Цяпер у яго бляшанцы ляжала больш шасці соцень — уся скрыначка набічкавана «гатоўкай».
Навобмацак зняў з шафы бляшанку. Выграб верхняга чырвонца ды піхнуў у кішэню штаноў.
Тады вывалак са схованкі, паставіў у прыхожай боты з доўгімі халявамі — на вёсцы цяпер самая гразюка, а ўсе дарогі развезла на кісель. Абутак звечара, хаваючыся ад сваіх, старанна пашмараваў разагрэтым свіным тлушчам — як рабіў і ў сябе на вёсцы ў слякотныя дні, а для большай пэўнасці нацягнуў цэлафанавыя мяшочкі і толькі тады абуў боты.
Параўнаў кажушок з курткай. Спыніўся на апошняй — таксама цёплая, затое лёгенькая — бытта з павуцінкі ды і вада да яе не прыстае.
Цяпер завагаўся: адпраўляцца да снядання ці — пасля. На гэты раз Уладзік начаваў дома, і Лаўрэн вырашыў — аб сваім намеры сыну аб'явіць за сталом.
Падрыхтаваўшыся гэтак, сам сабе скамандаваў —ну, Лаўрэне, хопіць табе, хлопец, тут іграцца, як пан Вішпінг, хопіць цягнуць рызіну!
Скатаў на падлозе матрац, піхнуў яго на антрэсолі. Прасцірадла, як звычайна, акуратна склаў цаглінкай і кінуў на табурэтку. Затым выняў з шуфляды электрабрытву, што падараваў сын, калі бацьку споўнілася семдзесят пяць. Доўга тыкаў у сцяну вілкай, шукаючы разетку. Знайшоўшы, пачаў галіцца.
Заспаная Кіра неўзабаве прыйшла будзіць малога — Ігара гэтак рана чакаў дзіцячы садзік. Адзела яго і закамандавала:
Мыцца бяжы! Толькі там — без фокусаў, бо я цябе ведаю! I не налівай!
Узэ не буду...
Калі абоё пайшлі, сонная Святланка гупнула босымі нагамі на падлогу, выцягнула начнічок ды прысела. Зрабіўшы сваю справу, зноў юркнула пад коўдру і на хвіліну зусім прачнулася.
Дзяду-уля, чаго так рана ўстае-еш?! — прасіпела надта здзіўлена.
— Трэбо, унучка.
Хвіліну думала.
Дзе-ед, а было так, каб ты прачнуўся позна?
Хто яго ведае, не думаў над гэтым.
А ты падумай!
Мо і здараласа...
А ў колькі?
Мо калі і ў сем, як шчэ твая баба жыла...
Ой, о-ой, у се-ем, умо-ора! А мы ў нядзелю ўстаём у дзе-е-сяць! I — пазне-ей! А я магу — і ў двана-аццаць! А табе — у сем позно, умо-ора!
То хай пойдзе табе гэто на здароўе, унучка. Бо чаму і не паляжаць табе, калі можно. Праўда?
Але малая ўжо, сагнуўшыся, як складаны ножык, сапла носікам у глыбокім сне.
Пад грузным мужчынскім целам праскрыпеў паркет — па кватэры хадзіў ужо і сьш.
Жонка на Уладзіка напала:
Прыехаў?
Ну, сама бачыш...
А чаго-о? Каб зноў да вечара праляжаць пад халернымі сваімі «Жыгулямі»? Дзеля гэтага мог і не прыязджаць!
Унь як спатыкаеш свайго мужа?
А як мне цябе спатыкаць — з аркестрам?! Шчэ гэты стары пад нагамі тут блытаецца на кожным кроку!..
Но, но-о, уважай на заднія скрэнты!..[ 46 46 Думай, што гаворыш (характэрная для Гродзеншчыны прымаўка).
]
Што «но-о»? I на якія скрэнты мне яшчэ ўважаць, мала мне скрэнтаў сваіх? Мо няпраўду кажу? Раней у цябе была неразлучная кампанія для выпіўкі і гульні ў даміно, а цяпер новую завёў — гэтай заразе аддаешся і нават не ведаеш, што робіцца дома! Чакаеш, чакаеш яго з рэйса, ён нарэшце з'явіцца і не глядзіць, як ты тут разрываешся ды жылы з сябе цягнеш,— нічога лепшага не прыдумае, як адразу мэнтнуць у пракляты гараж! Каб ён сінім агнём згарэў разам з тваёй машынай! Каб тую тваю буду перуны ўшчэнт разнеслі і не пакінулі следуі
I чаго ты ад мяне, бабо, хочаш? — агрызнуўся муж.— Лодыра ганяю ці — укалываю? Ну, скажы!
Нейкі час толькі чуваць было, як бразгае посуд.
Б-бляха, тыраю, як пракляты, дзень і ноч, дзень і ноч, бы той цягавіты вол які! Грошы табе прыношу? Прыношу! Табе іх мала? Скажы, скажы, мо ў тваіх сябровак мужыкі болей прыносяць сваім жанкам?
Бытта ў мяне сяброўкі ёсць! Бытта я маю час з кім сябраваць! З-за такога мужыка мне няма калі нават словам перакінуцца са сваёй роднай мацерай, а не з людзьмі!
Ты не выкручвайся, а кажы — тваім напарніцам па рабоце мужыкі больш грошай прыносяць?
Праз хвіліну:
А-а, няма чым крыць?! Так табе, бабо, чаго яшчэ трэба — марцыпанаў.
Марцыпанаў ты дастаць можаш, я ведаю!
Ну-у?
Лепш на зіму мне вокны заклей! Сын фіранку сарваў з акна — цвік прыбі мне!
Не-е, бабскую работу выконваць і не думаю! Тут ты ўжо, кабето, пайшла к д'яблу!
От і пагавары з табой!..
Не дай бог, як нядружна жылі яго сын з нявесткай. Ледзьве што якое, так і счэпяцца, так і скачуць адно аднаму да морды. Лаўрэн не раз думаў пра гэта, успамінаючы сябе маладым. Не, такога ў іх з Нінай, здаецца, не было. Ну, бурчэлі крыху адзін на аднаго, голас павышалі, але ж каб — аж так?!. Хіба ж можа быць у сям'і толк, калі не паважаць адзін аднаго і не ўступаць адзін аднаму? Тут і нябожчыца Нінка згадзілася б, напэўна.
Читать дальше