца.
Да суднай гадзіны сваёй гэтак можна цягнуць ды выглядваць — мала чаго наабяцае каму Уладзік.
I Лаўрэна агарнула ўжо такая прага хутчэй быць на хутары, што ён цвёрда вырашыў — хопіць чакання. Што, палонны ці які парабак ён у сыноў і нявестак? Заўтра, каб нават валіўся з трэскам і дагары нагамі станавіўся цэлы свет, а ён з самай раніцы абавязкова туды адправіцца.
ГАРАДСКІ ДАБРАБЫТ. ПТУШКІ, ГНЁЗДЫ І СІЛА ГЕНЕТЫЧНАЙ ПАМЯЦІ
1
Як звычайна, Лаўрэн устаў вельмі рана — сваім сіпатым металёвым галаском зязюлька ў насценным гадзінніку пракукавала толькі пяць разоў. Па тым, як лёгка адарваўся ад сну, вызначыў — выспаўся аж занадта. Прачнуўся з сэрцам, напоўненым радасным чаканнем — бы ў далёкай і светлай маладосці перад танцамі і вечарынкай. Каб нікога не трывожыць, святла не ўключаў. Пастаяў у зале ля акна. Паўзіраўся на мутныя агні соннага горада ды вызначыў — з неба зноў шлёпае густая макрэнь. Але зараз стала яму ўсё роўна. Пакурыўшы ля форткі, успомніў пра свае грошы — трэба ж будзе купіць білеты ды, відаць, у калгаснай сталоўцы папалуднаваць.
Читать дальше